Мазырскі гісторык: пра што нельга забываць, калі мы гаворым пра ўз’яднанне нашага народа ў 1939 годзе

119

Па ўмовах Рыжскага дагавора Беларусь страціла свае заходнія тэрыторыі. Які шлях давялося прайсці беларускаму народу, каб зноў здабыць адзінства?

Войны палітыкаў

У выніку Першай сусветнай вайны і рэвалюцый, якія адбыліся ў тыя часы, распаліся чатыры імперыі, у тым ліку Расійская і Германская. Гэта прывяло да ўзнікнення шэрагу дзяржаў, сярод якіх была і Польшча. Яна аднавіла сваю дзяржаўнасць у лістападзе 1918 г. Кіраўніцтва польскай дзяржавы на чале з Юзэфам Пілсудскім марыла аб аднаўленні Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г. – краіны «ад мора да мора». У сувязі з гэтым яно імкнулася беларускія і украінскія зямлі ўключыць у свой склад. Гэта стала адной з прычын польска-савецкай вайны 1919–1921 гг.

Вайна скончылася падпісаннем міра ў Рызе 18 сакавіка 1921 г. Ён быў падпісаны паміж Польшчай з аднаго боку і делегацыямі РСФСР і Украіны – з другога.

Рыжскі мірны дагавор складаўся з 26 артыкулаў і 10 дадаткаў, ён узаконіў захоп Польшчай часткі беларускіх і ўкраінскіх зямель. Паводле гэтага дагавора, бакі, якія яго падпісалі, абавязваліся паважаць дзяржаўны суверэнітэт адзін аднаго, адмаўляліся ад умяшання ва ўнутраныя справы і іншае. Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання.

На тым беразе

Уладамі Заходняя Беларусь разглядалася як аграрна-сыравінны прыдатак прамысловых рэгіёнаў этнічнай Польшчы, крыніца таннай працоўнай сілы.

80 % насельніцтва Заходняй Беларусі жыло ў вёсцы. Зямлі ў сялян было мала, тут панавала памешчыцкае землеўладанне. Акрамя таго, польскі ўрад раздаваў землі асаднікам, былым чыноўнікам і ваенным, за гэта яны выконвалі паліцэйскія функцыя і наглядалі за мясцовым насельніцтвам.

Цяжкія ўмовы жыцця прымушалі беларусаў шукаць лепшай долі па-за межамі краіны. У сувязі з гэтым на працягу 1921-га па 1939 г. Заходнюю Беларусь пакінула паводле розных падлікаў ад 120 да 150 тысяч чалавек.

Беларусы ў польскай дзяржаве лічыліся людзьмі «другога» гатунку. Праводзілася палітыка паланізацыі. Калі ў 1919 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі працавала 359 беларускіх школ, то ў 1939-м не засталося ніводнай. Да і польскіх школ было недастаткова. На верасень 1939-га амаль 130 тысяч дзяцей школьнага ўзросту засталіся па-за межамі адукацыйных устаноў.

Колькасць беларускіх газет і часопісаў скарачалася. Калі у 1927 г. легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1939 г. – 8. Зачыняліся нешматлікія клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, створаныя ў папярэднія гады беларускай грамадскасцю.

Служачыя і рабочыя беларускай, украінскай, літоўскай і яўрэйскай нацыянальнасцей на чыгунцы, камунальных прадпрыемствах і ў дзяржаўных установах замянялі палякамі, якіх прысылалі найчасцей з цэнтральных раёнаў Польшчы.

Польскія ўлады імкнуліся ўсяляк паменьшыць колькасць беларусаў падчас перапісаў насельніцтва, а напрыканцы 1930-х узнікла ідэя «перакроіць» заходніх беларусаў, перасяліўшы іх у цэнтральную частку Польшчы, а частку насельніцтва адтуль – на ўсход.

Час вызвалення прыйшоў

Самі беларусы так не лічылі і змагаліся за свае правы.

У першай палове 1920-х гадоў яны вялі партызанскую, а потым перайшлі да легальных шляхоў барацьбы: удзельнічалі ў выбарах ў польскі Сейм, стваралі розныя суполкі з мэтай абароны сваіх правоў і культуры. Польскія ўлады людзей, якія выступалі за свае сацыяльныя і нацыянальныя правы накіроўвалі ў турмы, у тым ліку і сумна вядомы канцлагер ў Бярозе Картузкай.

1 верасня 1939 г. нападам Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Звязаныя з Польшчай дагаворам аб узаемнай дапамозе, Англія і Францыя 3 верасня 1939 г. аб’явілі вайну Германіі. Аднак практычна ваенных дзеянняў супраць фашысцкай Германіі яны не распачалі.

Урад і ваеннае камандаване Польшчы не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону краіны. Нямецкія войскі хутка набліжаліся да заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх зямель. 16 верасня Урад Польшчы пакінуў краіну.

У такіх умовах Урад СССР выступіў 17 верасня 1939 г. з Заявай, што «Польское государство и его правительство перестали существовать, а следовательно, договоры, заключенные между СССР и Польшей, прекратили свое действие. В связи с этим Советский Союз не может оставаться нейтральным и вынужден взять под защиту единокровное украинское и белорусское население, а также снять нависшую угрозу границам СССР».

Раніцай 17 верасня 1939 г. наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў уручыў польскаму паслу ў Маскве Ноту Савецкага Урада, у якой паведамлялася, што ў сувязі з такім становішчам «Советское правительство отдало распоряжение Главному командованию Красной армии отдать приказ войскам перейти границу и взять под свою защиту жизнь и имущество населения Западной Украины и Западной Беларуси».

Чырвоная армія атрымала загад не выкарыстоўваць артылерыю пры ўзяцці гарадоў і гуманна ставіцца да польскіх ваеннапалонных.

Аднак былі і жорсткія баі. Значныя страты панесла Чырвоная Армія падчас наступлення на Гродна 20–21 верасня. Агульныя страты Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі да канца верасня склалі каля тысячі забітымі і больш двух тысяч параненымі.

Адпаведна аператыўным зводкам Чырвонай Арміі 17 верасня былі ўзяты Глыбокае, Маладзечна, Валожын, Баранавічы, Сноў, Карэлічы, Мір; 18-га – Слонім, Навагрудак, Ваўкавыск; 19-га – Пружаны і Кобрын; 20-га –Гродна; 22-га–Брэст-Літоўск. Да 25 верасня Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія кантралявала ўсю тэрыторыю Заходняй Беларусі. Вызваленчы паход заняў крыху больш тыдня.

Большасць насельніцтва Заходняй Беларусі пасля амаль двадцацці гадоў нацыянальнага, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага прыгнёту вітала Чырвоную Армію як вызваліцельніцу.

Новае жыццё

Адначасова з рухам Чырвоннай Арміі на тэрыторый Заходняй Беларусі пачалі стварацца новыя органы ўлады. У ваяводскіх і павятовых цэнтрах гэта былі часовыя ўправленні, у мястэчках і вёсках – сялянскія камітэты.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі 22 кастрычніка 1939 г. адбыліся выбары прадстаўнікоў Народнага сходу, які працаваў 28–30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. У ім удзельнічалі 926 дэпутатаў. Народны сход абвясціў устанаўленне Савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі, канфіскаваў памешчыцкія землі, нацыяналізаваў банкі і буйную прамысловасць. Сход абвясціў 17 верасня Днём вызвалення заходнебеларускіх працоўных ад прыгнёта буржуазіі і памешчыкаў

Народны сход звярнуўся з просьбай да ўрада СССР прыняць Заходнюю Беларусь у склад СССР і аб’яднаць яе з БССР.

2 лістапада 1939 г. V пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета СССР задаволіла просьбу Народнага сходу аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднаніі яе з БССР.

Выніковым заканадаўчым дакументам з’явілася пастанова пазачарговай III сесіі Вярхоўнага Савета БССР ад 12 лістапада 1939 г. аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР. Беларускі народ атрымаў магчымасць развівацца ў межах аднага дзяржаўнага ўтварэння.

У выніку ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР яе тэрыторыя павялічылася да 223 тыс. км2, а кольскась насельніцтва склала 10,2 млн чалавек.

Газета «Звязда» 15 лістапада 1939 г. паведамляла: «Па тэрыторыі і насельніцтву Савецкая Беларусь стала больш многіх еўрапейскіх капіталістычных дзяржаваў, стала магутнейшай крэпасцю Савецкага Саюза на яго заходніх рубяжах з капіталістычным светам».

Падзеі восені 1939 г. ліквідавалі несправядлівыя ўмовы Рыжскага міра, які падзяліў Беларусь па «жывому», без уліку этнічнага прынцыпу, што было трагедыяй для беларускага народа, стасункі паміж сваякамі па абодва бакі мяжы былі немагчымымі на працягу 18 гадоў.

Такім чынам, у верасні–лістападзе 1939 г. адбыўся завяршальны этап працэссу ўз’яднання этнічных беларускіх зямель у складзе адной дзяржавы. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР было актам гістарычнай справедлівасці.

Нам, беларусам, трэба глядзець на ўласную гісторыю ўласнымі вачамі і аналізаваць, што тыя ці іншыя падзеі далі нашаму народу, нашай дзяржаўнасці.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка ад 7 чэрвеня 2021 г. 17 верасня стала дзяржаўным святам – Днём народнага адзінства.

Таццяна НІКІЦІНА, мазырскі гісторык-краязнаўца


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: