Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года кардынальна змяніла грамадска-эканамічнае становішча краіны, адбыўся гвалтоўны злом капіталістычнага грамадства і ўзяты курс на пабудову сацыялістычнага. Адбыліся глабальныя змены ў сістэме міжнародных адносін, паскорыліся рэвалюцыйныя працэсы і нацыянальна-вызваленчыя рухі ў свеце.
Свет не будзе ранейшым…
У 1914 г. паміж дзвюма групоўкамі буйнейшых імперыялістычных дзяржаў – Траістым саюзам (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія) і Антантай (Вялікабрытанія, Францыя, Расія) пачалася Першая сусветная вайна, якая вялася за перадзел ужо падзеленага свету.
Вайна абвастрыла супярэчнасці, якія хвалявалі грамадства розных краін. Гэта прывяло да распаду імперый: Австра-Вянгерскай, Асманскай, Германскай і Расійскай. У склад апошняй у тыя часы ўваходзілі і беларускія землі.
На пачатку вайны ў грамадстве Расійскай імперыі панавала думка пра яе неабходнасць. Летам 1914 г. па ўсёй краіне праводзіліся маніфестацыі ў падтрымку ўдзелу царызму ў вайне. Яе падтрымалі і ўсе палітычныя партыі, за выключэннем бальшавікоў.
Большасць жыхароў Мазыршчыны напачатку вайны ставілася да яе з разуменнем. У Мазыры ствараліся грамадскія арганізацыі па аказанні дапамогі параненым вайскоўцам, праводзіліся дабрачынныя мерапрыемствы, сродкі ад якіх накіроўваліся на патрэбы арміі і бежанцаў, збіраліся сродкі для Чырвонага Крыжа, жанчыны шылі бялізну для вайскоўцаў і іншае.
Летам 1915 г. ваенныя дзеянні пачаліся на Беларусі. У канцы верасня–пачатку кастрычніка 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск–Смаргонь–Баранавічы–Пінск. У выніку гэтага заходняя частка Беларусі была захоплена германскімі войскамі, дзе ўсталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым, а ўсходняя частка стала прыфрантавой паласой, на якой дыслацыраваліся войскі больш чым паўтарамільённага расійскага Заходняга фронту.
Нягоды ваеннага часу
Скарачэнне рабочай сілы ў выніку мабілізацыі, прыцягнення сялян на абарончыя работы і ахову транспартных аб’ектаў прывяло да таго, што стан сялянскай гаспадаркі пагоршыўся.
Скараціліся пасяўныя плошчы, паменшылася агульнае пагалоўе жывёлы. Вялікім цяжарам для сельскага насельніцтва прыфрантавых губерняў сталі рэквізіцыі жывёлы, хлеба і фуражу, якія сістэматычна праводзіліся і ваеннымі, і грамадзянскімі ўладамі. Зачыняліся прамысловыя прадпрыемствы, заставаліся працаваць толькі тыя, што выконвалі ў асноўным ваенныя заказы. Моцна скарацілася вытворчасць тавараў народнага спажывання.
Праблемай для Беларусі сталі бежанцы, якія ў вялікай колькасці з’явілiся летам і восенню 1915 г. Сотні тысяч людзей зрываліся з наседжаных месцаў і накіроўваліся ў глыб імперыі.
Частка з іх запоўніла гарады і мястэчкі неакупіраванай Беларусі. Узнікла праблема, звязаная з іх рассяленнем, пошукамі сродкаў да іх існавання. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Голад i кепскія жыллёвыя ўмовы спрыялі развіццю хвароб.
Рост дарагоўлі, спекуляцыя таварамі першай неабходнасці прыводзілі да пагаршэння становішча большай часткі насельніцтва. Гэта вяло да сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і росту антыўрадавых настрояў.
Армія, якая звычайна была апорай царызму, «стамілася» ад вайны. Ужо на пачатку 1917 г. праблемай стала дэзерцірства. У войсках павялічылася колькасць выпадкаў калектыўнай здачы ў палон і стыхійных братанняў з салдатамі праціўніка.
Лютаўскі пралог
23 лютага 1917 г. у Петраградзе пачаліся мітынгі і дэманстрацыі пад лозунгамі «Далоў вайну!», «Далоў самадзяржаўе!». На бок рабочых перайшлі салдаты Петраградскага гарнізона. У такіх умовах 2 сакавіка 1917 г. цар Мікалай ІІ адрокся ад трона.
Лютаўская рэвалюцыя знішчала манархію ў Расійскай дзяржаве на працягу 8 дзён барацьбы. Яна, па меркаванням У. І. Леніна, перамагла так хутка таму, што ў народаў Расіі быў вопыт рэвалюцыйнай барацьбы ў 1905–1907 гг. і таму, что ў лютым 1917 г. супраць улады Мікалая ІІ выступілі разам «совершенно различные потоки, совершенно разнородные классовые интересы… Именно: заговор англо-французских империалистов, толкавших Милюкова и Гучкова к захвату власти в интересах продолжения империалистской войны… А с другой стороны, глубокое пролетарское и массовое народное (все беднейшее население городов и деревень) движение революционного характера за хлеб, за мир, за настоящую свободу».
У выніку Лютаўскай рэвалюцыі ў краіне ўсталявалася дваеўладдзе. З аднаго боку, з дэпутатаў Дзяржаўнай думы быў створаны Часовы ўрад Расіі, дзе кіруючай партыяй былі кадэты. З другога – быў абраны Петраградскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім большасць месцаў атрымалі меншавікі і эсэры.
Рэвалюцыйныя падзеі закранулі і неакупіраваную частку Беларусі, дзе на працягу двух месяцаў было створана 37 Саветаў. Галоўнай задачай яны лічылі абарону эканамічных і палітычных правоў рабочых і салдат. Часовы урад на Беларусі падтрымлівалі Часовы Грамадскі Камітэт Парадку, губернскія і павятовыя камісары, якія прызначаліся Часовым урадам, прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху.
З радасцю сустрэлі Лютаўскую рэвалюцыі і мазыране. Калі пра яе перамогу стала вядома ў Мазыры, тады на двары мужчынскай гімназіі адбыўся агульнагарадскі мітынг, дзе аратары казалі пра тое, што ўжо трэці год ідзе вайна, якая патрабуе кожны дзень новых ахвяр, і спыніць яе можа толькі народ. 5 сакавіка, у нядзелю, была праведзена дэманстрацыя пад лозунгамі «Да здравствует революция!», «Долой войну!». Шырокія слаі насельніцтва віталі Лютаўскую рэвалюцыю, і таму многія ўдзельнікі дэманстрацыі мелі на грудзях чырвоныя стужкі.
Часовы ўрад, які прыйшоў да ўлады, не спяшаўся вырашаць пытанні, якія хвалявалі грамадства. Ён лічыў, што ўсе гэтыя пытанні будзе вырашаць Устаноўчы сход, аднак пачатак працы яго пераносіўся на больш познія тэрміны. Час для правядзення рэформаў у краіне быў страчаны. Крызіс паглыбляўся.
У жніўні 1917 г. сілы контррэвалюцыі паспрабавалі здейсніць дзяржаўны пераварот і ўсталяваць ваенную дыктатуру Карнілава, але гэта спроба правалілася. Бальшавікі на сваём VI з’ездзе РСДРП(б), абвясцілі падрыхтоўку ўзброеннага паўстання і правядзення сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі.
Мазыр – за рэвалюцыю
Настроі насельніцтва краіны ў восень 1917 г. знайшлі яскравае адлюсраванне ў рашэннях V з’езда сялянскіх дэпутатаў Мазырскага павета: «7 месяцев революции показали, что правительство… почти ничего не делает для измученной, разоренной и обездоленной страны. Земля до сих пор не передана народу. Братоубийственная грабительская война продолжается, и ничего не делается для ее окончания. Продовольственная разруха растет все больше и больше, грозит погубить страну, а правительство капиталистов не хочет и не способно вести решительной борьбы c разрухой».
Часовы ўрад за перыяд свайго кіравання краінай не здолеў вырашыць ніводнае пытане: ні аграрнае, ні нацыянальнае, ні пра выхад Расіі з вайны. Гэта вяло да ўзмацнення нацыянальных рухаў на акраінах і пазіцый бальшавікоў у цэнтры краіны.
У такіх умовах адбылася трэцяя па ліку рэвалюцыя ў Расіі. У ноч з 24 на 25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе пачалося ўзброенае паўстанне рабочых і салдат. Увечары 24 кастрычніка паўстанцы авалодалі поштай, тэлеграфам, вакзаламі, мастамі. Толькі Зімні дварэц заставаўся пад кантролем Часовага ўрада, але і ён быў абкружаны атрадамі Чырвонай гвардыі.
Раніцай 25 кастрычніка была апублікавана адозва, якая абвясціла пра пераход дзяржаўнай улады ў рукі органа Петраградскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. У ноч з 25-га на 26 кастрычніка паў Зімні дварэц – апошні аплот Часовага ўрада.
Удзельнік рэвалюцыйных падзей у Петраградзе, ураджэнец Мазыршчыны А. Кухнавец успамінаў: «В ночь с 25-го по 26 октября гарнизон Зимнего капитулировал. Члены Временного правительство были арестованы и отправлены в Петропавловскую крепость. Вечером 25 октября в Смольном открылся ІІ Всероссийский съезд Советов».
За ўладу Саветаў
ІІ Усерасійскі з’езд Саветаў, які працаваў у Петраградзе 25–26 кастрычніка 1917 г., абвясціў пра пераход ўлады да Саветаў. Быў створаны ўрад – Савет Народных Камісараў на чале з В. І. Леніным. На з’ездзе былі прыняты першыя дэкрэты Савецкай улады: «О мире», «О земле».
Савецкая ўлада ўсталявалася ў шэрагу гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама ў 2-й, 3-й і 10-й арміях Заходняга фронту. Важную ролю ва ўсталяванні Савецкай улады на неакупіраванай тэрыторыі Беларусі адыгралі вайскоўцы. Да канца снежня 1917 г., паводле архіўных дакументаў, Савецкая ўлада ўсталявалася і на тэрыторыі Мазырскага павета.
Савецкая ўлада пачала праводзіць пераўтварэнні. Правялі нацыяналізацыю прамысловасці і банкаў, усталявалі кантроль над вытворчасцю і размеркаваннем прадуктаў, увялі 8-гадзінны працоўны дзень, была праведзена канфіскацыя памешчыцкіх зямель, сталі стварацца першыя сялянскія калектыўныя гаспадаркі, увялі бесплатную адукацыю, пачалася работа па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва і іншае.
Таццяна НІКІЦІНА,
мазырскі гісторык-краязнаўца




