Паспрабаваць рэалізаваць мару аб футбольнай кар’еры юныя мазыране могуць у «Славіi-Мазыр»

143

Футбол — вiд спорту, якi цiкавiць бадай што кожнага другога дарослага мужчыну, i хлопчыкi — не выключэнне.

Паспрабаваць рэалізаваць мару аб футбольнай кар’еры могуць і юныя мазыране. Падрыхтоўкай спартсменаў у городзе и раёне займаецца «Футбольны клуб «Славія-Мазыр». Умовы і акалічнасці навучання абмеркавалі з начальнікам аддзела развіцця маладзёжнага футбола «Славія-Мазыр» Вадзімам Цябусам.

– Вадзім Мікалаевіч, раскажыце падрабязней пра работу з юнымі футбалістамі.

– Наш аддзел існуе з 2013 года. Навучанне зараз прахо­дзяць 350 дзяцей. Гэта групы 12-ці ўзростаў: самая старэйшая – навучэнцы 2006 года нараджэння, самая малодшая  – 2017.

– З якога ўзросту можна прыводзіць дзяцей на заняткі ў гэтым годзе?

– Зараз набіраем самую малодшую групу. Гэта дзеці 2016 і 2017 гадоў нараджэння. Лепшы ўзрост для пачатку заняткаў – 9 гадоў. Своечасова будзе прывесці дзяцей і да 10–12 гадоў. Калі пачынаць пазней, то будзе ўжо проста складана адаптавацца і настроіцца.

– На што звяртаюць увагу трэнеры пры адборы?

– Напачатку глядзяць на жвавасць дзіцяці, зкардынаванасць і хуткасць. Непаседлі­васць і рухавасць тут будзе вялікім плюсам. Ну і здароўе. Абавязкова наяўнасць даведкі аб стане здароўя. Не павінна быць ніякіх супрацьпаказанняў. Гэта пытанне ў нас на асаблівым кантролі. Двойчы ў год мы нікіроўваем на медычны агляд усіх сваіх выхаванцаў і пры выяўленні нейкіх праблем са здароўем проста не маем права дапускаць да трэніровак.

– Дзе праходзіць навучанне?

– Большасць заняткаў праходзіць на стадыёне «Спартак» па вуліцы Фрунзэ, 38, але ў гэтым годзе мы яшчэ адчыняем спецклас для дзяцей 2013 года нараджэння на базе СШ № 11. Там будуць весці заняткі нашы маладыя трэнеры.

– Колькі заняткаў на ты­дзень для пачатковага звяна?

– На тыдзень прыходзіцца 6 гадзін заняткаў. Гэта тры трэніроўкі па 45–75 хвілін і гульня.

– А што тычыцца інвентару, платы за навучанне?

– Патрэбна набыць спартыўны абутак: для залы – кеды і асобныя красоўкі для поля. І спартыўная форма: шорты, футболка – гэтыя акалічнасці дадаткова абмяркоўваюцца з трэнерам, але ўсё даволі дэмакратычна. Навучанне ў нас бясплатнае. Нягледзячы на ўзросшыя кошты за арэнду памяшканняў, усе асноўныя выдаткі стараецца несці клуб. Адзінае – мы можам звяртацца за частковай фінансавай падтрымкай да бацькоў падчас нейкіх выязных спабор­ніцтваў. Гэта можа быць аплата ўзноса і харчавання. Аднак гаворка тут не пра нейкія сістэматычныя і фіксаваныя сумы.

– Колькі цягнецца ўвесь тэрмін навучання?

– У нас 4 гады ліцэнзавання. Гэта хлопцы 2009–2006 гадоў нараджэння. Старшая група па спаўненні 18-ці гадоў атрымлівае магчымасць патрапіць у дубліруючы склад каманды. Гэта вяршыня нашага аддзела, тое да чаго мы вядзем усіх навучэнцаў. Пасля дублю гульцу адчыняецца дарога ў асноўную каманду. Калі ў асноўны склад трапіць не атрымаецца, ёсць магчымасць пайсці ў каманды другой лігі – «Вертыкаль» і «НПЗ». Акрамя таго, ёсць яшчэ арэнда ў першую лігу. Мы імкнемся ўладкаваць усіх сваіх выхаванцаў.

– Калі ўзгадваць нейкія імёны вашага клуба, каго б адзначылі?

– Андрэй Варанкоў – наш выхаванец, прызёр мала­дзёжнага чэмпіянату Еўропы, удзельнік алімпіяды, быў гульцом нацыянальнай зборнай, зараз форвард брунейскага DPMM FC. Дзяніс Лапцеў і Глеб Шаўчэнка – гульцы на­цыянальнай зборнай. Першы зараз гуляе за БАТЭ, другі – у складзе маскоўскага «Тарпеда».

– Куды звяртацца каб запісацца на заняткі?

– На сайце клуба fcslavia.by ў раздзеле «Каманды» ёсць укладка «Дзіцячыя каманды». Там нумары тэлефонаў нашых трэнераў розных узроставых груп. Каб даведацца куды і калі падысці для прагляду, трэба дамаўляцца з імі. Набор ажыццяўляецца ўжо зараз.

Алена ТУРАВЕЦ,
пазаштатны аўтар.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: