Яна дапамагае нам не страціць горкія альбо лепшыя ўспаміны аб родным краі, подзвігах ці дасягненнях славутых землякоў, якія сумленна працавалі на карысць сваёй вялікай і малой радзімы, зрабілі значны ўнёсак у развіццё навукі, культуры.
Аб захаванні гэтага каштоўнага багацця дзеля нашчадкаў наша сёняшняя гутарка з ветэранам педагагічнай працы (больш 50 год аддаў сістэме адукацыі, зараз на заслужаным адпачынку), беларускім мовазнаўцам і краязнаўцам Васілём Шурам.
Сяброўства са словам
– Васіль Васільевіч, больш як паўвеку Вы прысвяцілі адукацыі. Як пачынаўся Ваш шлях у навуку?
– Па вялікаму рахунку маё нараджэнне прыйшлося на першыя пасляваенныя гады (1946 год) і таму за маім пакаленнем замацаваўся статус «дзеці вайны». Мая малая радзіма – вёска Стадолічы, што ў Лельчыцкім раёне, – захавала за сабой назву «партызанка». Яе жыхары пацярпелі ад фашысцкага генацыда. Дзецям вайны прыйшлося няпроста жыць у першыя пасляваенныя гады. Відаць, бацькоўскае выхаванне і прага да адукацыі зрабілі сваю справу.
– Што паспрыяла Вам звязаць свой лёс з педагогікай?
– У 1967 годзе я скончыў Мазырскі педагагічны інстытут. Пасля службы ў войску першыя крокі ў асвету зрабіў у якасці настаўніка у Лельчыцкім раёне. А з 1969 года і да выхаду на заслужаны адпачынак мой лёс цесна пераплёўся з Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам (спачатку ён насіў імя Н. К. Крупскай, а потым – І. П. Шамякіна). Працаваць у залежнасці з вопытам, павышэннем кваліфікацыі і ростам прафесійнага майстэрства прыйшлося на розных пасадах: быў дэканам факультэта педагогікі і методыкі пачатковай адукацыі, дзесяць год загадваў кафедрай беларускага мовазнаўства. Потым быў сакратаром парткама інстытута і ўніверсітэта, займаў пасаду прафесара кафедры беларускай і рускай філалогіі, займаўся даследаваннем, навуковым асэнсаваннем і выкладаннем моўнай спадчыны нашага народа.
– Відавочна, што сваёй справе Вы прысвяцілі шмат гадоў…
– Так і ёсць. Сфера маіх навуковых інтарэсаў была заўсёды адзіная – служыць роднаму слову і мове. Тэма, якая, нібы нітка Арыядны, прайшла праз усё маё жыццё, уключала ў сябе беларускую лексікалогію, лексікаграфію, літаратурную анамастыку, краязнаўства, таму навуковыя працы ў розныя часы ляглі ў аснову некалькіх аўтарскіх манаграфій. Гэтай тэме прысвечана больш 300 навуковых прац. Асноўныя з iх – манаграфіі, праграмы з рэспубліканскімі грыфамі, прысвечаныя анамастычным праблемам – функцыянаванню, паходжанню уласных імёнаў – тапонімаў, прозвішчаў, псеўданімаў.
Навука на карысць грамадства
– Улічваючы, што асноўная частка вашага жыцця звязана з Мазырскім педагагічным універсітэтам, то напэўна і навуковая дзейнасць больш звязана з гэтым рэгіёнам?
– Лічу, што мне пашчасціла жыць і працаваць у такім прыгожым краі. Мазыршчына – унікальны рэгіён Палесся, як і яго людзі, прырода, ландшафт, горадаўтваральныя прадпрыемствы, такія як нафтаперапрацоўчы і солевыварачны заводы, слынныя на сусветным узроўні, культурныя ўстановы. Гэта ўсё тое, што легла ў аснову творчай дзейнасці мясцовых пісьменнікаў і паэтаў, працягваючы эстафету вядомых класікаў, дапаўняючы спадчыну гэтага краю сучаснымі матывамі. Цудоўныя старонкі, звязаныя з Мазыром, ёсць ў творчасці Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі і іншых беларускіх пісьменнікаў. Дарэчы, станаўленне апошняга, яго ўзыходжанне ў вялікую літаратуру, я добра паказаў у манаграфіі «Малая і вялікая радзіма ў анамастыконе пісьменнікаў», дзе класік падрабязна апісвае мазырскі край, а яго літаратурныя персанажы – гэта рэальныя палешукі на кожнай старонцы.
– Відавочна там ёсць і больш гістарычныя карціны?
– Так і ёсць. Я займаўся даследаваннем гістарычных звестак, звязаных з гэтым краем, якія былі страчаны. Напрыклад, на Мазыршчыне захавалася асацыятыўная і сімвалічная назва мястэчка Барбароў, дзе ў дарэвалюцыйныя часы быў пабудаваны маёнтак пана Горвата. Тут нарадзіўся Мікалай Пятрэнка – самадзейны кампазітар, заслужаны настаўнік Беларусі, аўтар каля 300 песень, у ліку якіх і вядомыя «Рушнікі» на словы В. Вярбы (якая доўгі час лічылася народнай). Сусветную славу маюць яшчэ некалькі ураджэнцаў Барбарова: ад каваля да акадэміка прайшоў жыццёвы шлях Міхаіл Мацапура – акадэмік АН БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР; у маёнтку Горвата прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Эдуарда Пякарскага – вучонага-этнографа, які стварыў энцыклапедыю пра жыццё народаў Поўначы, члена Акадэміі Навук СССР. З навуковай кропкі зору пра вёску Барбароў мне ўдалося прасачыць асацыяцыю радкоў у творчасці паэта Уладзіміра Верамейчыка з класічнымі вершамі Якуба Коласа наконт сыноўняй любові да роднага кута.
– Вядома, што Палессе, і менавіта Мазыршчына, шмат пакут перанесла ад фашыстаў. Ёсць старонкі гісторыі, на якія патрэбна звярнуць увагу нашчадкам?
– Калі быць уважлівым, то ў раманах Івана Навуменкі лёгка пазнаюцца канкрэтныя мясціны, дзе адбываліся баявыя аперацыі, імёны кіраўнікоў партызанскіх фарміраванняў на Палессі. Асабістыя перажыванні аўтара, на фарміраванне асобы і характару якога паўплывала вайна, знайшлі яркае адлюстраванне ў яго аповесцях і апавяданнях. Больш выразна гэта прасочваецца ў яго творах «Гасцініца над Прыпяццю», «Замяць жаўталісця», раманах «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах».
Крона і карані
– У Беларусі, на Гомельшчыне ў тым ліку, назіраецца пярэсты склад насельніцтва. Як гэтая з’ява трактуецца навукоўцамі?
– Пра разнастайнасць моўна-этнічных перыпетый, уласцівых для паўночна-заходняй часткі сучаснай Беларусі, можна прачытаць не толькі у навуковых працах, а і ў мастацкіх творах. Так, пра родную Гродзеншчыну ў адной са сваіх мініяцюр добра напісаў Сяргей Вераціла. На беларускіх тэрыторыях, асабліва на Палессі, праследжваецца славяна-балцкае і славяна-германскае ўзаемадзеянне, што назіраецца ў некаторых населеных пунктах, асабліва на захадзе краіны, дзе жылі пераважна апалячаныя беларусы. Па падліках вучоных у пачатку XVII стагоддзя ў межах Беларусі было каля 60 паселішчаў, якія мелі статус гарадоў і мястэчак, у ліку якіх Ждановічы, Раўбічы і іншыя. А што да насельніцтва, то, паводле звестак апошняга перапісу (2019 год), то 3,1 працэнта складаюць палякі, што ў сваю чаргу паўплывала на мову, яе лексіку, фарміраванне імёнаў і прозвішчаў. Да Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі існаваў асобны польскі раён з цэнтрам у Коданава (зараз Дзяржынск), у якім па колькасці насельнітва пераважалі палякі (апалячаныя, акаталічаныя беларусы). Вядома, што з Беларуссю звязаны радавод выдатных асоб у гісторыі літаратуры, мастацтва, навукі, культуры, ваеннай справы, такіх як: Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Эліза Ажэшка і іншыя.
– А з Палессем гэта звязана…
– Даследчыкамі выяўлена шмат прозвішчаў польскага паходжання, якія належаць жыхарам палескіх вёсак Мазырскага, Петрыкаўскага, Жыткавіцкага і іншых раёнаў: Багінскі, Бароўскі, Збароўскі, Дзетнер, Акінчыц, Дашкевіч, Таргонскі, Кавальскі, Віслоух, Марцінкоўскі, Рудніцкі, Яновіч, Сапліц і іншыя.
Гэта тычыцца не толькі прозвішчаў, а і назваў 7 паселішчаў, якія ўзніклі ў перыяд польскай міграцыі людзей на Палессе (XV ст). Паводле успамінаў карэнных жыхароў гэтых вёсак, нібыта іх продкі трапілі на Палессе за нейкія заслугі перад польскім каралём, які надзяліў перасяленцаў зямлёю і даў ім шляхецтва.
– Кажуць, што месца ўпрыгожваюць людзі, пакінуўшыя пасля сябе добры след…
– Хачу сказаць пра Кустаўніцу, адну з сямі шляхецкіх вёсак, на месцы якой пабудаваны нафтаперапрацоўчы завод. Тут нарадзіўся Вячаслаў Браніслававіч Збароўскі, які за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Першай сусветнай вайны, узнагароджаны 4-ма Георгіеўскімі крыжамі, а ў гады Грамадзянскай вайны ён удастоены ордэна Чырвонага Сцяга. Добрую традыцыю па абароне краіны ад ворага прадоўжылі і 44 яго землякі, у ліку якіх і адважны разведчык Іосіф Бароўскі – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – кавалер некалькіх баявых ордэнаў. З узнагародамі і раненнямі вярнуліся з фронта Людвіг Збароўскі і Пётр Пятроўскі, гераічна загінула падпольшчыца-партызанка Рамуальда Драпей, замучаная фашыстамі ў Нароўлі. Кустаўніца – радзіма вядомага нам акадэміка Пятра Ракіцкага.
За цыкл апублікаваных у 1964–1974 гадах работ па статыстычнай генетыцы і прымяненні матэматычных метадаў у біялагічных даследаваннях П. Ф. Ракіцкаму была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР, ён заслужаны дзеяч навукі БССР (аўтар больш за 200 навуковых прац, трох манаграфій). Па рашэнню Савета Міністраў БССР на будынку Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі ўстаноўлена мемарыяльная дошка, а ў аграгарадку Крынічным Мазырскага раёна ў 1981 годзе адкрыты музей акадэміка.
* * *
Паэтычны запавет беларускага першадрукара, вучонага сусветнага ўзроўню Францыска Скарыны аб тым, што «людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць», можна таксама паставіць эпіграфам і да творчасці нашага земляка, доктара філалагічных навук Васіля Шура. Зараз у МДПУ імя І. П. Шамякіна працуюць 6 кандыдатаў навук, дацэнтаў, якія напісалі кандыдацкія дысертацыі пад кіраўніцтвам прафесара Шура і больш 10 магістрантаў. Выражаем Васілю Васільевічу шчырую падзяку, за тое, што нават у пенсійным узросце ён робіць шчодры ўнёсак у выхаванне патрыятызму і павагі да Мазыршыны і Беларусі. «Шануйце мову сваю, бо яна – код сапраўднага беларуса», – такія словы прагучалі ад нашага субяседніка ў адрас нашчадкаў.
Наталля КАНОПЛІЧ
Фотаздымак аўтара



