І тчэ, забыўшыся, рука…

Нічога ў жыцці не адбываецца выпадкова. І нават, па сутнасці,  прафесію чалавек  выбірае таксама па загадзе душы і сэрца…

Вось і ў ткачыхі Мазырскага цэнтра рамёстваў Наталлі Цюцюнік любоў да ткацтва зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве. Калі разабрацца, то нічога дзіўнага ў гэтым і няма, бо ўменні і навыкі перайшлі да яе ад маці. А калі разглядаць больш дэталёва, то любоў да ткацтва ў іх сям’і на генетычным узроўні па жаночай лініі з’явілася значна раней.

Краснаярскі край – малая радзіма Наталлі Міхайлаўны, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў славіўся сваімі ткачыхамі. У ліку гэтых слаўных майстрых Краснаярскага шаўковага камбіната імя 50-годдзя СССР, пра  якіх у свой час шмат пісала газета «Краснаярскі працаўнік», была і бабуля Наталлі. Там на шаўковым камбінаце, які займаўся выпускам парцьерных, жакардавых, атласных, мэблевых, падкладачных тканін і тканін спецыяльнага прызначэння і быў адзіным падобным прадпрыемствам на тэрыторыі Сібіры і Далёкага Усходу, а пасля 1991 г. – адзіным у СНД, пачынала знаёмства з ткацтвам і яе маці. Калі бацькі Наталлі Міхайлаўны пакончылі з вандроўкамі па бязмежных прасторах былога СССР, то па прапанове сваякоў для пражывання абралі Беларусь. Такім чынам, для Наталлі мазырская зямля стала сапраўднай другой радзімай. Тут яна закончыла школу, затым – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту (у Гомелі) па спецыяльнасці «Інжынер-будаўнік». Аднак пасля непрацяглага часу дзейнасці на чыгунцы і дэкрэтнага адпачынку, адчула сваё прызначэнне ў іншым накірунку. Так аднойчы перад ёй адчыніліся дзверы мазырскага цэнтра рамёстваў, дзе тагачасны дырэктар В. С. Ганчарова прыняла маладую жанчыну на працу ў якасці майстра-метадыста па ткацтву. І гэта было хутчэй заканамернасцю, чым выпадковасцю. Таму што сямейная дынастыя ткачых Цюцюнік цалкам магла служыць прыкладам адраджэння ткацтва на Мазыршчыне. Шмат гадоў на фабрыцы мастацкіх вырабаў працавала маці Наталлі – Галіна Рыгораўна, чыё імя, дзякуючы яе рукатворнаму аўтографу, было вядомым не толькі ў Беларусі, але і далёка па-за яе межамі. Яна – неаднаразовая дыпламантка гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных форумаў – услаўляла сваім рамяством краіну, рэгіён, горад. Не дзіва, што і яе дачка Наталля Міхайлаўна – таленавіты майстар-метадыст – сёння паспяхова працягвае традыцыі па захаванню ткацтва на Мазыршчыне ў складзе калектыву аддзела рамёстваў дзяржаўнай установы культуры «Мазырскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці».

Па тэхналогіі, перайшоўшай ад маці, дзякуючы старанню жанчыны  з’яўляюцца непаўторнай прыгажосці рушнікі, сурвэткі, абрусы і іншыя вырабы. У кожнага майстра, па словах Наталлі Міхайлаўны, ёсць свой почырк, свой стыль. Да распрацовак, перайшоўшых ёй ад маці, майстрыха дадала шмат новых рысак  і ўвогуле атрымала новыя абрысы сюжэтаў. Але ўсё ж, па яе словах, у аснове працы павінен заўсёды ляжаць нацыянальны арнамент Беларусі з яго нязменным белым фонам і чырвонымі малюнкамі… Па сутнасці, згодна з гісторыяй, толькі беларускім ткачыхам удалося захаваць нязменнасць першапачатковага выгляду ўзораў, якія існавалі яшчэ з часоў старажытных славянскіх плямёнаў. Лічыцца, што белы колер  пазначае чысціню і адкрытасць, а вогненна-чырвоны – кроў, сонца і, адпаведна, жыццёвую сілу. Багацце каларыту звычайна дасягаецца з ужываннем розных тэхнік і метадаў, а таксама спецыяльным размяшчэннем простых дэталяў ўзору з іх пэўным рытмам. Схемы ўзораў прымяняюцца сёння не толькі ў дызайне інтэр’ераў, але і ў афармленні адзення. Ручное ткацтва з даўніх часоў лічылася высакародным мастацтвам. Быў час, калі гэтае рамяство сталі крыху забываць, але ж зараз яно набывае ўсё большую папулярнасць.

З цягам часу Наталля Цюцюнік развіталася назаўсёды з прафесіяй па дыплому і цалкам прысвяціла сябе толькі захапленню. Менавіта ў ім яна чэрпае натхненне, сілы для кожнага новага дня, а таксама цікавыя ідэі для творчасці. Невялікі калектыў аддзела рамёстваў на чале з Наталляй Харашкевіч, у якім яна змагла раскрыць свае творчыя задаткі, з’яўляецца ўтульнай атмасферай для дзейнасці. Задавальненне дастаўляюць і зносіны з моладдзю, якая, прыходзячы ва ўстанову на экскурсіі ці на занятак па гуртковай працы, праяўляе вялікую ўвагу да ручнога ткацтва. Радуе і тое, што да вырабаў ткацтва сёння таксама праяўляюць цікавасць і шматлікія замежныя госці, якія, пакідаючы Беларусь, абавязкова імкнуцца разам з якім-небудзь сувенірам ці падарункам узяць з сабой часцінку цяпла, дабрыні і гасціннасці хлебасольных беларусаў, што ў першую чаргу падкрэсліваюць рушнікі. Нездарма ж менавіта пра іх у свой час у рэпертуары ансамбля «Песняры» з’явілася песня «Рушнікі», якая стала сапраўдным хітом 70-х і застаецца папулярнай у нашы дні. З рушнікамі ў жыцці беларусаў сімвалізуецца  вельмі многае. Яны гатаваліся дзяўчатамі з малых гадоў, і потым гэты рушнік станавіўся вясельным атрыбутам. Пасля вянчання бацькі жаніха сустракалі маладых з рушніком. Ён ўпрыгожваў вясельныя падводы, яго клалі на спіну коням, прывязвалі замест запрэжкі і адорвалі радню жаніха. На рушніку бацькі падносілі вясельны каравай і іконы, якімі благаслаўлялі маладых. Падчас вянчання святар звязваў рукі жаніха і нявесты «саюзным рушніком», сімвалізуючы  ўзаемную прыхільнасць і яднанне. Сумесны першы крок маладых павінен быў праходзіць абавязкова на рушнік і той, хто першым на яго ступаў, лічыўся кіраўніком сям’і. Па народных прыкметах, вясельныя рушнікі – заклад крэпасці сямейных адносін…

Наталля Цюцюнік, мяркуючы па тым, як моладзь сёння заглядваецца на дзеянні яе рук за станком, за тым, як спраўна “бегае чаўнок”, мудрагеліста пераплятаючы  ніткі, якія ствараюць узор, упэўнена, што цікавасць да ручнога ткацтва беларусаў не знікне ніколі. А сакрэтамі асабіста свайго майстэрства дзеліцца са сваёй дарослай дачкой. Яны ж – сямейныя!..

Наталля КАНОПЛІЧ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *