З гісторыі Мазыра. Праз два прыпынкi

1498

Прыкладна так размешчаны плошчы Прымастовая і Горкага (з 1960 г.), у гісторыю якіх уваходзяць Расамахаў роў, вул. Жытомірская, Базарная плошча (2-я)

За пакупкамi

Існуе меркаванне, што сучасная плошча Горкага, як і плошча Леніна, стагоддзі назад былі залівам Прыпяці, і на беразе яго мясціўся пасад.

Па меры адступлення ракі на гэтым месцы з’явілiся пастаянныя пабудовы. Але гэтае месца было нізкім у параўнанні з узгоркамі, што мясціліся навокал, і яно моцна цярпела падчас моцных ліўняў. Расамахаў роў у ХІХ ст. наблізіўся да былога Бернардзінскага кляштара (гэта добра бачна на гравюры з Tygodnik illustrowany), і таму губернскімі ўладамі была выдзелена пэўная сума грошай для ўмацавання сцен Расамахавага рова.

Касцёл і кляштар бернардзінцаў. Гравюра Э. Гараздоўскага. 1865 г.

На плане Мазыра 1847 г. бачна, што вуліца Жытомірская праходзіла каля падэшвы ўзгорку (дзе сёння мясціцца будынак былога рынку), і на гэтым баку вуліцы налічвалася 7 пабудоў, на супрацьлеглым баку дамоў не было ўвогуле. Працягам Жытомірскай вуліцы быў Оўручскі тракт, што пачынаўся з пад’ёма на сучасную вул. Інтэрнацыянальную. У 1924 г. на Жытомірскай вуліцы налічвалася 15 дамоў, 4 з якіх знаходзіліся ў камунальнай уласнасці. Прыкладна ў гэты час сюды перайшоў і гандаль з цэнтральнай плошчы.

Плошча Горкага. 1976 г.

На месцы сучаснага Дома быту «Сузор’е» калісьці існаваў вельмі прыгожы аднапавярховы будынак пачатку ХХ ст., у якім у 1970-я гг. знаходзілася станцыя хуткай дапамогі.

Увогуле, на гэтай плошчы ў розны час знаходзілася некалькі цікавых будынкаў, вядомых усяму Мазыру. У першую чаргу, гэта крыты рынак, які знайшоў адлюстраванне на шматлікіх фотаздымках і ў мастацкіх фільмах, што знімаліся ў Мазыры: «Дзяўчынка шукае бацьку», «Заўтра будзе позна» і іншых. Стары рынак быў знесены ў 1983 г., і тут пачалося будаўніцтва новага крытага базара будаўнікамі ПМК-136. На жаль, гэты будынак застаўся незапатрабаваным. Адначасова са старым базарам быў знесены і банна-пральны камбінат, або проста баня.

Базарная плошча (2-я). 1932 г.

Насупраць галоўнага ўвахода ў рынак знаходзіўся мэблевы магазін, дзе ў 1950-я гг. упершыню ў Мазыры пачаўся афіцыйны масавы продаж навагодніх ёлак.

На супрацьлеглым баку плошчы, побач з так званым афіцэрскім домам, мясціўся шэраг невялікіх крамаў. Самым папулярным быў магазін сельгаспрадуктаў.

У аднапавярховым каменным будынку, што мясціўся на рагу вул. Камсамольскай, пэўны час знаходзіўся міжгародні аўтавакзал.

На супрацьлеглым баку плошчы ў 1954 г. пачалася рэканструкцыя двухпавярховага будынка пад гасцініцу на 64 месцы. Потым у ім дастаткова працяглы час знаходзіўся КЖУП «Мазырскі камунальнік», а сёння дзейнічае адно з падраздзяленняў упраўлення па труду, занятасці і сацыяльнай абароне.

Уваход на Базарную плошчу (2-ю).

Месца сустрэч i развітанняў

Прымаставая плошча таксама мае сваю гісторыю, і звязана яна з Прыпяццю, паколькі тут знаходзіліся своеасаблівыя «вароты» ў горад, і працяглы час дзейнічала паромная пераправа.

Мазыр. Паромная пераправа.

Якраз у гэтым куточку Мазыра знаходзілася царква св. Параскевы Пятніцы, ад якой разыходзіліся вуліцы Слуцкая, Нагорная, Пятніцкая і Папоўшчына. Існуе меркаванне, што гэта царква была пабудавана ў 1730-я гады. Спачатку царква была праваслаўнай, але ў першай палове ХVІІІ ст. яна была пераўтворана ва ўніяцкую царкву пры базіліянскім манастыры. Пасля Полацкага царкоўнага сабору 1839 г. яна зноў стала праваслаўнай. Прыход Пятніцкай царквы валодаў даволі значнымі тэрыторыямі ў заходняй частцы сучаснага Мазыра.

Дз. Струкаў — расійскі мастак і археолаг, які наведаў Беларусь, у тым ліку і Мазыршчыну, — у 1860-я гг. пісаў наступнае: «Церковь Пятницкая, очень красивой архитектуры XVIII столетия. Иконостас довольно изящного стиля… особенно хороши царские двери. Из числа книг богослужебных есть рукописные XVII века. Из вещей уцелело древнее било железное, употреблявшееся вместо колокола». Каля Пятніцкай царквы праз Кіслякоўскі роў быў пабудаваны адзін з першых драўляных мастоў у самім горадзе.

На пачатку ХХ ст. цераз Прыпяць быў пабудаваны драўляны развадны мост. У 1958 г. з’явіўся існуючы сёння жалезабетонны мост даўжынёй 929,5 км — адзін з самых вялікіх па працягласці ў Беларусі.

Стары мост і будаўніцтва новага. 1950-я гг.

У сувязі з будаўніцтвам новага маста ў гора-дзе ў 1960 г. была ўтворана вуліца Маставая, а ў больш позні час з’явілася і Прымаставая плошча, якая сёння з’яўляецца перасячэннем большасці гарадскіх маршрутаў і вядома ўсім жыхарам горада. Яна па-ранейшаму першая сустракае мазыран, якія вяртаюцца дадому, і гасцей нашага горада.

Таццяна НІКІЦІНА, Аляксандр БОБР.

(Працяг будзе).


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: