Цяжкі след вайны

1362

Устаньце, людзі! Суд ідзе… Над вайной, што аставіла  жанчын і дзяцей сіратамі,  што забівала і знішчала людзей.

 Усё сваё жыццё тужыла-сумавала мая матуля па сваіх бацьках. Здавалася ёй, што, каб бацька прыйшоў з вайны, а каб яшчэ і маці не памерла ў саракагадовым узросце, тады б і жыццё яе ўдалося. Аб чым яшчэ марыць?

Але і бацька не прыйшоў, і маці ад цяжкай хваробы, ад бязрадаснага жыцця рана сышла на той свет.

Вочы закрывала мая маці і бачыла высокага чарнявага мужчыну, які трымаў яе на руках і смяяўся. Высокім ён ніколі не быў,  але ёй малой, чатырохгадовай дзяўчынцы, так здавалася.

Ілля, бацька яе, быў з роду невысокіх, але ўмелых і працавітых. Усе смуглявыя, чарнавокія і мужчыны, і жанчыны, хуткія на справу.

Ілля перад вайной лесу надбаў, збіраўся хату новую ставіць. Дачушка падрастала, і другім дзіцём была цяжарная Пелагея, яго жонка. Таксама працавітая: і ткаць, і прасці, і панчохі звязаць, каб у хаце дастатак быў, каб не зайздросціць чужому, старалася мець сваё.

Але прыйшла вайна, забралі маладога гаспадара, якому нядаўна споўнілася дваццаць пяць год.

Галасіла ўся вёска, галасіла Пелагея па свайму працавітаму і лагоднаму мужу: “Як жа я буду без цябе? З двума малымі, без бацькі, без маці?”

Пайшоў Ілля, бо трэба было выганяць нязваных гасцей са сваёй зямлі.

А потым вельмі хутка і неспадзявана ў вёску прыйшлі чужынцы. Запыленыя і злосныя фашысты адразу ж навялі свой “парадак” у вёсцы: пачалі страляць сабак, курэй, адбіраць дабротныя рэчы. Перапалоханыя вяскоўцы заціхлі. Ад жаху, здавалася, анямела і летняя спёка.

А хутка знайшоўся памагаты новым гаспадарам. Вясковы разумнік Якім пайшоў у паліцыю, каб паставіць маладую салдатку Наталлю пад сцяну расстрэльваць. Жанчыну аставіў жыць, але відаць, чакаў, каб упала ў ногі і стала прасіцца, але тая, можа, ад страху, а, можа, ад нянавісці не стала плакаць: адзервянеўшая, стаяла пад сцяной, пакуль свой жа чалавек клацаў затворам вінтоўкі. А за што яе было страляць? Муж ваяваў у Чырвонай Арміі, а Якіму, казалі, яна падабалася.

Потым быў бой за маленькую лясную вёсачку. Немцаў выбілі, пагналі далей, а мясцовыя жыхары хадзілі і зносілі ў адну брацкую магілу забітых воінаў-вызваліцеляў. Аплакалі, пахавалі людзей з розных гарадоў, вёсак у самай глушы.

Потым праз вёску везлі раненых чырвонаармейцаў. Машыны сталі, каб набраць вады, напаіць сасмяглых байцоў. Вясковыя жанчыны  паілі і вадой, і слязьмі.

Бегала, дапамагала і Палажка, мая бабуля; выцірала змучаныя твары салдат, а сама выглядала: можа, тут і яе Ілля непрытомны ляжыць? Але яго сярод параненых не было. Знясіленыя санітарачкі, зусім маладзенькія, шэрыя ад пылу і голаду, перавязвалі, кідаючыся ад аднаго да другога. На тры машыны раненых яны былі ўдвух.

Цяжка жылося пасля вайны. Камусьці пашчасціла: вярнуўся гаспадар з вайны, а Ілля так і згінуў. У сорак чацвёртым годзе сям’я атрымала паведамленне, што прапаў без вестак.

А Пелагея чакала ўсе гады. Вечарам цягнула доўгую ільняную нітку – прала, бо трэба было, каб дзеці і сама не “свяцілі” дзіркамі.

Бегала, працавала, паднімала дзяцей. Таццянка слухала і шкадавала маму, старалася дапамагчы, Мікалай жа рос непаслухмяным, яршыстым, нерваваў маці, тая часта плакала, разумеючы, што хлопец не вінаваты ў сваёй злосці – яму патрэбен бацька. Клопат дарослых.

Захварэла Палажка. У тыя галодныя гады яе прааперыравалі ў Гомелі, пасля ў вазку прывезлі дадому. Доктар сказаў, што патрэбна добрая ежа: малако, яйкі, лёгкае мяса, а дзе ж яго ўзяць, калі вакол нішчымніца.

За лета трохі акрыяла гаспадыня, а ўсю восень хадзіла ў грыбы. Насіла цяжкія каробкі – лес быў побач, грыбоў было – хоць возам вазі. На сыраежкі і паглядаць не хацела. Насушыла, насаліла моцных баравікоў, развяла гусей, каб дзецям і самой не галадаць. Суседкі зімой прыходзілі: “Насып грыбоў, Палажка, у квас укінуць”. Добрая Палажка насыпала, частавала.

А к вясне ёй стала зусім кепска.

Убачыла сон: косіць яе Ілля далёка, а яна нясе яму ручнік чысты, каб выцерся. Потым ён  сеў абедаць. Прыйшла да яго. Села побач на траву. І так добра ёй, толькі думкі пра дзяцей перашкаджаюць яе шчасцю.

У канцы сакавіка яе пахавалі.

У хаце засталіся дзеці – зусім яшчэ маладыя, якім так патрэбны бацькі. Горка плакалі, асабліва Мікалай, бо быў паўгалодны і нервовы, злаваўся на добрую маму, часам не слухаўся яе.

Потым пайшоў у армію, так і застаўся жыць далёка ад сваёй вёскі, усё жыццё ехаў да сястры, а яна выйшла замуж, нарадзіліся дзеці, але пачуццё сіроцтва не пакідала іх ніколі.

Ніна Іванушкіна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: