«Маску ўзяў?..» Альбо пра тое, як змянілася жыццё грамадства пад час пандэміі каранавіруса

134

Год назад мы жылі сабе спакойна: хадзілі без боязні па магазінах і гандлёвых цэнтрах, наведвалі кінатэатр, бавілі час з сябрамі, сустракаліся з родзічамі… А потым зіма 2020 года прынесла яго – Covid-19, а разам з ім – маскі, пальчаткі, антысептыкі, страх за здароўе. Заканамерным стала пытанне: «Маску ўзяў?», калі ідзеш ў магазін ці збіраешся ехаць кудысьці на аўтобусе, якія больш не пустыя. Людзі навучыліся жыць з вірусам.

Наколькі гэта цяжка, мы спыталі ў мазыранкі Лізаветы Зіньковай, у якой быў выяўлены гэты злосны каранавірус.

Зараз Ліза яшчэ на каранціне, аднак гэта не перашкодзіла ёй адказаць на пытанні:

– Як і калі ты даведалася, што падхапіла каранавірус?
– Я магла і не ведаць, што захварэла, таму што жыву з сям’ёй. Але ж калі майму бацьку на працягу некалькіх дзен было дрэнна, вырашылі зрабіць тэст, які пацвердзіў захворванне, а потым і ў мамы, і ў мяне. Суцяшае тое, што ў нас яно працякае бессімптомна.

– Наколькі цяжка быць на каранціне?
– Я адчуваю сябе здаровай у фізічным плане, аднак складана – у псіхалагічным. Табе не пагана, але ж трэба сядзець у чатырох сценах кожны дзень. Надакучвае абстаноўка, сумуеш па сябрах. Хочацца на вуліцу і разумееш, што нельга…

– Чым сябе займаеш на самаізаляцыі?
– Я перайшла ў 11 клас, таму спектр маіх спраў пашырыўся: падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання і выпускных экзаменаў. І гэта не ўсё! З асалодай гляджу кінафільмы, на якія раней не хапала часу, занялася вывучэннем музычнай тэорыі і сачыненнем аўтарскай музыкі, што было вялікай марай.

– Што зробіш у першую чаргу пасля каранціну?
– Канешне ж, сустрэнуся з сябрамі, планую запісаць новы кавер (аранжыроўка існуючай песні. – Заўвага аўт.).

– Ліза, ну і напрыканцы, скажы некалькі слоў чытачам пра Covid-19, як пра адчуванні чалавека, які перанёс захворванне…
– Вірус сам па сабе не страшны, але вы можаце не ведаць, што з’яўляецеся насіцелем. Так што, калі вы перастаеце адчуваць смак і пах, адразу звярніцеся да ўрача. Хвароба крыху страшней за ОРВІ. Аднак лепш не хварэць! Памятайце адно: вірусы прыходзяць і адыходзяць, а жыццё працягваецца. Не губляйце ні хвіліны, атрымлівайце асалоду ад кожнага яго дня і беражыце сябе!

Кацярына МЕДВІДЗЬ,
член клуба «Юны журналіст» МЦТДМ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: