Сто трэцяе лета Ганны Будоўскай

214

Кажуць, што жыццё Гасподзь даруе ўсім, а вось пражыць на свеце больш стагоддзя — абраным.

Вось і ветэран Вялікай Айчыннай вайны – маёр медыцынскай службы – Ганна Міхайлаўна БУДОЎСКАЯ сёлета разам з Днём Незалежнасці і 76-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сустрэла сваё сто трэцяе лета.

I. Заўтра была вайна

Шаноўная мазыранка – аднагодка Кастрычніцкай рэвалюцыі. Паводле яе біяграфіі нашчадкі могуць вывучаць гісторыю, а яе лёс – яркі прыклад таму, як можна, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, застацца добрым, чулым, спагадлівым чалавекам, улюбённым у сваю радзіму…

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ганна Будоўская – заснавальніца стаматалагічнай службы ў Мазыры, удзельніца ў будаўніцтве першай асобнай паліклінікі, прысвяціўшая медыцыне больш паўстагоддзя свайго жыцця. Напярэдадні Дня Незалежнасці і 76-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна падзялілася сваімі ўспамінамі.

– Якія пачуцці напаўняюць душу, калі за плячыма больш чым стагоддзе? – цікаўлюся ў Ганны Міхайлаўны.
– Якія? – на нейкі момант жанчына задумваецца, а потым адказвае.

– Добрыя, шчаслівыя. Вельмі рада, што давядзецца сустракаць разам з усімі людзьмі галоўнае свята Беларусі. Я ўдзячна Богу, што дазволіў мне дасягнуць многіх вяршынь і рэалізаваць усе свае мары, быць карыснай грамадству, сваёй дзяржаве, пражыць паўвека ў шчаслівым шлюбе з каханым чалавекам, нарадзіць і выгадаваць сыноў…

У час прагляду фотаздымкаў ў альбоме было відавочна, як памяць зноў і зноў вяртала Ганну Міхайлаўну ў мінулае, дзе пераадолена безліч кіламетраў стромкіх дарог жыццёвага шляху і пераблытанага лёсу…

Перш-наперш пуцявіны вярнулі яе ў юнацтва, перакрэсленае вайной. Дзіцячыя і юнацкія гады дзяўчыны прайшлі ў зоне Алеўскага 19-га пагранічнага атрада ў Жытомірскай вобласці, дзе яе бацька ад раніцы да ночы працаваў рознарабочым на багатага гаспадара. А як жа інакш? У сям’і Міхася Фрыдмана было шасцёра дзяцей – усе дзяўчынкі. Маці – краўчыха з залатымі рукамі абшывала модніц усёй акругі, каб таксама ўнесці сваю лепту ў агульны сямейны кацёл. Калі бацька памёр у 1930 годзе, то маці прыйшлося яшчэ цяжэй: адной выпала падымаць і ставіць на крыло ўсіх дзяцей. У Ганны ж з дзяцінства была вялікая смага да ведаў, і таму ў школу яна пайшла з 6 гадоў, а ў 13 – ужо скончыла 7 класаў. А вось з далейшай адукацыяй паўстала праблема, таму што яго не было дзе працягваць. Упартая дзяўчына паехала ў Харкаў і амаль год працавала там на будоўлі, каб зарабіць нейкія грошы і дапамагчы маці. А калі ў Алеўску адкрылі вячэрнюю школу, то вярнулася дадому…

– Грошай на дарогу не было, – успамінае Ганна Міхайлаўна. – Мама прыслала сухіх грыбоў, я іх прадала і змагла купіць білет на цягнік, каб прыехаць дамоў. Днём працавала, а ўвечары вучылася…

Дзеля пакарэння вяршынi пад назвай «медыцына» Ганна адправілася ў Кіеў, каб стаць студэнткай стаматалагічнага інстытута. Гады вучобы праляцелі непрыкметна, і ў 1939 годзе ўвесь яе выпуск быў накіраваны ў Беларусь, дзе стаяла вострая патрэба ў лекарах-стаматолагах. Дзяўчына па размеркаванні трапіла ў Мазыр.

– Асобнай зубной паліклінікі ў горадзе не было, – успамінае Ганна Міхайлаўна, – і мы з намеснікам гарздраўаддзела паехалі ў Гомель, каб дабіцца аддзялення гэтай службы ад гарадской паліклінікі. Нам было адмоўлена, але мы не супакоіліся і паехалі ў Міністэрства аховы здароўя. І ў выніку ўсіх намаганняў у хуткім часе былі выдзелены сродкі для будаўніцтва і ўладкавання першай стаматалагічнай паліклінікі па вуліцы Савецкай… Сама курыравала шматлікія пытанні будаўніцтва, укамплектавання кабінетаў медыцынскім абсталяваннем. Напружаныя працоўныя будні, здаецца, імчалі, нібы коні. Між тым хацелася на танцы альбо ў тэатр. Пад час аднаго з такіх культпаходаў Ганна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Як кажуць, маладыя людзі пакахалі адзін аднаго з першага погляду. Ефім Будоўскі працаваў інспектарам ДАІ і ў хуткім часе пазнаёміў сваю абранніцу з сям,ёй. Але ж наперадзе маладых чакалі цяжкія выпрабаванні. Не паспелі забыцца вечары, дзе асалоду дарыла трупа Свярдлоўскага тэатра, як у адзін з летніх дзён голас Левітана літаральна разарваў на шматкі цішыню афіцыйным паведамленнем аб вераломным нападзе фашысцкай Германіі…

II. Памiж жыццём i смерцю

Вядома, што медыкі ў выпадку вайны становяцца ваеннаабавязанымі асобамі. Ганна Будоўская як старэйшы лейтэнант медыцынскай службы не мела права ехаць у эвакуацыю разам з сям’ёй. Пагэтаму яе з Ефімам высадзілі на першай станцыі, а на наступны дзень у ваенкамаце ўручылі павесткі: мужу – у напрамку Арла, а ёй – на Заходні фронт. Такім чынам, Ганна Будоўская 7 ліпеня 1941 года ўжо апынулася ў складзе 21-й арміі пад камандаваннем генерала Паўлава. Раптоўнае нападзенне фашыстаў стала жорсткім выпрабаваннем для краіны і ўсяго народа. Гісторыкі доўга не маглі прааналізаваць і зразумець, чаму так здарылася, што пад горадам Лубны 21-ю армію літаральна ў пачатку вайны спасціг поўны крах?!

Паводле гістарычных звестак за першыя дні вайны Заходні фронт страціў 625 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку 338,5 тыс. палоннымі, 3188 танкаў, 1830 гармат і 521 тыс. адзінак стралковай зброі. У варожае акружэнне папалі 32 з 44-х дывізій, адкуль выйшлі згодна запісу ў «Журнале баявых дзеянняў Заходняга фронту», толькі «невялікія групы і асобныя людзі». У ліку тых, каго спасцігла суровая доля фашысцкага палону, апынулася і старэйшы лейтэнант Будоўская… Палонных фашысты гналі па этапу. Першым пунктам выпрабаванняў на выжыванне стаў Харол. Дзіўна, але гэты маленькі гарадок у Палтаўскай вобласці, паводле гісторыі, у свой час быў сведкам крывавых сутыкненняў славян з качэўнікамі, быў практычна разбураны ў часы мангола-татарскага нашэсця, а ў верасні 1941 года фашысты стварылі тут лагер смерці для ваеннапалонных, які пазней атрымаў назву «Харольская яма». На тэрыторыі цаглянага завода для палонных былі зроблены жудасныя ўмовы. Па прыкладных дадзеных, з верасня 1941 па май 1942-га там загінулi 37,5 тыс. чалавек, а па даставерных крыніцах лічба павялічваецца ў 2,5 разы…

– Умовы ўтрымання былі нечалавечымі, – расказвае Ганна Міхайлаўна. — Жанчыны спалі на саломе, здробненай мышамі, а мужчыны – прама на падлозе ў цэху, дзе фармавалася цэгла. Ежа палонных – грачанае шалупінне, перамешанае з гнілой бульбай. Варыва налівалася ў бляшаны жолаб, адкуль вязні чэрпалі яго рукамі. Гэтую карціну фашысты фатаграфавалі і пасылалі ў Германію, называючы славянскі народ свіннямі…

Праз некаторы час палонных зноў пагналі па этапу ў накірунку Крэменчуга. Далейшы шлях ляжаў у бок Асвенцыма. Галодныя і знясіленыя людзі цягнуліся чарадой на кіламетры. Дзякуючы адзенню, неўласціваму зняволеным, і белай хусціне на галаве, пры перасячэнні ганд- лёвай плошчы Ганне цудам удалося згубіцца ў натоўпе. Яна памятае і зараз, як вусны апантана шапталі словы малітвы да Госпада і наканаванне для сябе: «…калі выжыву ў гэтым пекле, то жыць буду доўга…». І адбылося нейкае цуда: калона, акружаная канваірамі і сабакамі, аддалялася, а дзяўчыну заўважыла мясцовая жанчына і забрала да сябе…

– Спакуса ежай, – распавядае Ганна Міхайлаўна, — была таксама падобна смерці. Жанчына накарміла мяне, але ж я ўстала ноччу, каб даесці рэшткі, і гэты ўчынак ледзь не каштаваў мне жыцця…

Крыху аклемаўшыся, Ганна стала прасоўвацца ў напрамку Кіева. На тэрыторыі, усё яшчэ акупіраванай немцамі, яна магла наступіць на тыя ж граблі. Выручылі хлопцы, з якімі выпала заначаваць у адной вясковай хаце. Пацікавіўшыся наконт пропуску, яны падзяліліся чыстым бланкам «аўсвайса», які дзяўчына ўласнаручна запоўніла на імя Ганны Шклярэнка. З гэтым дакументам ёй удалося пратрымацца амаль да канца вайны. Бралася за любую працу, але ж лепш за ўсё ёй удавалася лячыць лю-дзей у Іванкаўцах (вёска ў 6 вёрстах ад Праскурава Вінніцкай вобласці). На працягу двух гадоў фельчарка Шклярэнка аказвала медыцынскую дапамогу бедным людзям, якія адчувалі яе дабрыню і безкарыснасць.

– Там, дзе дапамагала, там і начавала, – успамінае Ганна Міхайлаўна. – Добрыя людзі кармілі і начлег давалі, а калі пачула, што савецкія войскі вызвалілі Мазыр, то напісала ліст сяброўцы i даведалася, што мой Ефім ужо вярнуўся з фронту. Не цярпелася хутчэй трапіць у Беларусь, што зрабіць было не проста. Доўгачаканы дзень Перамогі прыйшлося сустрэць ў Белай Царкве. – Людзі навакол радаваліся і плакалі. Хтосьці крычаў: «Ура! Канец вайне!..» Я таксама плакала. Плакала ад гора і ад радасці, і ад таго, што засталася жывая, – кажа Ганна Міхайлаўна, выціраючы набеглыя слёзы…

III. Свая планіда

Пасляваенны час для Ганны Будоўскай не адразу стаў спакойным, паколькі на працягу некалькіх гадоў яна жыла з таўром на сэрцы ад фашысцкага палону, што прымушала сціскацца яе сэрцу пры неаднаразовых выкліках асабістаў. Пастаянна гучала адно і тое ж пытанне: «Як выжыла?», – на якое кожны раз яна давала аднолькавы адказ: «Коштам выпрабаванняў і дзякуючы волі Госпада…». Дапросы спынілiся толькі ў 50-х, калі Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР адмяніла ўсе прысуды ў дачыненні да камандавання Заходняга фронту і таго, хто застаўся жывым з-за адсутнасцю складу злачынства. Вайскоўцы былі пасмяротна адноўлены ў званнях і ўзнагародах. Старэйшы лейтэнант медыцынскай службы Ганна Будоўская таксама была ўдастоена ордэна Вялікай Айчыннай вайны другой ступені, медалёў «За адвагу», «За перамогу над Германіяй», «За абарону Кіева» і інш.

Між тым жыццё пасля вайны набірала свае абароты, і Будоўская старалася ісці ў нагу з часам. Першае, што яны зрабілі з мужам пасля вайны, – гэта паўторна зарэгістравалі шлюб, таму што першыя дакументы былі страчаны. А другое – яна стала ўдасканальваць на Мазыршчыне распачатую да вайны справу па станаўленні стаматалагічнай службы. У канчатковым выніку, дзякуючы яе намаганням, у 1960 годзе ў Мазыры была адкрыта гарадская стаматалагічная паліклініка, як асобная ўстанова з лячэбна-хірургічным і артапедычным аддзяленнямі, зубатэхнічнай лабараторыяй. На пасадзе галоўнага ўрача працавала да 1968 года.

У шчаслівым шлюбе з Ефімам Якаўлевічам яны пражылі паўстагоддзя, нарадзілі і выхавалі сыноў Анатоля і Міхася. Дачакаліся ўнукаў…

– Вельмі шкада, што да такой цудоўнай даты – 75-годдзя Вялікай Перамогі – не дажылі мой муж, сын Міша і ўнук Аляксей, – гаворыць Ганна Міхайлаўна. – Для маці няма найцяжэйшага гора, як губляць заўчасна сваіх дзяцей, не кажучы ўжо пра ўнукаў. Але ж, відаць, у кожнага – свая планіда. Я сустрэла сваё сто трэцяе лета, дзякуючы правільнай палітыцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сацыяльнай службе, якая дзейнічае ў краіне і праяўляе годны клопат аб ветэранах, вялікай падтрымцы дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Хэсэд Бацья», кіраўніцтву мясцовай раённай вертыкалі, якая наведвае напярэдадні кожнага свята, ветэранскай арганізацыі, новым пакаленням медыкаў, якія працягваюць сёння нашу эстафету. Шчырыя словы і тое, што грамадства памятае пра нас, – даражэй усякіх падарункаў.

– У чым жа сакрэт Вашага даўгалецця? – цікаўлюся напрыканцы ў Ганны Міхайлаўны…

– Сакрэту ніякага няма. Трэба сумленна жыць, натхнёна працаваць, жадаць людзям дабра і абавязкова любіць сваю справу. Моладзі жадаю, каб прытрымлівалася здаровага ўкладу жыцця, у якім належнае месца павінна быць культуры, паважлівым адносінам да старэйшых. Каб стваралі добрыя сем’і, каб дзеці больш клапаціліся пра бацькоў. Менавіта, усё ж лепшае пачынаецца ў сям’і. Не дарэмна кажуць: «Што пасееш, тое і пажнеш». Мяне радуе, што жыццё не стаіць на месцы, і аб Беларусі сёння ведаюць на еўрапейскім узроўні. Шмат дасягнула яна ў сваім развіцці за перыяд незалежнасці, у яе народа ёсць будучыня. Пакаленням, якія нарадзіліся пасля вайны, жадаю мірнага неба над галавой, бо вайна – гэта найвялікшае зло для чалавецтва.

Замест эпілога.

Трэба мужнымі быць у жыцці, памятаць кожны дзень і гадзіну: жыць на свеце – не поле прайсці, мы ў адказе за мір, за Радзіму!

Наталля КАНОПЛІЧ,
фотаздымак аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: