Нашы славутыя зямлякі. Галіна Дашкевiч падзялілася успамінамі пра сустрэчы з народным пісьменнікам Беларусі Іванам Пятровічам Шамякіным

251

Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння летапісца эпохі – народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна – успамінамі пра сустрэчы, падараваныя лёсам, падзялілася кандыдатфілалагічных навук, дацэнт, паэтэса Галіна Мікалаеўна ДАШКЕВІЧ.

З Іванам Пятровічам Шамякіным мне наканавана было сустрэцца і пазнаёміцца яшчэ ў студэнцкія часы напачатку 1967 года. У Мінску ў Доме афіцэраў адбываўся агляд спектакляў народных тэатраў Беларусі. Аўтарытэтным журы вырашалася даволі складанае пытанне: якія калектывы прымуць удзел ва ўсесаюзным фестывалі тэатральнага мастацтва ў Маскве.


Мазыране прадставілі на суд гледача неўміручае «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы. Мне была даручана роля Зоські. Пасля спектакля ўсе пайшлі ў грымёрныя пакоі, а я настолькі была ўсхвалявана, уражана прыязнасцю гледачоў, што і не заўважыла, як адна засталася на сцэне. Да мяне падышоў прыгожы невысокі чалавек у шэрым касцюме і сказаў:
«Малайчына, Зоська! Вельмі добра сыграла сваю ролю».

Паціснуў мне руку і стаў распытваць, адкуль родам, хто мае бацькі, вучуся ці працую. Я адказвала, што родам з Турава, бацькі – настаўнікі, вучуся на філфаку ў Мазырскім педінстытуце. – Мы з Іванам Мележам неўзабаве прыедзем у Мазыр.

На сцэне святло было цьмяным, прыглушаным, i я не пазнала пісьменніка. Ён гэта адчуў і спытаў: «А ці ведаеш ты, хто я?»

– Не, не ведаю.
– Я – Іван Шамякін.
– Вы – Іван Шамякін?

Сэрца маё затрапятала. Сам Іван Шамякін выйшаў на сцэну і павіншаваў мяне. Мы развіталіся. Апамятаўшыся, я ўспомніла, што ў мяне ў руках былі кветкі. Як я потым шкадавала, карыла сябе, што не падаравала іх любімаму пісьменніку.

Рэжысёр Мазырскага тэатра Міхась Яўхімавіч Колас потым, пасля пасяджэння журы, абмеркавання спектакля, быў узнёслы і радасны. «Мы з Шамякіным гаварылі пра цябе. Калі я сказаў, што ты пішаш вершы, ён прамовіў: «Дык вось, чаму яна так уся заіскрылася, калі даведалася, што з пісьменнікам размаўляе».

Іван Пятровіч стрымаў свае словы. У Мазыр праз некаторы час прыехала група пісьменнікаў. Сустрэча з чытачамі адбывалася ў клубе «Будаўнік». Я прысутнічала, але пасаромелася падысці.

У 1983 годзе я паступіла ў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі. Мой навуковы кіраўнік, доктар філалагічных навук Павел Кузьміч Дзюбайла, прапанаваў мне некалькі тэм для дысертацыі. Сярод іх была тэма па творчасці Івана Шамякіна. Я, не раздумваючы, выбрала яе. Сэрца маё адчувала – спраўлюся. На пасяджэнні вучонага савета Інстытута літаратуры я была чырвоная як рак. Вельмі хвалявалася, хаця б зацвердзілі. Алесь Міхайлавіч Адамовіч сказаў: «Праблемы раманнай творчасці Івана Шамякіна – тэма даволі складаная. Гэта хутчэй тэма доктарскай, а не кандыдацкай дысертацыі». Я хацела ўставіць свае, як кажуць, пяць капеек, але Павел Кузьміч так глянуў на мяне, што не адважылася, – будзь што будзе. Тэму зацвердзілі.

Праз некаторы час навуковы кіраўнік прапанаваў мне пайсці да Івана Пятровіча і ўзяць інтэрв’ю для публікацыі ў газеце «Літаратура і мастацтва». Але мой паляшуцкі менталітэт не дазволіў гэта зрабіць. Навошта адрываць пісьменніка ад працы? Не кажы гоп, пакуль не пераскочыў.

Аспіранты Інстытута літаратуры прысутнічалі на пісьменніцкіх з’ездах, прымалі ўдзел у пасяджэннях, прысвечаных праблемам літаратуры і літаратуразнаўства. Але і там я не адважвалася звярнуцца да Івана Пятровіча, бо цвёрда вырашыла, што гэта адбудзецца пасля абароны. Сустрэча з пісьменнікам адбылася 28 сакавіка 1990 года. Мяне выклікалі ў Інстытут літаратуры з нагоды зацвярджэння маёй кандыдацкай дысертацыі ў Маскве. «Вось цяпер ты абавязана ісці да Шамякіна», – сказала я сабе. Іван Пятровіч у той час быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». Я падаравала яму кветкі, нагадала тую даўнюю сустрэчу на сцэне Дома афіцэраў, расказала пра абарону дысертацыі паводле яго творчасці. Ён быў просты, добразычлівы, сказаў што дырэктар Інстытута літаратуры Віктар Антонавіч Каваленка запрашаў на абарону, але Іван Пятровіч не захацеў ісці па адной простай прычыне: каб дысертантка меней хвалявалася.

Мы размаўлялі доўга. На ўсё жыццё запомніцца мне выключная шчырасць, сардэчнасць, адкрытасць пісьменніка. Ён гаварыў пра сваю сям’ю, пра жонку Марыю Філатаўну, пра дзяцей і ўнукаў, трывожыўся за слабое здароўе сына. Але найбольш яго хвалявала балючае для ўсіх нас пытанне: Чарнобыль, будучыня беларусаў.

«Мы з Міколам Мятліцкім былі ў Хойніках адразу ж пасля аварыі. Бачылі ўсё на свае вочы. Гаварылі з людзьмі, былі ў школах, у вучылішчы»,– казаў Іван Пятровіч. Даведаўся, што мой брат з жонкай настаўнічаюць у Хойніках, брат выкладае беларускую мову і літаратуру, ён спытаў: «Можа, патрэбна дапамога? Мы маем магчымасць праз фонд міру забяспечыць неабходнай літаратурай, падручнікамі». Здзівіўся, калі я сказала, што маю дваіх дзетак, сказаў што вельмі молада выглядаю. Наконт будучай манаграфіі адкрыта сказаў: «Час вельмі складаны. Кнігі вядомых літаратараў чакаюць чаргі. Калі б ваша даследаванне было не пра маю творчасць, то змог бы дапамагчы, а так – няёмка».

Доўга Іван Пятровіч шукаў кнігу, каб мне падараваць на памяць, я ж не здагадалася прынесці. Знайшлася, нарэшце, рускамоўная публікацыя «Атлантаў і карыятыдаў» у раман-газеце. Сціснулася сэрца, калі ўбачыла, як Іван Пятровіч, падпісваючы твор, левай рукой падтрымвае правую, нібы падпіхвае, падштурхоўвае яе. «Хоць бы пажыў яшчэ», – падумалася тады. Я яшчэ не ведала, што гэты жэст здаўна для пісьменніка стаў звыклым, своеасаблівым, нават магічным.

Раніцай 29 сакавіка, перапоўненая ўражаннямі, я ўжо была дома ў Мазыры. Муж мой Яўген з прытворным дакорам прамовіў: «Бадзяешся па камандзіроўках і не ведаеш, што дачушка табе ўнука нарадзіла…» Я ў слёзы, вядома, слёзы радасці. Дзівоснае супадзенне. Мой унучак Паўлік нарадзіўся ў той светлы вясновы дзень, калі мая душа аж праз 23 гады запатрабавала новай сустрэчы з Іванам Пятровічам Шамякіным.

Праз некаторы час я зноў апынулася ў Мінску на нарадзе, прысвечанай праблемам літаратуры. У файе Акадэміі навук сустрэла Івана Пятровіча. Прывіталіся, пагутарылі. Я спытала:

– Іван Пятровіч, вы памятаеце мяне?
– Вядома. Каб я Галю Дашкевіч не пазнаў!

Мне стала цёпла, радасна. Пісьменніка цікавіла мая выкладчыцкая праца, настрой студэнтаў, мая сям’я, Мазыр, Прыпяць. Запомнілася, з якой бацькоўскай трывогай ён расказваў пра сваю дачку Алесю. Ужо некалькі гадоў замужам, а дзетак няма.

– Так хочацца дачакацца ад яе ўнукаў.

– Бог дасць – будуць у Алесі дзеці,– прамовіла я, уражаная чыстай, светлай спавядальнасцю вялікага пісьменніка і чалавека.

* * *

Напярэдадні 75-годдзя Івана Пятровіча Шамякіна мне патэлефанаваў старшы навуковы супрацоўнік музея Якуба Коласа Мікола Данілавіч Мацюх. Ён паведаміў, што юбілейны вечар адбудзецца ў музеі, што Іван Пятровіч запрашае мяне на святочную сустрэчу. Першае, пра што трэба было паклапаціцца, – гэта пра падарунак выдатнаму земляку-палешуку ад мазыран. Загадчыца аддзела культуры Марыя Іванаўна Патап’ева і дырэктар музея Іна Іванаўна Васількова прапанавалі выбраць у выставачнай зале карціну на свой густ. Нам вельмі спадабалася карціна мастака Васіля Пыталя з Ельска з мазырскім краявідам: усход сонца, мост над Прыпяццю, відаць дахі дамоў каля Яснае тары, супрацьлеглы бераг з жывой, трапяткой вадой.

Вечарына атрымалася на славу. Гэтаму спрыяла асвечаная арэолам мудрасці і дабрыні, жыватворнай чалавечай, унутранай прыцягальнасці асоба самога юбіляра, якая як магнітам прыцягвала да сябе людзей. А яшчэ нязмушаная гасціннасць Коласава дома, яго гаспадароў. Запомніліся ўзнёслыя твары Пятра Фёдаравіча Прыходзькі, Віктара Антонавіча Каваленкі, Міхася Іосіфавіча Мушынскага, Уладзіміра Міхайлавіча Конана, Марыі Георгіеўны Захарэвіч, Міколы Мікуліча, Алеся Рыбака і многіх іншых.

Я выказала словы захаплення ў адрас юбіляра, прачытала свой верш «Да 75-годдзя Івана Шамякіна», які потым прагучаў па радыё і на тэлебачанні.

Праз снежныя зімы, завеі
Ўпарта ідзеце наперад.
На аркушы белай паперы
Любоў і надзея, і вера.
На аркушы белай паперы –
Чысцейшая дружба і здрада.
Шырока адчынены дзверы
Каханню, сумленню, спагадзе.
А сэрца нястрымна імкнецца
Ўвабраць увесь боль чалавечы.
Як дрогне яно, як заб’ецца
Ад крыўды, хлусні недарэчнай!
У глыбокую плынь роднай мовы,
У нязгасны зеніт Адраджэння
Ісці да канца Вы гатовы…
Пашлі Вам Гасподзь блаславення.

За святочным сталом землякі Якуба Коласа падаравалі Івану Пятровічу цудоўны пірог і праспявалі песню на словы У. Някляева пра віно-гаркоту. Тут не вытрымала я і праспявала палескую каравайную:

Ой, раным-рано ды скажыце,
баяры,
Ой, раным-рано ды што ў тым
караваі,
Ой, раным-рано – ды з сямі
палёў пшаніца,
Ой, раным-рано – ды з сямі
крыніц вадзіца,
Ой, раным-рано – ды з сямі
курак яечко,
Ой, раным-рано – ды з сямі
кароў маслечко.

Іван Пятровіч пацалаваў мяне, абняў і не папрасіў, а прыказаў:

– Сфатаграфуйце мяне з Галінай!

Дзякуючы Мікалаю Данілавічу Мацюху засталася памяць – фатаграфіі, здымкі, якія ён даслаў мне ў Мазыр пасля незабыўнай вечарыны. Было што мне расказаць сваім студэнтам і землякам – прыхільнікам творчасці Івана Шамякіна.

Тэлефонныя размовы з пісьменнікам былі не частымі, але рэгулярнымі. Я заўсёды віншавала яго з днём нараджэння і са святамі ад імя мазыран, выкладчыкаў і студэнтаў Мазырскага педінстытута. I ён заўсёды падрабязна распытваў пра маю сям’ю, жыццё горада над Прыпяццю, расказваў пра сваіх унучак, пра маленькага Іванку, сыночка Алесі. Ганарыўся сваімі дочкамі – Таццянай, якая абараніла доктарскую дысертацыю, і Алесяй, якая стала кандыдатам філалагічных навук. Часам Іван Пятровіч сам званіў мне ў Мазыр.

Аднойчы муж падняў трубку і неспадзявана на чысцейшым тураўскім дыялекце загаманіў:

– Ідзі скорэй! От дождаласа, дожыласа! Сам Шамякін целефонуе!

Я з хваляваннем падышла да тэлефона. Іван Пятровіч не мог стрымаць радасці:

– Галіна Мікалаеўна! У мяне на стале сігнальны экземпляр кнігі пра Чарнобыль «Прайсці праз зону-2». Мікола Мятліцкі прынёс. Тут змешчана нізка вашых вершаў. Я віншую ад душы. Рады за вас.

Я доўга не магла апамятацца ад здзіўлення і пачуцця бязмежнай удзячнасці. Сам Шамякін мяне павіншаваў.

Апошняя наша сустрэча адбылася 29 сакавіка 2001 года на кватэры пісьменніка. Іван Пятровіч чакаў мяне, быў прыветлівы і гасцінны. Падараваў мне новае выданне «Сэрца на далоні» і цудоўна выдадзеную кнігу апавяданняў для дзяцей «Промні маленства» майму ўнуку. Прачнуўся маленькі Ванечка, дзядуля на руках паднёс яго да мяне, пазнаёміў з зяцем Сяргеем Уладзіміравічам і яго маці Ліліяй Сцяпанаўнай. Дачка пісьменніка Алеся свяцілася ўся непадробнай цеплынёй і жаночай абаяльнасцю.

Іван Пятровіч сам загаварыў пра сваё гора – смерць сына і жонкі, параўнаў сябе з буслам без крыла. Калі даведаўся, што ў мяне памерла маці, выказаў глыбокае спачуванне. Я падаравала пісьменніку і яго блізкім сваю кнігу паэзіі «Верасніца», паабяцала прыслаць для Івана-малодшага кнігу вершаў для дзяцей. Пісьменнік быў змучаны, але не зламаны горам, хоць з болем прызнаўся: «Задум, сюжэтаў – мора, ды сілы ўжо пакідаюць». Калі гаворка зайшла пра літаратуразнаўчы аналіз яго творчасці, ён усміхнуўся: «За мной крытыкам цяжка ўгнацца!».

Гэты цягавіты араты на ніве мастацтва з паляшуцкай упартасцю рабіў сваю справу, спяшаўся жыць і працаваць. Ён застанецца ў памяці нашчадкаў мужным, мудрым рыцарам роднай літаратуры, яскравым прыкладам плённага ўвасаблення таленту, дараванага Богам. А яшчэ ў памяці людской ён назаўжды застанецца цудоўным Чалавекам з сонечнай душой.
Сёння наш Мазырскі педагагічны ўніверсітэт з гонарам носіць імя Івана Пятровіча Шамякіна. Гэта лёсавызначальнае Гасподняе наканаванне за нястомную працу вялікага сына Палесся, за яго агромністы ўклад у скарбніцу беларускай і сусветнай літаратуры.

Яшчэ не адно пакаленне літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў, аспірантаў, студэнтаў будзе разгадваць таямніцу незвычайнай чытабельнасці, папулярнасці твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна.

Запісала Наталля КАНОПЛІЧ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: