Іх творчасць унікальная. «Новыя iмёны» — выстаўка работ самадзейных мастакоў у выставачнай зале нашага горада

Сорак сем творцаў прадставілі свае карціны. Яны рознага ўзросту: ад шасцігадовых дзяцей да людзей, якія даўно знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Адпаведна ўзросту ў іх і розная тэматыка твораў і розны ўзровень майстэрcтва. Але нязменна прасочваецца адна асаблівасць: праз карціны паказаць сваю індывідуальнасць, свой почырк, сваё творчае аблічча. А яшчэ – адлюстраваць прыгажосць нашага краю, улюбёнасць у людзей, імкненне да прыгожага, непаўторнага.


Карціны Алёны Сазанчук, напрыклад, не зблытаеш з работамі іншых мастакоў. У яе свой выпрацаваны стыль, сваё бачанне жыцця. У цэнтры карцін – чалавек, аднагодак мастачкі, са сваімі думкамі, перажываннямі, марамі. Можна падоўгу любавацца гераіняй карціны «Кава-паўза», дзе маладая дзяўчына, седзячы ў кавярні за столікам з чашкай кавы і гледзячы праз акно на вуліцу, відаць, задумалася аб сэнсе жыцця. І нават не да кавы, калі думкі не даюць ёй спакою.

Такім жа настроем прасякнута і карціна Алёны «Сам-насам з сабой». Задуменная дзяўчына на беразе мора вельмі падобна на самую мастачку. Аб чым можа думаць яна пад шум марскіх хваль і неўгамонныя крыкі чаек? Гэта яе асабістае. А вакол бушуе такое светлае, такое яркае жыццё! І сама дзяўчына – часцінка гэтага жыцця. І хоць фон карціны створаны халоднымі фарбамі, сама гераіня нібы выліта з сонца, яна ўся аж свеціцца. І верыцца: усё ў гэтым жыцці будзе добра, хоць побач і шумяць грозна хвалі…


Замілаванне выклікае і карціна Алёны «Дуэт». Двое маладых закаханых знайшлі ціхі, спакойны куточак, дзе можна не баяцца, што нехта парушыць іх спакой. У юнака ў руках гітара. Глядзіш і нібы чуеш чароўную мелодыю, што льецца ад гітары, і пад яе, прыціснуўшыся да каханага, так добра марыць.


Летнія вечары для чалавека бываюць розныя. Адзін праседжвае каля тэлевізара, другі праглядвае газеты, трэці вабіць час у кавярні або ў рэстаране, чацвёрты бязмэтна прагульваецца па вуліцы або цікавіцца таварамі ў магазіне, наведваючы яго, як музей… Для гераіні карціны Аксаны Адамовіч «Летні вечар» найлепшы адпачынак – сустрэча з кнігай, а вельмi добрае месца для гэтага – балкон. Цела разняволена, вячэрняя цеплыня лашчыць яго, хоць змрок згушчаецца. Твару жанчыны не відаць, але адчуваецца, які ён засяроджаны.

Прыемна ўражваюць партрэтныя работы Арыны Шаблінскай «Дзяўчына», Кацярыны Фяськовай «Загадкавая дзяўчына», Аксаны Адамовіч «Золата Усходу», Алёны Чарвінскай «Боб» і іншыя.

Кранае сваёй непадкупнасцю карціна Кацярыны Андрусевіч «Вёска». Хаціны вяскоўцаў, слупы электраперадач, буслянка на вяршыні ствала дрэва, а вось на вуліцы – нікога. Ні дарослага, ні дзіцяцi, ні жывёлы, ні птушкі. Вуліца пустая – сведчанне таго, што вёска паціху вымірае. І становіцца неяк не па сабе…


З любоўю выканана карціна Святланы Лозка «Снягір». На светлым фоне птушка ўчэпіста трымаецца лапкамі на галінцы рабіны. На многіх галінках – чырвоныя гронкі ягад – корм для птушак. Ніводнай лішняй дэталі!


Гармоніяй фарбаў вызначаюцца карціны Ірыны Шашолка. Адна з іх – «Захад». На ёй адлюстравана мяжа паміж святлом і цемрай. Сонца праз некалькі хвілін знікне за гарызонтам – і тады цемра завалодае ўсім наваколлем. А пакуль дрэвы робяцца прывідамі, змрок згушчаецца. «Паміж мінулым і будучым мост» – карціна Валянціны Бандарэнкі. Неба цёмнае, з чырвонымі водсветамі. Яно выражае і трывогу, і заклапочанасць. Але вяршыні маста свецяцца яркім святлом. І гэта дае веру ў светлае будучае.

Душэўны ўздым дзяўчыны, яе аптымістычны, радасны, шчаслівы настрой засведчыла карціна Наталлі Атапінай «Ружовая раніца» – раніца жыцця гераіні. Яна такая цудоўная і непаўторная, як гэта кветкавае поле. І столькі ў ёй жыццёвай сілы, столькі энергіі!

У мастацкай выстаўцы прымаюць удзел таксама Анастасія Аляксеева, Марына Блоцкая, Анастасія Багдановіч, Улада Баравічэнка, Наталля Бубен, Алёна Верабей, Маргарыта Грушко, Вольга Гуз, Елізавета Дзеравянка, Андрэй Жлоба, Алёна Жураўская, Вольга Зухта, Ганна Ёўчык, Валерыя Клус, Анастасія Казачэнка, Іванна Карнеявец, Ганна Кузняцова, Галіна Шляга, Улад Шчыгалёў, Елізавета Кутузава, Юлія Лявоненка, Ганна Лозка, Святлана Лозка, Юлія Марціновіч, Анжэліка Мажэйка, Алёна Панцялеенка, Дарыя Пархоменка, Дар’я Пранюк, Ксенія Сідорчава, Ігар Скеп’ян, Святлана Скідан, Вікторыя Стэльніковіч, Марыя Сцепаненка, Юлія Стома, Вераніка Фількевіч, Ульяна Чарвінская, Ярома Чарвінскі, Наталля Яроўская.


Удзельнікі выстаўкі – наведвальнікі арт-студыі «Квадрат», арганізаванай некалькі год таму таленавітай мастачкай і педагогам Анастасіяй Уладзіміраўнай Чадзій. Кожны, хто хоча навучыцца самастойна ствараць карціны, знаходзіць надзейную падтрымку і цёплыя адносіны з боку прафесійнай мастачкі. У арт-студыі можна навучыцца не толькі маляваць, але і проста хораша адпачыць, набыць сабе новых сяброў.

«Я каля года з задавальненнем праводжу час у арт-студыі «Квадрат», – дзеліцца сваім уражаннем адна з самадзейных мастачак, Святлана. – Гэта ператварылася ў маё хобі, якое мне дастаўляе радасць і задавальненне. Вельмі прыемныя і нязмушаныя абставіны дабратворна ўплываюць на мяне і прымушаюць акунуцца ў новы свет».

«У пастаянным патоку жыццёвых задач, – у тон ёй дадае Анжэліка, – складана задумацца пра тое, што сапраўды для нас важнае. Кожнаму неабходна выбраць момант для таго, каб спыніцца і заглянуць унутр самога сябе. Заняткі ў арт-студыі «Квадрат» дораць гэтую паўзу, у працэсе малявання час замаруджваецца. …У Анастасіі атрымалася стварыць не проста студыю – яна стварыла атмасферу, дзе нараджаецца творчасць».

Сказанае пацвярджаецца работамі, якія прадстаўлены на выстаўцы «Новыя імёны».

Аляксей СОЛАХАЎ,
дацэнт УА МДПУ імя І. П. Шамякіна,
кандыдат філалагічных навук.
Фота аўтара.