Узорны вакальны ансамбль «Чыпаліна» Козенскага раённага Дома культуры адзначыў 25-годдзе

Калі зоркі запальваюць, значыць гэта каму-небудзь трэба. Безумоўна, трэба!.. І калі 25 гадоў таму назад на базе Козенскай дзіцячай музычнай школы (зараз гэта ДШМ Мазырскага раёна) з’явіўся ансамбль «Чыпаліна», то ён стаў, найперш, цудоўнай знаходкай для бацькоў вясковых дзяцей.

А па-другое, калі пачаў набіраць абароты ў творчых дасягненнях, то туды пацягнуліся і гарадскія школьнікі рознага ўзросту.

Дарэчы, год назад узорны вакальны ансамбль «Чыпаліна» (кіраўнікі – Клаўдзія Пуш і Дыяна Такарская, харэограф – Любоў Пашкоўская) увайшоў у склад Козенскага раённага Дома культуры. Нядаўна на сцэне гэтай установы адбыўся вялікі канцэрт, у ходзе якога вялікія і малыя «чыпалінкі» прымалі віншаванні з нагоды юбілею ад удзячных слухачоў,  даруючы ў адказ свае лепшыя песні.

«Узорны вакальны ансамбль «Чыпаліна» – лаўрэат і дыпламант шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў (Беларусь, Расія, Украіна, Балгарыя, Малдова, Туркменістан), двойчы ўладальнік Гранд-прэміі Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі».

Знакавыя вехі

Узорны вакальны ансамбль «Чыпаліна» з’явіўся на небасклоне Мазыршчыны ў 1996 годзе, дзякуючы намаганням выкладчыцы Козенскай дзіцячай музычнай школы Клаўдзіі Алегаўны Пуш.

У 2003 годзе ансамблю прысвоена званне «ўзорны самадзейны калектыў» за высокае выканальніцкае майстэрства, творчае развіццё нацыянальных, культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць.

«Чыпаліна»  зараз

У калектыве функцыянуюць 3 групы: у малодшай займаюцца 10 чалавек, у сярэдняй – 9 навучэнцаў, а ў старэйшай, якую складаюць выпускнікі, – 12.

Узорны вакальны ансамбль «Чыпаліна» названы па вобразу і настрою аднайменнай вясёлай песенькі-візітоўкі, выконваемай на канцэртах. У ранні рэпертуар уваходзілі дзіцячыя песні пад уласны акампанемент на розных музычных інструментах, а цяпер гэта ў асноўным эстрадная музыка.

Добра спяваць – не азначае быць артыстам

Таленавітыя выпускнікі «Чыпаліна» знайшлі сябе ў розных прафесіях: Алена Казак і Аліна Туравец – настаўнікі, Вікторыя Галіева – урач, Наталля Гапеева – юрыст. Вучобу ў вышэйшых навучальных установах працягваюць Яўген Карабун і Марыя Гушляк, сёлетнія выпускнікі – Галіна Крэшчук, Уладзіслаў Сыцько яшчэ ў пошуку будучых шляхоў. А вось для Хрысціны Ермакавец творчасць і любоў да музыкі сталі справай жыцця – яна працягвае працаваць настаўнікам музыкі ў дзіцячай школе мастацтваў. Сярод выпускнікоў ёсць і такія, хто з 1 верасня ўвальецца ў калектыў музыкаў-педагогаў. У гэтым ліку – Анастасія Пуш і Ангеліна Туравец. У студзені мінулага года рады выкладчыкаў папоўніла былая выпускніца ансамбля Дыяна Такарская.

Зоркі запальваюцца  на конкурсах

Гэта амаль тое самае, калі кажуць, што «куранят па восені лічаць».

За чвэрць веку нават і не злічыць тых конкурсаў і фестываляў, у якіх  прыняў удзел узорны вакальны ансамбль «Чыпаліна». Самымі знакавымі для яго сталі: міжнародны адкрыты конкурс песні і танца народаў Расіі і свету «Анёл надзеі» (г. Санкт-Пецярбург); міжнародны конкурс-фестываль «Зорны Сімеіза» (г. Ялта); фестываль талерантнасці «Сузор’е  дабра»  (Чарнаморскае, Крым); фестываль «Вянок талентаў» міжнароднага фестывалю «Балтыйская феерыя» (г. Санкт-Пецярбург); міжнародны моладзевы эстрадны фестываль у стылі рэтра (г. Санкт-Пецярбург); фестываль «Сузор’е дабра» (Малдова); міжнародны творчы фестываль «Хваля ідэй» (Балгарыя); сузор’е  дзіцячых талентаў і фестывальнага руху «Сузор’е Раства» (г. Масква); міжнародны фестываль «Зорная гавань» (Чарнаморскае).

Сузор’е ўзнагарод

За апошнія два гады ансамбль і салісты калектыву прынялі  ўдзел у абласным конкурсе вакальных ансамбляў «Спяваючая Гомельшчына», які праходзіў у  Калінкавічах. У міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў «Vocal smile» (г. Гомель) лаўрэатам 2 ступені сталі салісты калектыву Дзмітрый Міткевіч і Вікторыя Пракапенка, а Анастасія Петралай – лаўрэатам 3 ступені.

У міжнародны грантавым конкурсе мастацтваў «Вышэй зорак» (г. Масква) Дзмітрый Міткевіч  атрымаў Гран-пры, а калектыў стаў лаўрэатам 1 ступені. У міжнародным конкурсе мастацтваў «Восеньскія мроі» (г. Санкт-Пецярбург) калектыў стаў лаўрэатам 1 ступені, а Вікторыя Пракапенка і Анастасія Петралай атрымалі дыпломы лаўрэатаў 2 ступені.

У міжнародным шматжанравым фестывалі творчасці «Белавежская зорка» (г. Мінск) калектыў стаў лаўрэатам 2 ступені, а дыплом лаўрэата 1 ступені атрымала Анастасія Пуш. У міжнародным конкурсе-фестывалі «Мастацтва без межаў» (г. Масква) Яўген Шуканаў (малодшая група) стаў лаўрэатам 2 ступені; у міжнародным конкурсе мастацтваў «Тэрыторыя талентаў» (г. Ніжні Ноўгарад) лаўрэатам 2 ступені стала Аліна Сыцько, а Максім Бязрук атрымаў дыплом лаўрэата 3 ступені; на міжнародным конкурсе мастацтваў «Grodno Star»
(г. Гродна) Аліна Сыцько стала дыпламантам 2 ступені; на ўсерасійскім музычна-патрыятычным конкурсе «Вялікая краіна» Анастасія Пуш заваявала дыплом лаўрэата 1 ступені, а ў міжнародным тэлепраекце «Кубак дружбы» і міжнародным фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні» яна стала лаўрэатам 2 ступені.

Відавочна, што юныя выканаўцы, працягваючы лепшыя вакальныя традыцыі горада над Прыпяццю, праслаўляюць яго не толькі на рэспубліканскім, але і міжнародным узроўні, кожны раз пацвярджаючы, што Мазыршчына – песенны край, і любоў да добрай музыкі і песні ў нас у крыві, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. Цёплых слоў
удзячнасці і апладысментаў заслугоўваюць таксама бацькі выхаванцаў, якія выступаюць галоўнымі спонсарамі ўсіх «зорных» ідэй і праектаў. Брава, «Чыпаліна»!

Наталля КАНОПЛІЧ, фота з архіву.