Изделия добрушских фарфористов с символикой Года народного единства набирают популярность у потребителей

72

Прадукцыя Добрушскага фарфоравага завода, адзінага ў краіне і аднаго з буйнейшых вытворцаў фарфоравых вырабаў на прасторах Садружнасці незалежных дзяржаў, наўрад ці мае патрэбу ў шырокай рэкламе. Яе якасць і дызайн станоўча ацанілі не толькі ў нашай рэспубліцы і суседняй Расіі, на якую прыходзіцца да 80 працэнтаў агульнага аб’ёму экспарту, але і ў іншых краінах замежжа – Германіі, Францыі, ЗША, Польшчы, Казахстане, Арменіі…

Паскорыць працэс выпуску – ад стварэння эскізаў посуду да запуску ў вытворчасць, палепшыць якасць вырабаў дапамагае калектыву ўстаноўленае ў вытворчых цэхах новае абсталяванне, пiша vdobrushe.by.

– Рэалізацыя каля года таму ў нашым падраздзяленні інвестыцыйнага праекта – запуск машыны і тэхналогіі лічбавага друку – дазволіла за гэты перыяд асвоіць выпуск каля 30 новых калекцый посуду, – адзначае начальнік жывапіснага цэха Валянціна Сівакова. – Цяпер пры неабходнасці сумесна са спецыялістамі мастацкай лабараторыі мы не толькі можам распрацоўваць і наладжваць выпуск новых вырабаў, але і істотна знізіць затраты на дэкарыраванне кубкаў і талерак, пашыраючы іх асартымент…

У гэтыя дні добрушскае прадпрыемства працягвае ўносіць прыкметны ўклад у папулярызацыю ідэі Года народнага адзінства. Да стварэння новай лінейкі вырабаў з тэматычнай  сімволікай і іншымі выявамі патрыятычнай тэматыкі, прызнаюцца завадчане, іх падштурхнуў адпаведны Указ кіраўніка дзяржавы. Актывізавалася ж гэта праца ў чэрвені-ліпені – да Дня Незалежнасці краіны і з новым дакументам, падпісаным Прэзідэнтам, – аб устанаўленні свята Дня народнага адзінства 17 верасня.

– Канцэпт малюнкаў новай калекцыі акрэсліўся дакладна: лагатып Года народнага адзінства, якім аздобілі сувенірныя дэкаратыўныя 20-сантыметровыя талеркі з падстаўкамі і кубкі ёмістасцю 300 мілілітраў, стылізаваны лозунг «За Беларусь!» з колерамі дзяржсімволікі размясцілі на чайнай пары, – распавядае вядучы спецыяліст завода па маркетынгу Марына Зайцава.

Дарэчы, казаць, што патрыятычная тэматыка ў афармленні фарфоравай прадукцыі з’явілася як бы «з чыстага ліста» неправамерна, адзначаюць на прадпрыемстве.

– Нашы мастакі аператыўна працавалі над эскізамі малюнкаў, у якіх прысутнічаюць нацыянальна-патрыятычныя матывы, – падкрэслівае Марына Зайцава. –Вынікам калектыўных намаганняў сталі каля 20 распрацовак. Гэта дэкаратыўныя вырабы з выявамі бусла, зубра, якія ўспрымаюцца як нацыянальныя сімвалы Беларусі, і сувенірны посуд з адлюстраваннем самых знакавых месцаў абласных цэнтраў краіны,асаблівасцяў нацыянальнага адзення…

Трэба сказаць, што з новымі калекцыямі прадукцыі добрушскія майстры фарфору апынуліся на хвалі спажывецкага попыту. Першая партыя сувенірных вырабаў колькасцю звыш тысячы адзінак, што трапіла ў гандлёвую сетку, разышлася вельмі хутка. Зараз на ДФЗ ідзе камплектаванне заказу на другую пастаўку прыблізна такога ж аб’ёму.

– Вельмі актыўна супрацоўнічаюць з намі рэгіёны з развітай сеткай унутранага і міжнароднага турызму – Брэст, Гродна, Мінск, – паведамілі «ДК» спецыялісты службы маркетынгу.

Прыхільнікі добрушскага фарфору тым часам выказваюць спадзяван­ні, што мясцовы сувенірны посуд неўзабаве зможа стаць прыкметным нацыянальным брэндам. Накшталт беларускіх ільняных вырабаў.

Фота прадастаўлена ДФЗ і ТРК «Гомель»


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: