Талент даецца звыш. Мастак-афарміцель Таццяна Неваднічэнка пра жыцце и творчасць

Нездарма у народзе кажуць: «Калі гэта тваё, то яно будзе з табою на працягу усяго жыцця…» І калі ў свет прыходзяць мастакі, музыкі, паэты, значыць гэта патрэбна Чалавеку і Стваральніку.

Наша субяседніца Таццяна Неваднічэнка нарадзілася ў вёсцы Чырвонабярэжжа, што ў Лельчыцкім раёне, але ж Мазыршчына даўно стала для яе другой малой радзімай. Тут прайшла большая палова яе жыцця. Тут рэалізавала свае прафесійныя і творчыя здольнасці. Працавала мастаком- афарміцелем на кабельным заводзе, каля двух дзясяткаў гадоў служыла ў радыётэхнічным батальёне…


Але аглянемся назад і паспрабуем знайсці тое, што паспрыяла развіццю яе мастацкага таленту. Яе творчая дзейнасць бярэ выток ад бацькоўскай хаты ў вёсцы, за якой замацаваліся прыярытэты – ягадная, грыбная, спеўная, шчодрая на руплівых працаўнікоў, якімі былі і яе бацькі, нарадзіўшыя і выхаваўшыя пяцёра дзяцей.

Пра тое, што калісьці пачне маляваць, Таццяна Адамаўна не думала. Але ж свой першы сюжэт перанесла на паперу алоўкамі дзесьці ў шасцігадовым узросце. І зараз успамінае тую раніцу, калі ў кропельках расы на кветках разгледзела жамчужыны, а ў божай кароўцы – дзівосную казачную казурку, якая нібы спусцілася з нябёсаў. Спачатку малявала алоўкамі, потым акварэльнымі фарбамі, пашыраючы тэматыку сюжэтаў. Марыла пасля заканчэння школы паступіць у Акадэмію мастацтваў. На жаль, хвароба маці не дазволіла здзейсніцца яе марам.

Прыйшлося зарабляць грошы: працавала мастаком-афарміцелем на Гомсельмашы, Мазырскім кабельным заводзе, каля двух дзясяткаў гадоў аддала службе ў радыётэхнічным батальёне. І паўсюдна мастацтва дапаўняла яе асноўныя прафесійныя абавязкі, якія станавіліся больш дасканалымі і рознабаковымі. Вельмі добра ў яе атрымліваліся не толькі сюжэты прыроды, а і партрэтны жывапіс. Калі адчула сэрцам, што захацелася дакрануцца да рэлігійнай тэматыкі, то за бласлаўленнем звярнулася да ўладыкі Тураўска-Мазырскай епархіі – Пятра. Праз некаторы час ён папрасіў Таццяну Адамаўну напісаць партрэт Патрыярха Алексія II – епіскапа Рускай праваслаўнай царквы, які быў перададзены ў адзін з манастыроў епархіі.

Шмат партрэтаў вядомых людзей і сваіх землякоў напісала за жыццё Таццяна Неваднічэнка. Аказалася, што дзеля гэтага і ніякіх дыпломаў не трэба.
А колькі цудоўных куточкаў прыроды знайшлі адлюстраванне на яе палотнах, колькі распусцілася кветак і паспела рабінавых гронак!.. Не магла прайсці міма прыгажосці, каб не ўвекавечыць яе, як і вось гэтыя белыя гарлачыкі з берагоў Убарці і Прыпяці.

Нават сцены яе невялічкага доміка, што ў вёсцы Каменка, размаляваны прыроднымі сюжэтамі: тут рэчка бруіцца, а абапал берагоў – таемны мір прыроды са звярамі, птушкамі, без якіх нельга ўявіць жывёльны і раслінны свет Палесся.

Такія вось цудоўныя людзі жывуць побач з намі на Мазыршчыне. Кажуць, што мастацтва можа цябе і не пракорміць, але ж калі гэта тваё – яно будзе з табою на працягу ўсяго жыцця.

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фотаздымак аўтара.