Галоўнай установай мастацтва ў Мазыры з’яўляецца Мазырская дзіцячая школа мастацтваў

114

Умовы паступлення і перспектывы мастацкай адукацыі абмеркавалі з дырэктарам Мазырскай дзіцячай школы мастацтваў Святланай Сярковай.


Сёлета пасведчанне аб сканчэнні ўстановы атрымаў ужо тысячны выхаванец, а ў снежні школа адзна­чыць свой 45-гадовы юбілей. Сказ пра галодных мастакоў ужо даўно згубіў сваю актуальнасць. Сёння мастацкая адукацыя адчыняе дзверы ў безліч творчых прафесій, у кожнай з якіх можна паспяхова рэалізавацца. Аднак пачынаецца ўсё з асваення базы – акадэмічнага малюнка. Галоўнай установай мастацтва ў Мазыры з’яўляецца Мазырская дзіцячая школа мастацтваў.

Яе дырэктар Святлана Іванаўна на пытанне «якім дзецям падыйдзе навучанне ў мастацкай школе» адказвае проста:

– Я прыхільнік думкі, што кожнае дзіця мае права на пошукі сябе. Таму паспрабаваць можа кожны, хто гэтага толькі пажадае. Ні ў якім разе не трэба весці на заняткi пад прымусам, ці ціснуць на навучэнцаў, калі яны пачалі займацца, але вырашылі кінуць. Хтосьці сябе ў гэтым знаходзіць, хтосьці не, і гэта нармальна. Здараецца, што камусьці проста патрэбен перапынак, каб зразумець. Неаднойчы было так, што дзеці адлічваліся, але потым вярталіся, бо адчувалі, што заняткаў ім не стае. Мы не адмаўляем і даем шанс паспрабаваць наноў.

– З якога ўзросту прымаеце дзяцей на навучанне?

– З узросту 9–11 гадоў можна залічвацца ў першы клас. Акрамя гэтага мы вядзем яшчэ і падрыхтоўчае аддзяленне, куды можна прыводзіць дзетак з 6–8 гадоў. Праходзіць яго не абавязкова для паступлення ў першы клас, але дзеці, якія наведвалі падрыхтоўку, як правіла, ужо больш адаптаваныя і падрыхтаваныя да заняткаў: умеюць працаваць з краскамі і ў цэлым адчуваюць сябе больш упэўнена.

– Якія перспектывы дае пачатковая мастацкая адукацыя?

– Мастацкая школа – гэта першая прыступка да асваення творчай прафесіі. У Беларусі, дарэчы, трох­узроўневая мастацкая адукацыя. Першы ўзровень – мастацкая школа, другі – мастацкі каледж і трэці –
вну і мастацкая акадэмія. У вну, дарэчы, можна патрапіць адразу пасля сканчэння мастацкай школы, калі ёсць такое жаданне.

– Шмат хто з выпускнікоў звязвае сваё жыццё з мастацтвам па сканчэнні?

– Па нашым назіранням траціна выпускнікоў так ці інакш выбірае сабе творчыя прафесіі ў будучым. Дызайнеры, архітэктары, мастакі, ілюстратары, рэстаўратары, скульптары – сферы тут самыя розныя. Многія самі потым выкладаюць мастацтва. Большасць нашага настаўніцкага складу – нашы выпускнікі.

– Што неабходна навучэнцу, каб прыступіць да заняткаў?

– Па-першае, неабходна пісьмовая заява ад бацькоў, бо навучанне ў нас платнае і менавіта бацькі нясуць адказнасць за своечасовую аплату. Акрамя таго, патрэбна забяспечыць дзіця неабходнымі мастацкімі матэрыяламі: набыць паперу, алоўкі, краскі, пэндзлі… Спіс усіх гэтых рэчаў мы даем непасрэдна пры ўладкаванні ў школу.

– А якая плата за навучанне?

– Аплата заняткаў штомесячная і залежыць ад формы навучання. Дзеці, якія навучаюцца з першага па пяты клас, вучацца на бюджэтнай аснове і зараз месяц заняткаў для іх каштуе 18 рублёў 50 капеек. Дзеці на падрыхтоўчым аддзяленні вучацца на пазабюджэтнай аснове. Калі яны наведваюць заняткі двойчы на тыдзень, то ў месяц навучанне складзе 40 рублёў, калі наведваюць заняткі раз на тыдзень – 20 рублёў адпаведна.

– Якую колькасць заняткаў павінен наведваць навучэнец?

– Апошнім часам мы адчуваем недахоп памяшканняў для заняткаў, таму аднолькавым расклад для ўсіх не будзе. Графік складаем арыентуючыся на наплыў дзяцей ў розныя смены. Калі гэта будуць заняткі двойчы на тыдзень, то 4 урокі, калі тройчы на тыдзень – 3 урокі адпаведна. Старэйшаму блоку адводзіцца 13 гадзін на тыдзень, малодшаму – 10. Гэта жывапіс, акадэмічны малюнак, скульптура, станкавая кампазіцыя.

– Колькі цягнецца ўвесь тэрмін навучання?

– 5 гадоў. Па сканчэнні дзіця атрымлівае пасведчанне аб сканчэнні мастацкай школы і магчы­масць працягваць адукацыю ў вышэйстаячых мастацкіх установах рэспублікі.

– Куды і калі звяртацца, каб запісацца на заняткі?

– Напрыканцы жніўня мы ўжо пачалі тэлефанаваць бацькам, каб удакладніць, ці будуць іх дзеці працягваць навучанне. Спачатку верасня ўжо можна запісвацца ў класы і на падрыхтоўчае аддзяленне. Акрамя таго, мы яшчэ маем і хобі-класы для дарослых, дзе можна займацца жывапісам незалежна ад узросту.

 

Алена ТУРАВЕЦ,
пазаштатны аўтар.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: