VIII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Шамякінскія чытанні: Пісьменнік – Асоба – Час» пашырае межы

22

Геаграфія канферэнцыі шырокая – удзельнічаюць даследчыкі з розных краін, сярод якіх Расія, Кітай, Узбекістан, Казахстан, Сербія, Румынія, Ізраіль, Германія і Паўночны Кіпр.

У гэтым годзе ў аргкамітэт паступіла больш за 70 артыкулаў дактароў і кандыдатаў навук, маладых даследчыкаў, настаўнікаў-практыкаў. Шамякінскія чытанні ўжо маюць сваю гісторыю, паколькі кола праблем, якія абмяркоўваліся на канферэнцыі, прыцягнула ўвагу навукоўцаў з краін блізкага і далёкага замежжа.

Пленарнае пасяджэнне адкрыла першы прарэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна Ірына Кавалевіч і адзначыла, што канферэнцыя «Шамякінскія чытанні: Пісьменнік – Асоба – Час» праводзіцца ў рамках літаратурнага тыдня з міжнародным удзелам.

Безумоўна, без творчасці Івана Пятровіча Шамякіна немагчыма ўявіць сучасную беларускую прозу. На гэта звярнула ўвагу дэкан філалагічнага факультэта Таццяна Сымановіч і адзначыла, што яго кнігі выходзілі мільённымі тыражамі і былі перакладзены на дзясяткі моў свету.

Дачка пісьменніка – Таццяна Шамякіна, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – традыцыйна перадала ў адрас аргкамітэта канферэнцыі прывітальны адрас, у якім падзякавала Мазырскі ўніверсітэт за ўвагу да асобы і творчасці Івана Пятровіча, а таксама раскрыла тэму «Міф зямлі і неба ў аповесцях Івана Шамякіна». Былі разгледжаны і іншыя даклады.

Цікавы адукацыйны праект «Я пішу кодэкс настаўніцкага сэрца» прадставілі загадчык кафедры беларускай і рускай філалогіі Таццяна Чэчка, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай філалогіі Ірына Судзібор і паэтычны клуб «Слова» – студэнты філалагічнага факультэта.

Наступная частка канферэнцыі – пасяджэння секцый – праходзіла ў анлайн-фармаце.

Наталля КАНДРУСЕВІЧ. Фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: