Дазвольце прадставiць: Дзед Янкель. Мазыранiн пiша казкi i вядзе блог пра Беларусь i беларусаў

18

Колькi вы ведаеце маладых мужчын, якiя папулярызуюць гiсторыю Беларусi i традыцыi прыпяцкага Палесся праз iнстаграм-акаунт? Аб адным такiм мы вам раскажам.

Дзед Янкель з Махнавічаў

Жывёлавод саўгаса-камбіната «Зара» Ігар Гайкевіч, ён жа Дзед Янкель, пачаў весці свой блог тры гады таму, і за гэты кароткі час улюбіў у палескую спадчыну амаль 20 тысяч чалавек.

Малая радзіма нашага суразмоўцы – вёска Букча Лельчыцкага раёна. Як мы ведаем, гэты раён славіцца сваімі традыцыямі, дыялектам і ў цэлым філасофскім поглядам вяскоўцаў на жыццё. Магчыма, менавіта гэтая лельчыцкая спадчына і дала той плён, які Дзед Янкель і транслюе праз свой блог.

«Ідэя з’явілася сама па са- бе, цяжка гэта растлумачыць. Хацелася проста распавядаць пра прыгажосць Палесся і Беларусі, асабліва пра тыя моманты, што губляюцца ў насычаным віры штодзённых клопатаў», – распавядае Ігар.

Традыцыі, шматлікія гаворкі, побыт – самае добрае натхненне. Таму патрэбна было проста паглядзець вакол сябе, каб убачыць самае каштоўнае – нашу Беларусь. Так і пачаліся шматлікія аповеды на розныя тэмы.

Цікавасць да палескай спадчыны ў нашага суразмоўцы з’явілася яшчэ ў раннім дзяцінстве, калі, слухаючы народныя песні бабуль у святочных камізэльках, вышытых па-лельчыцкаму яскрава, і прыгожых традыцыйных строях, ён быў зачараваны іх гучаннем і сакральным сэнсам.

«Я з дзяцінства цікаўлюся гісторыяй, літаратурай, культурай. Многа чытаю, вывучаю працы айчынных і замежных аўтараў, даследчыкаў, навукоўцаў. Натхненне – у самаразвіцці, – упэўнены Ігар. – Важна кожны свой дзень затрачваць на штосцi карыснае і самаразвівацца. Калі чалавека нешта цікавіць, то патрэбная інфармацыя заўсёды знаходзіцца сама па сабе. Таму давялося вучыцца рабіць дызайн для допісаў, аналізаваць інфармацыю і пісаць патрэбныя тэксты».

Мэта ў блогера даволі простая: прадэманстраваць хараство Беларусі. Як ён сам кажа, мы маем багатую гісторыка-культурную спадчыну ўзростам у мноства стагоддзяў і яе нельга забываць.

«Калі абрубіць карэнне, то дрэва расці не будзе, так і з народам. Таму я і намагаюся растлумачыць людзям, што мы нічым не горшыя за іншых. Наша багацце паўсюль, і яго патрэбна проста заўважыць. Людзі і ёсць самая галоўная каштоўнасць, але ж гэтую простую ісціну трэбна тлумачыць, таму што думка аб гэтым губляецца ў бясконцых клопатах дарослага жыцця, – разважае Ігар. – Часам неабходна проста спыніцца на нейкі момант і асэнсаваць самога сябе, каб крочыць далей. Між тым рух наперад магчымы толькі тады, калі ты ведаеш, што было пазаду. Спадзяюся, што ўсе зразумеюць: кожны можа быць асаблiвым, нягледзячы на паходжанне, месца нараджэння і іншыя стэрэатыпы, што спыняюць нас у самаразвіцці».

«Дзедавы казкі»

«Сям’я – гэта самае галоўнае ў жыцці. Калі ў сям’і ўсё добра, то добра будзе паўсюль. Ад думкі, што дома мяне чакае каханая жонка і любая донечка Еўка, заўсёды робіцца неяк цяплей на душы. Сям’я – гэта таксама і галоўны матыватар ва ўсіх справах», – распавядае малады бацька.

Дзякуючы гэтаму Ігар Гайкевіч пад псеўданімам Дзед Янкель напісаў сваю першую кнігу «Дзедавы казкі» і прысвяціў яе сваёй дачцэ і кожнаму беларусу. У кнізе аўтар змясціў 40 чароўных, а часам фантастычных казак, якія калісьці чуў ад сваіх родзічаў, знаёмых ці проста выпадковых людзей. Да кожнай казкі намаляваў тэматычны малюнак, таму чытаць кнігу лёгка і прыемна.

Дзедавы казкі» – гэта гісторыі нашага Палесся. Часам містычныя, момантамі павучальныя, але, галоўнае, яны зразумелыя. У кнізе сабраны казкі і аповеды на розныя тэмы. Містычныя істоты, гераічныя рыцары, мудрыя людзі – усе яны чакаюць свайго чытача.

Дарэчы, Ігар Гайкевіч амаль заўсёды размаўляе на беларускай мове. Аднак варта адзначыць, што літаратурную мову ён выкарыстоўвае пры вядзенні блога і ў пэўных афіцыйных момантах.

«У паўсядзённым жыцці я размаўляю на гаворцы, якая навукоўцамі аднесена да паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы, – удакладняе блогер. – Між тым гэта ніяк не перашкаджае мне весці размову з іншымі людзьмі. Выкарыстанне прыгожай літаратурнай мовы заўсёды выклікала цёплую ўсмешку ў людзей. Справа не ў тым, на якой мове ты гаворыш, а ў тым, што ты гаворыш. Словы шчырасці і дабрыні гучаць на ўсіх мовах аднолькава».

Пра каштоўнасці

«Я нарадзіўся ў звычайнай вясковай сям’i. Выхоўвалі мяне бацькі, як усіх вясковых дзяцей, бацькоўскай любоўю і фізічнай працай. Галоўнае, чаму яны мяне навучылі, – быць чалавекам, нягледзячы ні на што. Бо ў жыцці ты можаш быць заможным, бедным, хворым ці мець добрае здароўе – гэта не заўсёды залежыць ад цябе. Але чалавекам быць ты абавязаны заўсёды», – дзеліцца сваімі меркаваннямі Ігар.

Увогуле, у маладога мужчыны філасофскае стаўленне да жыцця. Ён лічыць, што чалавека вызначае не столькі прафесія, колькі тое, як ён праводзіць свой вольны час. «Таму адно іншаму не перашкаджае, а, наадварот, дапаўняе. Вельмі небяспечна зацыкліцца на чым-небудзь адным і тым самым не развіваць свой патэнцыял і таленты.

Чалавек павінен развівацца ўсебакова, нягледзячы ні на што.

Асноўная праца – гэта важная частка майго жыцця, але ж не прафесія вызначае чалавека, а чалавек прафесію. Таму замест таго, каб пасля працы займацца невядома чым, я накіроўваю вольны час на сям’ю і хобі, што дае пэўныя станоўчыя рэзультаты», – упэўнены наш суразмоўца.

Дарэчы, сваю дачушку Евачку малады бацька называе сваім «хатнім вучням», бо ўжо ў свой годзік яна праяўляе зацікаўленасць да кніг. Ёй падабаецца перагортваць старонкі і ўважліва слухаць тое, што ёй чытаюць. Яму вельмі прыемна, што ўжо зараз дачцэ палюбіліся вершы Якуба Коласа, якія яна слухае з захапленнем.

Спадзяюся, што разам з жонкай зможам укласці ў нашу дачку з самага маленства карыснае зерне розуму і, дай Бог, у дарослым жыцці яно дасць свае плады. Што ўкладзем дзецям у маленстве, тое і прарасце ў больш сталым узросце.

Вольга ЛАСУТА.
Фота з асабістага архіва героя матэрыялу.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: