Усё часцей і часцей заўважаю на галінах дрэў і на правадах электраперадачы закінутыя туды пары абутку, пераважна спартыўнага, звязанага паміж сабой шнуркамі. І што за моду ўзяла наша моладзь, пераймаючы замежныя звычкі, вызваляцца ад старых красовак нейкім кашчунскім спосабам? Лічу, што гэта сапраўднае апаганенне нашай прыгожай прыроды і гарадскога наваколля.
Хто і навошта, замест таго, каб аднесці непатрэбную рэч да сметніка і пакінуць пасля сябе парадак, аддае перавагу «крутасці» нейкіх незразумелых дзеянняў? За мяжой гэтая з’ява была вядома яшчэ ў 70-я гады XX стагоддзя. Знайсці сапраўдны сэнс вісячых «шузаў» на правадах або дрэвах складана. Такім чынам могуць адзначаць месца, дзе быў забіты чалавек альбо дзе гандлююць наркотыкамі, а таксама пазначаць зоны свайго ўплыву крымінальныя банды.
Яшчэ адна трактоўка: так пазначана месца, у якім чалавек вырас ці доўга жыў і, з’язджаючы, пакінуў аб сабе памяць. У некаторых краінах – гэта нефармальная традыцыя пры заканчэнні навучальнай установы. А скейтэры, напрыклад, робяць гэта са сваімі старымі кедамі, якія адслужылі ім доўгi час, у знак таго, што, дзякуючы ім, былi зроблены вельмі класныя трукi.
На мой погляд, гэта проста хуліганская выхадка падлеткаў.
Так, закінулі вы свае боты на правады… А што далей? Паганы прыклад, як вядома, заразлівы. І пачынаюць іншыя тым жа займацца. Закінулі адныя, другія, трэція… Цуд і хараство! Аж вока радуецца! Асабліва, відаць, у гэтым аздабленні міленька выглядаюць дрэвы. Мала, калі за іх чапляюцца лятаючыя па ветры цэлафанавыя пакеты, трэба яшчэ і непатрэбным абуткам упрыгожыць. Атрымліваецца такая вось «гірлянда».
Як галіны на дрэвах хутка не будуць вытрымліваць гэтай «прыгажосці» з некалькіх пар абутку, так і электрычныя правады паветранай лініі не разлічаны на такі цяжар. Не хапала яшчэ, каб яны абарваліся і павіслі на над зямлёй ці зусім паваліліся ўніз. Тады, на жаль, бяды не абмінуць, бо з электрычнасцю, самі ведаеце, не жартуюць.
Дык каму гэта ўсё трэба? Электрыкам або супрацоўнікам МНС ці работнікам камунальнай службы, якім давядзецца прыводзіць месца ў належны выгляд і парадак? Альбо дзяржаве, якая змушана вылучаць сродкі, каб зняць гэтыя ўпрыгожванні з дрэў і ліній электраперадачы?
А ці ведаюць тыя, хто займаецца развешваннем непатрэбных рэчаў у грамадскіх месцах, што пагражае ім за такую справу?
Удакладнім: за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі можна атрымаць вельмі «непрыемны» штраф. І не трэба думаць, што ніколі не знойдуць «маленькіх» злодзеяў: увесь час на нашых вуліцах павялічваецца колькасць відэакамер назірання і пашыраецца іх дыяпазон і вугал агляду. Рана ці позна «ўзнагарода» па заслугах знойдзе сваіх «герояў». І на грудзі ім замест медалёў павесяць пары іх стаптанага абутку…