У Мазырскім тэатры адбылася патрыятычная акцыя «З кветкай шыпшыны», прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства

107

Акцыя пачалася з экскурсіі па тэатры, якую правяла актрыса Алена Пракопава. Яна пазнаёміла гледачоў з багатай гісторыяй і тэатральнымі традыцыямі Мазыра. Наш тэатр ва ўсе часы імкнуўся адлюстроўваць перадывая памкненні народа і быць цікавым і патрэбным людзям.

На вялікай сцэне ўжо гучалі радкі: «О Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет!» Гэтымі словамі з верша беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі пачаўся вечар-сустрэча з паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі з Зашыр’я Ельскага раёна Рыгорам Уладзіміравічам Бабчанком.

Паэт – аўтар зборнікаў з мілагучнымі назвамі «Асалода», «Вяртанне», «Вышыня» і «Сцяжынамі лёсу». Мы слухалі яго вершы – жывое пранікнёнае беларускае слова – яны пераносілі нас на яго малую радзіму, у цудоўны ранак і на пожню да буслоў. Шмат вершаў паэт прысвяціў Вялікай Перамозе, ветэранам і глыбокім патрыятычным пачуццям да Беларусі. Мы пасцігалі мудрасць ад шчодрага, адкрытага і пазітыўнага чалавека, імкнуліся зразумець, у чым сэнс жыцця і як важна пакінуць аб сабе добры след.

Разам з пісьменнікам з Зашыр’я на сустрэчу да нас прыехалі ветеран педагагічнай працы Святлана Сцяпанаўна Гарабцова і бібліятэкар Іна Пятроўна Петралай. Яны прачыталі вершы героя нашай сустрэчы і расказалі, які паэт у жыцці. Мы і самі гэта адчулі. Да адкрытага мікрафона ў зале падыходзіла моладзь з педагагічнага ўніверсітэта, музычнага каледжа і агульнаадукацыйных школ, каб задаць пытанні сапраўдному творцу на беларускай мове. Хтосьці з дарослых сказаў, што даўно ў Мазыры не было такіх душэўных пасядзелак. Напрыканцы сустрэчы паэт нам праспяваў пра каханне, а за самыя лепшыя пытанні гледачы атрымалі зборнікі вершаў з пажаданнямі ад аўтара.

Мы адчулі дабрыню і вялікую духоўную сілу паэта. Можа таму і сыходзяць на яго вершы з неба? І даходзяць да нас:

Хапае хлеба нам і працы, і прыгажосці на зямлі.
Давайце разам вазвышаць сваю радню і карані.
Не руш таго, што нерушыма, што я люблю, чым ганаруся.
Адна зямля – адна Радзіма, у кожным сэрцы – Беларусь.

Завяршылася патрыятычная акцыя праглядам спектакля на роднай мове «Ладдзя Роспачы», паводле аднайменнай аповесці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўцы рэжысёра Святланы Джэліевай.

Праз усю пастаноўку лейтматывам праходзіла вялікая ідэя любові да Радзімы, якую аўтар увасобіў у кветачцы шыпшыны. Многія гледачы ў тэатр прыйшлі з кветкамі. Дык няхай жа кветка шыпшыны будзе для нас яскравым напамінам аб тым, як важна зберагаць нашу спадчыну і ўзбагачаць дабрабыт і культуру нашай роднай Беларусі!

Варвара САГАН, удзельнік клуба «Юны журналіст» Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі
Фота Сяргея ШАПАВАЛАВА


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: