Ганна Севярынец і «Дзень Святога Патрыка»

391

Набліжаецца цудоўнае свята — Міжнародны дзень роднай мовы. У сувязі з гэтым прапануем нашым чытачам не проста кнігу на беларускай мове, але і гісторыю аб ёй.

Раман Ганны Севярынец «Дзень Святога Патрыка» — гэта твор-пераможца чацвёртага сезона літаратурнага конкурсу для аўтараў-пачаткоўцаў «Першая глава», а таксама лаўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». Ганна Севярынец — беларуская выкладчыца, журналістка і пісьменніца. Скончыла філфак БДУ (1997). Выкладае рускую мову і літаратуру ў школе г. Смалявічы. Яе першы мастацкі твор «Дзень Святога Патрыка» — гэта інтэлігенцкі, прафесійна-філалагічны раман з лёгкай ноткай антыўтопіі і рэалізму. Гэта твор аб трагізме ў жыцці і творчасці беларускіх пісменнікаў, пэўных асоб, пра захаваныя імі праз самыя розныя, часам — нечалавечыя выпрабаванні турмой і катаваннямі, годнасць, гонар, чалавечнасць.

У сваёй першай кнізе аўтарка спрабуе прадказаць лёс нашай роднай мовы і ўзнімае важныя чалавечыя пытанні любові да літаратуры, да роднага слова, да краіны, чалавека. Сюжэт распавядае пра Марыну Дамейка — эксперта міжнароднай моўнай камісіі, якая прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай. Цяпер галоўнай гераіні патрэбна захаваць у спецыяльным архіве тое мастацтва, якое было створана на гэтай мове. Але што яна паставіць на паліцы спецхрану? Каго назаўжды выкіне з гісторыі? Якім чынам на мёртвай мове можна будзе зарабіць мільярды даляраў? Ці з’явіцца ў памерлай мовы шанец? «Дзень Святога Патрыка» — гэта гісторыя любові да мужчыны, да літаратуры, да краіны, якая, на жаль, не можа скончыцца добра.

Калі вас цікавіць беларуская мова, яе становішча, гісторыя, лёс, калі вам не абыякавыя роднае слова і літаратура, то гэта кніга абавязкова знойдзе водгук у вашым сэрцы. «Дзень Святога Патрыка» ёсць у фондах цэнтральнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, гарадскіх бібліятэках імя В. З. Харужай, мікрараёнаў Усходні, Дружба, Маладзёжны.

Алена ВЕЛЯНЦЭВІЧ, бібліятэкар
2 катэгорыі цэнтральнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: