Неабыякавыя нататкi

884

Як грамадзянін Беларусі я вельмі ўзрадаваўся, што 2018 год у нашай краіне аб’яўлены Годам малой радзімы. Упэўнены, што сёлета пройдзе шмат карысных, цікавых  і прыемных мерапрыемстваў, а для тых, хто па нейкіх прычынах здрадзіў мясцінам свайго маленства і юнацтва,  гэта проста выдатная магчымасць зноў вярнуцца ў той незабыўны свет, дзе зрабіў першыя крокі па бацькоўскай зямлі, па зямлі свайго роду. Зямля-матухна, у адрозненне ад нас,  неразумных дзяцей, заўсёды нам застаецца вернай і заўсёды чакае ў госці. У любое надвор’е.

Наогул лічу, што цывілізаваны народ, разумная нацыя  і валодае адной вялікай перавагай – любоўю да Айчыны – малой і Вялікай. Той, хто не навучыўся любіць бацькоўскі край, бацькоў, землякоў, суайчыннікаў,  не здольны і  на іншыя глыбокія пачуцці. У таго ў жыцці ўсё штучнае: яму не трэба вялікая  любоў да жанчыны, яму нават штамп у пашпарце не трэба, яму досыць грамадзянскага шлюбу. Для яго святое слова «сям’я» – пусты гук… Скажу больш: калі самі бацькі не любяць радзіму, плявузгаюць і брыдкасловяць пра яе, то і дзеці вырастуць такімі ж…

У ХХІ стагоддзі ў нас развялося шмат манкуртаў, квасных патрыётаў, людзей перакаці-поле, якія блукаюць недзе ў чужых краях, з’яўляючыся па духу жабракамі свайго лёсу. А менавіта Бацькаўшчына заўсёды павінна жыць у душы чалавека. Ніякія межы, ніякая адлегласць не павінна быць перашкодай для спаткання чалавека са сваёй малой радзімай. Тым больш сёння, калі нават па інтэрнэце можна лёгка хоць завочна спачатку патрапіць у пенаты. А віртуальнае можа неўзабаве перарасці і ў сапраўдныя сустрэчы. Было б толькі жаданне.

У некаторых навучальных установах, на жаль, выхаванне патрыятычных пачуццяў лічыцца чымсьці другарадным і факультатыўным. Але ж несумненна: усё добрае і гуманнае і пачынаецца з любові. А настаўнікі пастаянна павінны клапаціцца пра тое, каб выхаванцы вырасталі сапраўднымі патрыётамі, а не толькі выдатнымі знаўцамі адказаў па тэстах.  Патрыятызм – адно з самых глыбокіх і трапяткіх пачуццяў, замацаваных стагоддзямі, счэпленых крывёй нашых продкаў у вірлівыя войны.

Вялікі ўкраінец Тарас Шаўчэнка трапна заўважыў «Не грэе сонца на чужыне».  Мяне не можа не радаваць, што сёння на Беларусі шмат свядомых патрыётаў, якія пішуць лета-пісы свайго роду, складаюць генеалагічныя дрэвы, шукаюць звесткі пра сваіх землякоў у архівах і ў інтэрнэце. Многія вялікія беларусы праславілі сваю малую радзіму. Акінчыцы, Мікалаеўшчыну мы ведаем дзякуючы Якубу Коласу, які занатаваў аднойчы: «О край мой мілы! Усёй душою хачу злучыцца я з табою, у тваіх палях пазычыць сілу, у тваёй зямлі сысці ў магілу…»

Вязынка прапісваецца святымі літарамі ў душы кожнага, хто наведвае мясціны Янкі Купалы. Дарэчы, гэты прарок нацыі даў запавет нашчадкам: «Чалавек з зямлёй зрастаецца, як … дрэва: ссячы дрэўца – засохне, адбяры ў чалавека зямлю – згіне».

Гераічную Оршу ўславіў «рыцар беларускіх замкаў» Уладзімір Караткевіч, які казаў: «Ёсць адзіна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што інакш нельга».

Полацк  падараваў беларусам і ўсяму  свету асветніцу Еўфрасінню, першадрукара Францішка Скарыну, паэта Сімяона Полацкага.  Гэты спіс вядомых беларусаў і іх малых радзім можна працягваць бясконца! Малыя радзімы  Брэстчыны і Віцебшчыны, Гомельшчыны і Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны далі сваіх знакамітых людзей.

Усе, хто прыязджае ў Беларусь, ужо ніколі не забудуць пра добры, гасцінны і прыязны народ – мужных беларусаў ды прыгожых беларусак. Мае землякі – шчырыя і сардэчныя, спагадлівыя і ветлівыя. Нам яшчэ больш трэба шанаваць традыцыі і звычаі свайго народа, яго мілагучную мову. Нам трэба яшчэ больш шанаваць сваю прыроду і культуру, сваю гісторыю.  І надалей не дапускаць вандалізму ў адносінах да помнікаў. Трэба ўсё зберагаць для нашчадкаў!

Беларусь – сапраўдная скарбніца мудрасці і духоўнасці.  Малая радзіма у кожнага адна, ды й кожны з нас – толькі малюсенечкая часцінка Айчыны. Сапраўдны беларус у гасцях  заўсёды сумуе па Беларусі, а калі вяртаецца дадому, то на сэрцы адразу становіцца лёгка і хораша.

Нам усім разам трэба аберагаць тыя мясці-ны, дзе мы спачуваем сябе як птушкі ў гнёздах. Давайце падтрымліваць Радзіму і дапамагаць ёй, чым можам. Кожны з нас павінен штодзённа задаваць сабе пытанне: што я магу зрабіць для малой радзімы?  Калі можаш стаць мецэнатам – стань ім! Можаш дапамагчы свайму дзіцячаму садку, школе, роднай вёсачцы – дапамажы!

Мне думаецца, без бацькаўшчыны, без свайго народа добры чалавек проста не можа жыць. Беларусь – гэта больш за дзесяць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.  У нашай краіне працякае дваццаць тысяч рэк, агульная даўжыня якіх  дасягае дзевяноста тысяч кіламетраў. І амаль на кожнай малой радзіме ёсць свой вадаём, своеасаблівая прыстань для тых, хто там нарадзіліся, жывуць ці пайшлі ў вялікі свет. Вялікі ўкраінскі паэт Уладзімір Сасюра  нездарма назваў нашу краіну сінявокай з-за вялікай колькасці рэк ды азёр.

Дык давайце, сябры, часцей вяртацца да родных берагоў! Давайце аберагаць свае карані ды гнёзды!

З павагай, Канстанцін Карнялюк.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: