У КСУП «Козенкі-Агра» пачалася пасяўная

1239

«З новымі сіламі пачынаем!»

Работнікам КСУП «Козенкі-Агра» сумаваць няма калі: у гаспадарцы пачалася адна з самых напружаных сельскагаспадарчых кампаній – пасяўная.

На полi каля Козенак механізатары ўносяць арганіку – тут хутка пасадзяць бульбу. Праца вядзецца актыўна, нягледзячы на тое, што перыядычна ўзнікаюць цяжкасці – зямля тут яшчэ не высахла, глейкая, варта толькі ступіць, як абутак тут жа правальваецца. Але па словах кіраўніка аддзялення «Козенкі» Васіля Сямёнавіча Акуліча праз некалькі дзён цёплае вясенняе сонца прагрэе стомленае за зіму поле. Тут стане суха і зямля з радасцю пачне новае жыццё. 60 га, адведзеных пад бульбу, старанна апрацоўвалі лепшыя механізатары гаспадаркі. Сярод іх Мікалай Мікалаевіч Хамутоўскi –  работнік са стажам. Сціпла прызнаецца, што пасля ўнясення арганікі ўдзельнічае ў пасяўной, затым – ва ўборачнай. Адказны работнік да сваёй справы падыходзіць старанна. Заўсёды ў добрым настроі. Вось і сёння ўсміхаецца, кажа, што за зіму «назапасіў сіл», і гатовы прыступіць да самых адказных задач.

Уся тэхніка была адрамантавана ў халодную пару года. Дарэчы, сам Мікалай Мікалаевіч выдатна ў ёй разбіраецца, а таму рамонт робiць сам, у рэдкіх выпадках звяртаецца за дапамогай. Спадзяецца, што тэхніка не падвядзе, таму што адрамантавана яна была якасна, ды і ў гаспадарцы ўсе агрэгаты адносна новыя, у выдатным стане. Таму праблем у гэтым сэнсе быць не павінна. «Дадаць толькі працавітасці, старання і ўпэўненасці ў поспеху. Гэта самыя важныя моманты. З новымі сіламі прыступаем!» – усміхаецца наш суразмоўца.

Юлія ПРАШКОВIЧ.

Фота Аляксандра Саладкова.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: