Родных кніг старонкі запаветныя

282

Кніга… Яна заўсёды была і застаецца адным з лепшых сродкаў выхавання чалавека. «Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”, – пісаў у свой час Францыск Скарына. На вялікі жаль, па прычыне камп’ютарызацыі чытацкая актыўнасць падлеткаў сёння значна знізілася. І перш за ўсё, знізілася цікавасць да беларускамоўных кніг. Зразумела, прымусіць дзяцей чытаць немагчыма, чытаннем трэба захапіць. А гэта ўжо задача дарослых. Свой удзел у гэтым працэсе я як настаўнік беларускай мовы і літаратуры бачу ў стварэнні адзінага чытацкага прастору пры прадуктыўным узаемадзеянні школы і бібліятэкі.

Памочнікам у далучэнні маіх вучняў да чытання стала бібліятэка мікрараёна Дружба г. Мазыра. Бібліятэкары Алена Іванаўна Буцькавец і Анжэла Уладзіміраўна Талецкая, у дасканаласці валодаючы методыкай выхавання чытацкага таленту, заўсёды знаходзяць новыя шляхі да чытача. Арганізаваныя імі мерапрыемствы характарызуюцца неардынарнасцю падыходаў і рашэнняў.

Так, у рамках дэкады беларускай і краязнаўчай кнігі адбыўся паэтычны зоркапад «Родных кніг старонкі запаветныя» па творах беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў 2018 года. З цікавасцю вучні слухалі аповед Алены Іванаўны аб самых яркіх падзеях жыцця і творчасці такіх знакамітых аўтараў, як В. Дунін-Марцінкевіч, Я. Маўр, М. Гарэцкі. Асаб-лівую ўвагу бібліятэкар надала літаратурнай дзейнасці паэтаў-землякоў А. Грачанікава, Я. Янішчыц, В. Ткачова, Е. Дудорга, Ю. Фатнева, А. Атрушкевіча, а таксама лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2015 года С. Алексіевіч. Аповед суправаджаўся паказам урыўкаў з мастацкіх і дакументальных фільмаў, відэапрэзентацыяй.

На мерапрыемства былі запрошаны прыхільнікі беларускай літаратуры Валянціна Іванаўна Нікіціна і Ніна Уладзіміраўна Навуменка – прадстаўнікі народнага клуба аматараў паэзіі «Пегас» Палаца культуры «Будаўнік». Яны з захапленнем прачыталі вершы А. Грачанікава, С. Грахоўскага, падзяліліся сваімі ўражаннямі аб іх творчасці. Праявілі сябе ў ролі чытальнікаў вершаў паэтаў-юбіляраў і вучні 7 “Г” класа Эльвіра Кандрачук, Юлія Краўчанка і Жанна Чыжова. Госць мерапрыемства Валянціна Нікіціна, кіраўнік народнага клуба аматараў паэзіі «Пегас», – наша зямлячка, ураджэнка в. Міхалкі Мазырскага раёна. Уласныя творы аб сваёй малой радзіме яна з задавальненнем прачытала ўсім прысутным, тым самым заклікаючы любіць і шанаваць сваю родную зямлю і матчыну мову.

Увазе прысутных была прадстаўлена кніжная выстава «Вялікія майстры слова».

Супрацоўнікі бібліятэкі на працягу ўсяго мерапрыемства імкнуліся давесці да свядомасці вучняў, што вывучэнне сваіх каранёў, сваіх вытокаў, выхаванне любові да роднага краю адбываецца непасрэдна праз кнігу на роднай мове. Менавіта беларуская кніга дазволіць зазірнуць у цікавы і непаўторны свет на-
цыянальнай культуры, ад-
чуць асалоду ад шматграннай прыгажосці роднага слова.

Алена ТКАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 14 г. Мазыра.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: