Гарадскі пасёлак Акцябрскі запрашае на фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня»

360

ЗАПРАШАЕМ НА «БЕРАГІНЮ»!

У гарадскім пасёлку Акцябрскі з 20 па 24 чэрвеня 2018 года пройдзе Х Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня».

Прайшло  20 гадоў з часу зараджэння вытокаў фальклорнага фестывальнага руху “Берагіня”. Раз у два гады адбываецца заключны маштабны форум. Гарадскі пасёлак Акцябрскі ў чарговы раз гасцінна адчыніць  дзверы для правядзення захапляльных конкурсных імпрэзаў фестывалю.

Юбілейная  “Берагіня”  сімвалічна супадае з Годам малой радзімы. Фестываль – цудоўная магчымасць для беларусаў выявіць сваё, паказаць адно аднаму, чым багаты іх край. У заключных імпрэзах прымуць  ўдзел амаль 50 фальклорных калектываў з Беларусі і калектывы з замежжа. Сярод гасцей – ансамбль “Красная горка” (г. Бранск), народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Вячоркі” (г. Цюмень),  маладзёжна-фальклорная студыя “Banga” (г. Рыга, Латвія),  народны майстра з Даніі і іншыя.

Звыш 800 удзельнікаў і гасцей фестывалю з’едуцца да нас, каб прадэманстраваць сваё майстэрства па захаванні  і развіцці  народнай спадчыны.У чарговы раз гарадскі пасёлак ператворыцца ў адну вялікую святочную пляцоўку.

Акцябрскі раён будуць прадстаўляць  аўтэнтычныя гурты –  “Перазвоны” (Гацкі ЦКДД), “Купалінка” (Пратасаўскі СДНТ), “Шчадрухі” (Забалацкі СК) і дзіцячыя ўзорныя фальклорныя ансамблі – “Рудабельскія зорачкі”(ДУК “Акцябрскі цэнтр вольнага часу”),  “Праменьчыкі” (ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў”), “Некрашынка” (Валосавіцкі СДНТ), “Цярэшкавы шчодрыкі” (Рассветаўскі КСК).

Праграма фестывалю прадугледжвае паказ  абавязковага  выступлення фальклорных калектываў у  адпаведных інструментальных і танцавальна-спеўных намінацыях, удзелу ў конкурсах і турнірах. Гледачам свае канцэртныя праграмы прадставяць замежныя калектывы-госці і калектывы-пераможцы фестывалю мінулых гадоў.   Падчас свята будуць праводзіцца майстар-класы народнага танца, традыцыйных спеваў, інструментальнага выканальніцтва, традыцыйных рамёстваў, пляценне купальскіх вянкоў, гледачоў чакаюць выступленні народных апавядальнікаў, гульнёва-забаўляльныя праграммы, выставы-продажы вырабаў народных майстроў. Праграма фестывальнага жыцця  мае быць насычанай, з абавязковым удзелам апантаных даследчыкаў, экспертаў, педагогаў, дзяцей.

Сардэчна запрашаем да нас на «Берагіню»!

З павагай, Алена Старыновіч, 
галоўны рэдактар дзяржаўнай установы  «Рэдакцыя газеты «Чырвоны Кастрычнік»     


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: