«Белы лебедзь» – у новым статусе. Напрыканцы мінулага тыдня дзверы расчыніў адзін з самых старэйшых гандлёвых аб’ектаў Мазыра

Напрыканцы мінулага тыдня ў святочным антуражы перад пакупнікамі дзверы расчыніў адзін з самых старэйшых гандлёвых аб’ектаў горада.

Дарэчы, Дом гандлю “Мазыр”, які гараджане на працягу шматлікіх дзесяцігоддзяў ласкава называлі “белым лебедзем”, і сапраўды быў падобны на птушку-прыгажуню, гойдаючуюся на павольных хвалях Прыпяці. Тут на пабярэжжы ракі Дом гандлю ж заўсёды вылучаўся сваім месцазнаходжаннем, таму што галоўную плошчу горада ніколі не міналі ні шматлікія вандроўнікі, ні госці Мазыра, розныя дэлегацыі, а, безумоўна, кожнаму з іх удзельнікаў хацелася прыдбаць на палескай зямлі штосьці для сябе на ўспамін альбо ў падарунак блізкім. І за невялікі перыяд часу, калі ўнівермаг не працаваў, усе адчулі яго недахоп і неабходнасць. Таму новы ўладальнік аб’екта – адкрытае акцыянернае таварыства “Мазырская гандлёвая кампанія “Палессе” (далей – ААТ “МГК “Палессе”) – імкнуўся як мага хутчэй вярнуць пакупнікам універмаг у новым абліччы, што ў яго, безумоўна, атрымалася.


Па словах дырэктара таварыства Наталлі Семянюк, рэалізаваць грандыёзны праект з рэканструяваннем, мадэрнізацыяй і поўным капітальным рамонтам удалося ўсяго за паўгода. Ад старога будынка тут засталіся амаль толькі сцены. У рамках рэканструкцыі поўнасцю адноўлены фасад, выканана перапланіроўка і ўнутраная аддзелка. Па-новаму выглядае аб’ект нават звонку: афармленнем шкляной вітрыны займаліся сталічныя дызайнеры. У сярэдзіне памяшкання на трох паверхах атрымаліся розныя прасторныя гандлёвыя залы з сучасным абсталяваннем. Адкрыты фірменныя гандлёвыя секцыі такіх шматлікіх беларускіх прадпрыемстваў-вытворцаў, як “Калінка”, “Камінтэрн”, “Надэкс”, “Стыльмэн”, “Панда” і інш. У асартыменце – тысячы тавараў на розны густ і кошт.


Улічваючы, што адкрыццё аб’екта з новай назвай “Цэнтральны ўнівермаг “Палессе” адбылося амаль напярэдадні навагодніх святаў, то і таварыства, і пастаўшчыкі прапанавалі пакупнікам шмат розных акцый і скідак (асабліва ў дзень адкрыцця), што дазволіць направіць лішак сродкаў на падарункі для блізкіх і афармленне святочнага стала. Кожны з паверхаў адрозніваецца сваёй функцыянальнасцю.


На першым размясціліся гаспадарчая група, тэкстыль і сувенірная прадукцыя, на другім – цэлы дзіцячы свет, адкуль, як з казкі, проста нельга выйсці без нейкай пакупкі, а на трэцім – тавары на любы густ як для жанчын, так і мужчын.


Адметна, што тут прысутнічаюць тавары з новых калекцый, выкананыя вядомымі мадэльерамі-дызайнерамі. Акрамя сучасных відаў адзення, тут знайшлі належнае месца і розныя аксэсуары ад галантарэйных вырабаў да ўпрыгожванняў, што дапаможа завяршыць класічны альбо святочны вобраз. Нельга не адзначыць, што пры рэканструкцыі аб’екта тут не забыліся і пра пакупнікоў з абмежаванымі магчымасцямі. У хуткім часе, згодна з праектам, тут будзе запушчаны ў эксплуатацыю шкляны ліфт, які дазволіць наведаць магазін нават інвалідам-калясачнікам і ўсім тым, каму цяжка падымацца па прыступках лесвіцы. Дарэчы, у складзе ААТ “МГК “Палессе” сёння паспяхова функцыянуюць 14 гандлёвых аб’ектаў, штодзённа забяспечваючы насельніцтва рэгіёна якаснымі паслугамі па продажу як харчовых, так і прамысловых тавараў, працягваючы лепшыя гандлёвыя традыцыі беларусаў.


З увядзеннем у эксплуатацыю ўнівермага “Палессе” гандлёвая плошча таварыства павялічылася больш як на паўтары тысячы метраў квадратных, што не толькі не пашкодзіць абслугоўванню пакупнікоў, а, наадварот, будзе садзейнічаць умацаванню прафесіяналізму і іміджу прадпрыемства, штогод надзейна ўтрымліваючага ў сваіх руках пальму першынства ў розных спаборніцтвах. Калектыў ААТ “МГК “Палессе” жадае мазыранам і гасцям горада прыемных пакупак і добрага настрою.

Наталля КАНОПЛІЧ,
фота аўтара.