Са святам! Славяне ўсяго свету 25 чэрвеня адзначаюць Дзень сяброўства і яднання

Дарэчы, у свеце налічваецца больш 270 мільёнаў славян.

Найбольш шырока гэтая дата адзначаецца трыма дружалюбнымі краінамі: Расіяй, Украінай і Беларуссю. Свята з’яўляецца сапраўды народным, бо ідзе ад агульных каранёў, культурных традыцый і звычаяў. Калі зазірнуць у гісторыю, то славяне складаюць асноўную частку насельніцтва Еўропы. Гэтае свята адзначаюць рускія, украінцы, палякі, сербы, славакі, славенцы, беларусы, чэхі і балгары. Яны святкуюць яго, нават калі ў дадзены момант пражываюць у іншых краінах. Славяне складаюць большасць у такіх краінах, як Расія, Славакія, Сербія, Балгарыя, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Польшча, Македонія, Славенія, Украіна, Чарнагорыя, Харватыя, Чэхія.


Расія з’яўляецца адной з найбуйнейшых дзяржаў, у якой славяне складаюць пераважную частку яе жыхароў. Абласныя нацыянальна-культурныя аб’яднанні ўносяць вялікі ўклад у яднанне славян. Дзейнасць гэтых арганізацый дазваляе захоўваць сувязь часоў. Яны дапамагаюць з пакалення ў пакаленне перадаваць самабытныя традыцыі, звычаі і абрады шматвяковай культуры славянскіх народаў. Пры гэтым адбываецца ўмацаванне грамадзянскага міру і згоды. Дзень яднання славян быў заснаваны, каб з’яднаць розныя галіны славянства і ўмацаваць сувязь пакаленняў. Ён закліканы захаваць шматвяковую дружбу і культуру славян.

У гэты дзень кіраўнікі дзяржаў традыцыйна віншуюць грамадзян не толькі сваёй краіны, але і ўсіх братоў-славян з гэтай знамянальнай датай. Свята прымушае славян усяго свету ўспомніць аб сваім паходжанні і каранях, моўнай і культурнай агульнасцях і адметнасцях народаў свету.

У славян вельмі багатая і разнастайная культура. Ёй варта ганарыцца і дэманстраваць яе іншым народам. Аднак доўгі час ёй не надавалася вялікага значэння, укаранялася ўсё заходняе. У рамках гэтага свята ў розных краінах праводзяцца культурныя мерапрыемствы, накіраваныя на адраджэнне традыцый і культур нашых продкаў.

Дарэчы, манумент Дружбы на памежжы Гомельскай і Бранскай абласцей добраўпарадкаваны ў мінулым годзе. Кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама звярнулася да Прэзідэнта Беларусі з ініцыятывай добраўпарадкаваць гэтае сімвалічнае месца, якое знаходзіцца на нейтральнай тэрыторыі, скрыжаванні межаў трох дзяржаў. Кіраўнік Беларусі не толькі падтрымаў ідэю, але і ўзяў яе рэалізацыю на кантроль. Таму было прынята рашэнне аб комплексным добраўпарадкаванні помніка і прылеглай да яго тэрыторыі. На гэтыя мэты былі выдзелены сродкі з абласнога бюджэту.

Наталля КАНОПЛІЧ.