Дзе радзіма – там і рай… Шануюць народную песню на Мазыршчыне

342

Шануюць народную песню на Мазыршчыне: яна жыватворная крыніца благадатнай зямлі, дзе ўмеюць працаваць да сёмага поту і спяваць у ахвоту.

Сярод шматлікіх калектываў мастацкай творчасці ўстаноў культуры, дзейнічаючых у раёне, народны аматарскі калектыў – гурт народнай музыкі і песні «Стрэчанне» – адзін з найстарэйшых калектываў Палаца культуры ААТ «Мазырскі НПЗ» (створаны ў 1990 годзе, першы мастацкі кіраўнік – Ніна Капусціна; сучасны – Святлана Ціхіня). Менавіта з беларускай музыкі і песні ансамбля «Стрэчанне» ў сценах Палаца культуры пачалася культурная праца з завадчанамі і жыхарамі Мазыра. На сцэне артысты «Стрэчання» не толькі спяваюць, танчаць, але і граюць на розных музычных інструментах: баяне, цымбалах, скрыпцы, флейце, кантрабасе, дудцы, ражку, барабанах і шумавых інструментах. У рэпертуары калектыву – народныя песні і аўтарскія кампазіцыі, а таксама традыцыйная народная музыка і песні Палескага краю, якія адраджаюцца дзякуючы сучасным аранжыроўкам, зробленым сямейна-творчым дуэтам Святланаю і Дзмітрыем Ціхіня, улюбённых у народную песню з маленства, якая i суправаджае іх на працягу ўсяго жыцця. Калі адчуваецца сугучнасць музыкі, слова і кахання, то, як вынік, – нараджаецца цудоўная песня, матыў і мелодыя якой льюцца недзе з глыбіні душы, упадабляючыся ціхай плыні малой палескай рачулкі, увішна лавіруючай паміж прыбярэжнымі хмызнякамі, што назіраецца і ў рэальнасці.

У пошуках сваей «папараць-кветкi»

Для сямейна-творчага дуэта Святланы і Дзмітрыя Ціхіня любоў да народнай песні пачыналася з калыханак матуль, спяваючых над калыскамі немаўлят. Але ж вытокі гэтых жыватворных крыніц, як і малая радзіма, у кожнага з будучых артыстаў свае. Для Святланы – Петрыкаўшчына з яе цудоўнымі матывамі, авеяная легендарным мінулым краю і мужнасцю дзеда Талаша, і сонцам, якое ззяла ў ваконцы. А для Дзмітрыя – Калінкавіцкі раён, надзвычай вядомы сваёй песеннай творчасцю, а таксама жыццярадаснымі, яскравымі і гумарнымі «Каласкамі» і «Калінкамі». Моцнае жаданне завязаць сяброўства з музыкай і песняй абоіх прывяло спачатку ў музычныя школы, а потым – у Мазырскае музычнае вучылішча. Святлану вабіў акадэмічны вакал, а Дзмітрыя – музычныя інструменты, прычым, не толькі сучасныя класічныя, такія, як акардэон, а і старадаўнія беларускія, якім ён не дазволіў згубіцца.


– Мне здаецца, – успамінае Святлана, – што разам са з’яўленнем Дзімы я знайшла тую запаветную і чароўную «папараць-кветку», якую марыць знайсці кожная дзяўчына. І ў далёкім юнацтве, калі я была на раздарожжы паміж акадэмічнай песняй і народнай, з’явіўся дуэт «Вербніца» (на базе Гарадскога палаца культуры), дзякуючы якому загучала народная песня. Крыху пазней, пазнаёміўшыся з асаблівасцямі песні бліжэй, а таксама з новымі аранжыроўкамі, зробленымі для нас Дзмітрыем Ціхіня, я зразумела сэрцам, у якім накірунку трэба рухацца далей. І адчула, што народная песня мне бліжэй за ўсё. Яна яднае, даходзіць да глыбіні душы. Вось так пакрысе напаўняўся рэпертуар «Вербніцы», якой было наканавана перайменавацца ў «Папараць-кветку». Дарэчы, пачатак творчага поспеху гэтага вакальнага гурта адбыўся ў 2004 годзе на II Усебеларускім фестывалі народнага мастацтва «Беларусь – мая песня», дзе калектыў стаў дыпламантам I ступені. У 2006-м годзе за творчае развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць ансамблю было прысвоена званне «Народны аматарскі калектыў», што паспрыяла больш плённаму развіццю. Святлана разам са сваімі салістамі шукала новыя павароты дзейнасці, галоўным накірункам якой стала захаванне аўтэнтычнасці. Таму нездарма ў 2013 годзе, падчас абласнога агляду-конкурсу вакальных народных ансамбляў народнай песні «Папараць-кветка» зноў стала дыпламантам I ступені, а таксама атрымала дыплом за лепшае выкананне беларускай народнай песні без інструментальнага суправаджэння.

Дарэчы, у гурце народнай музыкі і песні «Стрэчанне» творчая дзейнасць Святланы Ціхіня распачыналася ў якасці вакалісткі ў 2002 годзе. Увогуле, гэты час для іх з Дзмітрыем стаў лёсавызначальным (сустрэліся і пажаніліся), як і сама назва гэтага творчага калектыву, узмацняючага пазіцыі і ўсё зычней заяўляючага аб сабе на творчай прасторы не толькі ў рамках рэгіёну і вобласці, а і рэспублікі. Разам з імі народную песню на высокі ўзровень уздымалі самаадданыя і закаханыя ў творчасць людзі, галоўным чынам – завадчане, аб’яднаныя агульнымі творчымі ідэямі, жаданнямі. Нездарма ж кажуць: «Калі музыка йграе, то і душа спявае».

«Стрэчанне»: песняй i музыкай павянчаныя

Мастацкі кіраўнік каллектыву Святлана Яўгеньеўна і кіраўнік інструментальнай групы Дзмітрый Васільевіч Ціхіня – сёння працягваюць лепшыя традыцыі, закладзеныя сваімі папярэднікамі. У склад вакальнага гурту ўваходзяць мужчыны і жанчыны рознага ўзросту, прафесійнай прыналежнасці, сапраўдныя энтузіясты, аматары народнай музыкі і песні. У складзе інструментальнай групы людзі, прафесійна валодаючыя скрыпкай, флейтай, баянам, цымбаламі, кантрабасам і ўдарнымі інструментамі. Яркай адметнасцю каллектыву з‘яўляецца выкананне традыцыйнай музыкі і народных песень Прыпяцкага Палесся.


«Стрэчанне» – неаднаразовы ўдзельнік і лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, такіх, як «Кліч Палесся», «Беларусь – мая песня» міжнароднага фестывалю ў Беластоку, «Славянскі базар» у Віцебску, лаўрэат фестываляў народнай песні ў Латвіі і Літве, Малдове, Украіне, Расіі, Германіі і іншых. Калектыў захоўвае багацейшую спадчыну нашых продкаў, бо менавіта культура аб’ядноўвае людзей і пашырае супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі і нават краінамі. Дарэчы, каб на высокім узроўні прадставіць сваю краіну Беларусь на ХХIII Міжнародным фальклорным фестывалі нацыянальных культур у Чэхіі, калектыў падрыхтаваў адмысловую канцэртную праграму, у якой адбывалася песенна-музычная і харэаграфічная культура беларускага Палесся з бытавымі песнямі, танцамі і народнымі мелодыямі. Гэтаму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца: кіраўнікі ездзілі па вёсках, збіралі песенны і музычны матэрыял, каб надаць новае жыццё забытым народным мелодыям і ператварыць іх у прыгожыя творы для «Стрэчання». Такім чынам, дзякуючы ўсім намаганням, былі падрыхтаваны інструментальна-харэаграфічныя нумары, у лік якіх увайшлі народныя танцы пад акампанемент баяна: «Матлёт», «Карапет», «Падыспань», «Нарэчанька», «Полька беларуская». Наноў быў адкрыты і цэлы вянок інструментальных твораў, сярод якіх – знакамітая «Кадрыля», а таксама выкананы народныя песні, запісаныя ад жыхароў Мазырскага, Лельчыцкага, Калінкавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў. Гэта было зроблена для таго, каб паказаць мясцовы каларыт, шырыню і дабрыню беларускай душы, народныя традыцыі.

Назіраючы за тым, як слухачы паўсюдна ўспрымаюць выступленне «Стрэчання», можна адназначна сказаць, што інтарэс да беларускай народнай творчасці сёння вялікі. І каб наталіць прагу гледача, творчы калектыў пастаянна імкнецца да чагосьці новага, працуе над павышэннем свайго вакальнага і музычнага майстэрства, працягвае працаваць над багатым матэрыялам, сабраным ад жыхароў не толькі навакольных вёсак, а i па ўсяму Палескаму рэгіёну. Згодна з даследаваннямі, можна адзначыць, што ў розных населеных пунктах адну і тую ж песню спяваюць па-свойму. Гэта якраз і ёсць адна з адметнасцяў, якую імкнуцца захаваць і паказаць слухачу артысты. Свае планы і мары ёсць таксама і ў музычна-інструментальнай групы, якая хоча ўвесці ў аркестр забытыя пералівы гармоніка, які суправаджаў беларуса на розных святах…

Гледзячы на ўсе намаганні творцаў, можна сказаць, што народная песня ніколі не знікне, не страціцца. Тым больш, што цікавасць да мінулага праяўляе моладзь. Беларуская народная песня напаўняе сэрцы слухача шчырымі перажываннямі і пачуццямі. Менавіта таму кожнае выступленне «Стрэчання» са сваёй жывой музыкай, выкананай на народных інструментах, і з жывым вакалам, будзе і далей несці свайму слухачу народную культуру і песню, пранізаную моцнай любоўю да роднага краю, да сінявокай і незалежнай Беларусі.

Ёсць упэўненасць, што ў гэтым заўсёды будзе такая патрэба. Нездарма ж наконт стану душы вядомы беларускі класік Максім Багдановіч некалісь сказаў: «Штодзённым клопатам поўна людское жыццё. Але калі зварухнецца душа чалавека, то толькі песня здолее спатоліць яе».

А вось такімі словамі да захавання фальклору, народнай творчасці прызываў наш славуты зямляк, вядомы паэт Анатоль Грачанікаў: «Як кажуць сярод людзей – без песні няма на-
дзей. Народ без песні – не ўмее, народ без песні нямее. Без песень свайго народа нямее нават прырода. Ты любіш народ свой і край? – Песні яго спявай!»

Ад аўтара. Дарэчы, хто марыць звязаць свой лёс з захаваннем музычнай і песеннай творчасці нашых продкаў, таму дарога ў… «Стрэчанне»! Вас запрашаюць і чакаюць. Вучыцеся ў нашых продкаў мудрасці, памятайце іх запаветы, шануйце народную песню, як найдаражэйшы скарб. Нездарма ж кажуць: «Дзе радзіма – там і рай, гучаць песні з краю ў край!»

Наталля КАНОПЛІЧ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: