Ювелір з Мазыра Ізраіль Рухамоўскі

264

У гэтым годзе споўнілася 160 гадоў з дня нараджэння «мозырского мещанина иудейского вероисповедания»  Ізраіля Рухамоўскага. У свеце ён стаў вядомы на мяжы ХIХ–ХХ стст., а ў Беларусі пра яго распачалі  казаць на пачатку ХХІ ст., калі АНТ зняла і паказала фільм «Обратный отсчет. Корона царя Сайтаферна, или Привет Лувру из Мозыря», а ў часопісе «Планета» (май, 2015 г.) быў надрукаваны артыкул, прысвечаны гэтаму чалавеку

У Адэсе, у якой І. Рухамоўскі разам з сям’ёй жыў у 1893-1909 гг., яго памяць ушанавана, ёсць мемарыяльная дошка на доме, у якім ён працаваў. Адэскі краязнаўца Аляксандр Гун выдаў кнігу «Тайна золотой тиары», што прысвечана Рухамоўскаму.

У склад гэтай кнігі былі ўключаны і ўспаміны Рухамоўскага «Моя жизнь. Моя работа», што напісаны ім у Парыжы ў 1928 г. на ідышы. Пераклад іх на рускую мову быў зроблены Ізраілем Пікманам, унучатым пляменнікам Рухамоўскага, які таксама нарадзіўся ў Мазыры. І. Пікман –  савецкі кінааператар і рэжысёр, фатограф, заслужаны дзеяч мастацтва БССР. Ён быў кінааператарам фільма «Дзяўчынка шукае бацьку», які здымаўся ў Мазыры ў 1959 г.

Ва ўспамінах І.  Рухамоўскага ёсць шмат цікавых звестак пра жыццё Мазыра другой паловы ХIХ ст. Ён пісаў, што ў горадзе ў той час існавалі «две длинные улицы –  почти у берега реки; собственно это была одна улица, но поскольку посередине находилась базарная площадь, двум концам улицы дали разные названия. Правую назвали Полицейской (афіцыйная назва Кіеўская – Т. Н.) улицей, так как там находилась полицейская администрация; вторая сторона слева называлась Паромной (афіцыйная назва Слуцкая – Т. Н.) улицей, поскольку она вела к парому, на котором переправлялись через реку. В обоих концах города были большие рвы, через которые перекинуты мосты из бревен.

От рыночной площади между двумя высокими горами тянулась более широкая улица. Это была аристократическая улица. На ней находились почти все панские дома с маленькими садиками, а также учреждения: прогимназия, больница, солдатские казармы. Заканчивалась  улица острогом – большой площадкой с несколькими зданиями, огороженными толстыми высокими бревнами. Только от одного взгляда на них нападал страх. И поэтому ее называли Острожской (афіцыйная назва ў першай палове ХIХ ст. Свідоўская, у другой палове ХIХ ст. Пакроўская – Т. Н.)  улицей».

У тагачасных гарадах  «такой «моды», чтобы убирать мусор,  не было, и он мог наслоиться аж до неба, если бы ручьи не смывали его время от времени… Только раз в году, когда должен был приехать губернатор,  на тех улицах, где он должен проехать, полиция заставляла хозяев подбеливать свои дома, а арестантов – подметать улицы».

Мазыр быў горадам шматнацыянальным і поліканфесійным. У ім жыла вялікая колькасць яўрэяў, а «на базаре разговаривали наполовину по-польски и наполовину по-белорусски».

Сям’я Рухамоўскіх жыла на Паліцэйскай вуліцы ў двухпавярховым доме. «Верхний этаж сдавали помещику. Нижний этаж, каменный,  наполовину был погружен в землю. За домом высилась  гора, каждый год отец нанимал солдат, которые постепенно срезали гору… Наш двор расширялся и за счет территории соседствующей церкви. Ночью отец постепенно передвигал забор в сторону церкви, а священник делал вид, что этого не замечает».

Дом Рухамоўскіх у Мазыры.

У бацькоў Рухамоўскага было дзве дачкі, калі, нарэшцэ, 5 кастрычніка 1860 г. нарадзіўся даўгачаканы сын, нашчадак роду, Ізраіль.

Бацьку хлопчыка звалі «Хацкель-гольшмідт (ювелір)». Ён вырабляў танныя, з медзі і срэбра, пярсцёнкі, якія набывалі сялянкі, што прыходзілі на базар у нядзелю. Маці Рухамоўскага, Фрэйда Хацкулс,  была родам з Брагіна. Сын пісаў пра маці: «Это была высокая и красивая женщина и хорошая хозяйка. Очень способная ко всем женским работам, из всего могла сделать «копейку». Яна была добрай жанчынай і заўсёды імкнулася дапамагчы  тым, хто ў гэтым меў патрэбу.

Бацькі накіравалі Ізраіля вучыцца ў хедэр, дзе заняткі цягнуліся з раніцы да вечара. Ён часта засынаў падчас заняткаў, і рэбе будзіў яго са словамі: «Босяк, во время учения мальчик не должен спать!»

Хлопчыка цягнула да іншага. Ён любіў маляваць, ляпіў з воску фігуркі людзей, конікаў, сабачак. У 13-14-гадовым узросце Ізраіль пачаў займацца гравёрнай справай. Калі былі дасягнуты пэўныя навыкі, з дапамогай сястры выпісаў з Варшавы «штихели и напильники. У «мишамзника» заказал отлить формочки. У токаря изготовил ручки и с Божьей помощью начал обучаться на резчика. У богатых панов получилось зарабатывать  небольшие деньги, и со временем стал  хорошим мастером».

Ізраіль узяў шлюб з Мэрай, бацька якой быў бухгалтарам Даманавічскага завода. Жаніху і нявесце не было яшчэ і 17 гадоў. У хуткім часе ў маладой сям’і нарадзілася 6 дзетак. Каб утрымліваць такую вялікую сям’ю, трэба было мець нямалыя сродкі. І неаднаразова  Рухамоўскі, пачынаючы з
1884 г., наведваў Кіеў, дзе знаёміўся з працай іншых гравёраў і ювеліраў. Тут ён вырабляў вырабы па заказе Маршака, вядомага ў Расіі ювеліра, канкурэнта Фабержэ.

Сапраўдным бедствам для Мазыра былі пажары. Даследчыкі вылучаюць шэсць буйных пажараў, што адбыліся ў горадзе на працягу ХIХ ст. Пра апошні пажар 1892 г. І. Рухамоўскі распавядаў наступнае: «В Мозыре все дома были деревянные и все крыши крыты дранкой. А длинная тонкая дранка имеет свойство: со временем от дождя и солнца она срывается с гвоздей, выгибается и пружинит, торчит своими концами, как будто взлохмаченные волосы на голове, – одна только искра, и вся крыша охвачена пламенем». Пажар пачаўся з таго, што загарэліся «склады керосина и льна… Ветер несет через весь город над нашими головами горящую щепу, горящие поленья и создает новые очаги пожара…»

У выніку гэтых падзей цэнтральная частка горада поўнасцю была знішчана, згарэў і дом Рухамоўскіх. Пасля гэтага сям’я майстра дзесяць месяцаў пражыла ў в.  Сітня, а потым па запрашэнні аднаго са сваіх вучняў І. Рухамоўскі з сям’ёй пакідае родныя мясціны і пераязджае ў 1893 г. у Адэсу. З цяжкім сэрцам пакідаў Рухамоўскі Мазыр. «Пароход отчалил… Долго-долго всматривался в очертания города, с которым расставался. Проезжаем обугленные колоды моста. Вдали маячит шпиль церковной колокольни. Пароход идет себе своей дорогой. Вот уже Кимборовские церковные развалины, куда мы ходили гулять. На крыше все еще стоит задумавшись аист на одной ноге. Будь счастлива, дорогая родина, я уже больше тебя не увижу».

Рухамоўскі быў таленавітым самавучкай, але ў яго не было адпаведнай адукацыі. І таму  ў Адэсе,  для таго  каб мець права на работу, ён здаў экзамен і атрымаў атэстат чалядніка. Ізраіль пачаў працаваць гравёрам на фабрыцы бляшаных вырабаў і французскай ваксы «Жако». Ён у хуткім часе стаў вядомым у горадзе ювелірам-чаканшчыкам, талентам якога карысталіся многія ювеліры і ўсялякага роду аферысты. Так, у 1895 г. купцы 3-й гільдыі браты Гохман заказалі ў Рухамоўскага «тыяру Сайтаферна»  быццам у якасці падарунка для прафесара гісторыі.

Выбар братоў паў на скіфскага цара Сайтаферна не выпадкова. У ХIХ ст. у Расійскай імперыі шырока праводзіліся археалагічныя даследаванні па вывучэнні старажытнасцей, у тым ліку адбываліся яны і на поўдні краіны. Адной з самых вядомых знаходак падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі горада Ольвіі, калоніі старажытных грэкаў, быў Дэкрэт Пратагена – пліта-калона з белага мармуру, дзе ішла гаворка пра тое, што Пратаген тройчы ад імя горада адкупаўся ад скіфскага цара Сайтаферна. Ніжняя частка калоны адсутнічала, і таму Гохманы палічылі, што там магла ісці гаворка і пра тыяру ў якасці падарунка Сайтаферну.

Гохманы забяспечылі Рухамоўскага патрэбнай літаратурай. Гэта былі «Русские древности» І. Талстога і Н. Кандакова, другі выпуск якіх быў прысвечаны старажытнасцям «скіфа-сармацкім» са 147 малюнкамі, атласам «Древней истории» Л. Вейсера і іншымі.

Рухамоўскі працаваў над тыярай на працягу сямі месяцаў. Яна была вышынёй 17,5 см, важыла 486 г і  зроблена з цэльнага ліста золата. Тыяра падзялялася на тры гарызантальныя паясы, на ніжнім з якіх былі змешчаны фігуры скіфаў і сцэна царскага палявання на фантастычную крылатую істоту. Цэнтральны пояс адлюстроўваў сцэны з Іліяды і Адысеі, а верхні  ўяўляў ажурны арнамент са змейкай, якая каранавала тыяру. Акрамя таго, быў зроблены надпіс на старажытнагрэчаскай мове «Цару вялікаму і непераможнаму Сайтаферну. Савет і народ Ольвіі».

За работу Гохманы заплацілі ювеліру 1800 рублёў, пасля чаго яны паехалі ў Вену, дзе сталі выдаваць тыяру за рэч, якую зрабілі старажытныя грэкі, і хацелі атрымаць за яе 200000 франкаў (каля 90000 рублёў золатам). Але ў Венскага музея такіх грошай не было. І тады браты знайшлі сабе кампаньёнаў: уласніка антыкварнай крамы Фогеля і венскага маклера Шыманскага, якія і прадалі Луўру тыяру за 200000  франкаў. У выніку гэтага браты Гохманы атрымалі 86000 франкаў, Шыманскі і Фогель адпаведна 40000 і 70000.

Спецыялісты Луўра, у тым ліку дырэктар музея Кэмпфен, кіраўнік аддзела антычнага мастацтва дэ Вільфос, даследчыкі Рэйнак, Мішон, Молін’е палічылі тыяру «цудам грэчаскага ювелірнага мастац-
тва». Газета «Фігаро» пісала, што музей Луўр купіў тыяру скіфскага цара па імені Сайтаферн, якую знайшлі ў крымскай зямлі і яе ўзрост больш 2000 гадоў.

Але праз пэўны час з’явіліся чуткі, што тыяра не з’яўляецца арыгіналам і што яе зрабіў ювелір, які жыве ў Адэсе. У 1903 г. на працягу двух месяцаў ішло расследаванне па справе «тыяры Сайтаферна». За грошы французскага консульства ў Адэсе Рухамоўскі прыехаў у Парыж, дзе па памяці зрабіў фрагмент тыяры і дакладна назваў рэцэпт металічнага сплаву. Камісія прыйшла да высновы, несуцяшальнай для Луўра: тыяра з’яўляецца падробкай,  яе аўтар –  Ізраіль Рухамоўскі. Пры гэтым было адзначана, што з афёрай Гохманаў ён не звязаны. Пацверджаннем гэтаму было і пісьмо былога адэ-
сіта С. Ліўшыца, змешчанае ў парыжскай газеце «Le Matin» 23 сакавіка 1903 г. Ён сцвярджаў, што ў Адэсе на працягу 1895-1896 гг. неаднаразова бываў у майстэрні Рухамоўскага і бачыў, як той працаваў над тыярай. Пры гэтым  ювелір не ведаў, што вырабляе падробку, майстар лічыў, што працуе над прыватным заказам.

Тыяру знялі з экспазіцыі Луўра, дзе яна знаходзілася 7 гадоў разам з нацыянальнымі скарбамі Францыі, і перанеслі ў экспазіцыю Музея прыкладнога мастацтва, дзе яна знайшла сваё пастаяннае месца як узор ювелірнага мастацтва канца ХІХ ст. з надпісам «Зрабіў Рухамоўскі». З 1909 г. І. Рухамоўскі з сям’ёй жыў у Парыжы, дзе і памёр у 1936 г.

Так атрымалася, што сусветную вядомасць Рухамоўскаму прынёс скандал з тыярай Сайтаферна. Але «шэдэўрам свайго жыцця» майстар лічыў «Саркафаг са шкілетам», над якім працаваў 9 гадоў. Труна-саркафаг была дліною 10 см і 4 см вышынёй. Пад накрыўкай саркафага знаходзіўся залаты шкілецік, які быў выкананы з 167 частак, прычым усе яны рухаліся як у сапраўднага шкілета. За гэтую працу Рухамоўскі атрымаў залаты медаль на выставе Салона французскіх мастакоў у 1903 г. Гэты твор майстра з Мазыра быў прададзены на аўкцыёне Sotheby’s у маі 2013 г. за 365000 долараў, пры першапачатковай цане ў 150000 долараў.

Вядома каля 160 работ Рухамоўскага. Сучаснікі давалі высокую ацэнку яго творчасці, называлі яго «самым вялікім ювелірам усіх часоў». Яго работы знаходзяцца ў экспазіцыях Луўра, Эрмітажа, Рускага нацыянальнага музея, Кіева-Пячэрскай Лаўры, музея Фабержэ і ў прыватных калекцыях.

Хацелася б, каб і мазыране ведалі пра свайго знакамітага земляка  Ізраіля Рухамоўскага, які лічыў Мазыр сваёй радзімай.

Таццяна НІКІЦІНА, гісторык.

 

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: