Разведчыца, настаўнік, паэт — наша зямлячка Лідзія Аляксандраўна Астроўская

169

Кожны дзень мы ходзім у школу, вучымся, дапамагаем бацькам, адпачываем, сумуем і весялімся. Жыццё здаецца нам то светлым, то змрочным. Але ці часта мы знаходзім час, каб успомніць? Успомніць тых, хто ваяваў і не вярнуўся з вайны, хто жыў у акупацыі, змагаўся за жыццё і здолеў выжыць. Я пішу гэтыя радкі, каб успомніць сёння вялікі подзвіг народа…

Лідзія Аляксандраўна Астроўская нарадзілася 13 мая 1923 года ў вёсцы Скрыгалаў Мазырскага раёна. Бацькі марылі даць дачцэ вышэйшую адукацыю, хацелі бачыць яе толькі настаўніцай. Добрая вучоба ў школе, назіранні за працай настаўнікаў прывялі Лідзію Аляксандраўну да думкі, што настаўніцкая справа самая неабходная і самая пачэсная.
Добрая душою, шчырая, уважлівая – такой была гэта дзяўчына.

Але гады вайны ўнеслі свае папраўкі ў намечаны жыццёвы шлях. У 1941-м пасля заканчэння 10 класаў Лідзія Аляксандраўна ідзе разведчыцай у партызанскі атрад. З мая 1943 года ваявала ў злучэнні Другой брыгады Героя Савецкага Саюза генерала-маёра А. Ф. Фёдарава, а затым была медыцынскай сястрой разведвальнага батальёна Героя Савецкага Саюза маёра Баліцкага. Амаль кожны дзень патрэбна было хадзіць на заданні, удзельнічаць у дыверсіях, розных аперацыях. Першае баявое хрышчэнне атрымала ў баях за г. Уладзіміравец Валынскай вобласці ў чэрвені 1943 года.

Разведка

Нас усіх было сямнаццаць. / Разведка батальённая была. / Хадзілі пешшу, на конях верхам, / Куды разведку трэба правясці. / Помню прыгожы белы гарадок, / Завуць Ула-
дзімiр-Валынск. / Вось першы раз мая разведка / Ў гарадку тым і была. / Да гарадка мы ціха, незаўважна / Яшчэ да ўсходу сонца паспяшалі, / Захапіўшы няпільных вартавых. / Задворкамі, у абыход да цэнтра / Сабе шляхі шукалі. / Патрэбна ўсё заўважыць / І ўсё згледзець, / Каб батальёну менш / Ахвяр займець. / Ды моцна вораг там засеў, / І дзоты захаваны. / Быў цяжкі бой, суровы бой. / Ужо першых раненых няслі, / А з імі і забітых. / Сярод забітых была дзяўчына, / На выгляд гадоў сямнаццаць ёй было. / І моцна ўразіла мяне / Ўся гэтая карціна: / Ні гул вайны, ні стрэлы і разрывы – / Людская смерць. / Адразу сэрца зашчымела / І ногі к долу прыраслі. / І доўга я на іх глядзела, / І слёзы ціхенька цяклі, / І ўсё паверыць не хацела, / Што гэта праўда, не быццё, / Што так канчаецца жыццё. (май, 1998 г.)

Лёс не балаваў дзяўчыну таму прыйшлося зведаць усе цяжкасці ваеннага ліхалецця.

Візіт

Было атрымана заданне / Разведку боем правесці. / На двары зіма стаяла. / Пабліскваў лёд на азярцы. / Месяц то з-за хмары выглядаў, / То зноў павольна свой твар хаваў. / Мароз шчыпаўся, падганяў. / Ішлі даволі хутка, / Хоць на лёдзе каўзаліся ногі. / Хтось падаў, / Хутчэй падняўшыся ўставаў. / Прыгінаўся, бег, каб не адстаў. / Ды добра бачна, / Як хаты там гараць: / То вораг для астрашкі / Пустую вёску запаліў, / А сам, прысейшы ў акопе, / З тэрмасу чорну каву піў. / Няўжо яму было не ясна, / Што ён усім, як на віду, / Што лёгка так нажыць бяду. / Мы іх знянацку захапілі, / У акопах хлопцы калацілі. / Кулямёты, ранцы – ўсё цяглі. / А вораг, спужаны / Такім начным візітам, / Хутчэй з ног кінуўся ў бягі. / Канешне, іх мы ўсіх не перабілі, / Але разведалі і шуму нарабілі. / І будуць доўга памятаць, / Як кулямёты, ранцы пакідалі, / Як беглі, падалі, уставалі, / Каб ад партызан сябе ўратаваць. / Паніка і страх – вялікая загана. / А нам усё гэта на руку было. / Лягчэй так з імі распраўляцца, / Бо патронамi і гранатамi / Самі ў ворага жадалі разжывацца. / І пройдзе час, і будзе сорам / Сваім нашчадкам расказаць, / Як іх дзяды на чужой захопленай зямлі / Сабе славу і гонар здабывалі. (красавік, 1998 г.)

Але самае галоўнае – засталася жывою, хаця шмат разоў прыходзілася глядзець смерці ў вочы.

Пасля расфарміравання батальёна ў 1944-м Лідзію Аляксандраўну пасылалі сакратаром райкома камсамола ў г. Чарнігаў, але яна папрасілася на радзіму. На Палессі яшчэ шлі баі. Пасля вызвалення Мазыра назначылі інструктарам райкома камсамола. Узнагароджана медалямі «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй», ордэнам Айчыннай вайны
ІІ ступені, юбілейнымі медалямі.

У хуткім часе збылася мара маладой жанчыны: яна пачала працаваць настаўніцай пачатковых класаў у роднай Скрыгалаўскай школе. Акрамя навучэння вучэбным прадметам, Лідзія Аляксандраўна вучыла дзяцей дабрыні, адказнасці, адданасці сваёй Радзіме. Шмат пакаленняў школьнікаў вучыла Лідзія Аляксандраўна, але заўсёды кожны першы ўрок настаўніца прысвячала міру.

Юбілей

Успаміны, успаміны… / Як даўно ўсё было! / Партызанскія сцяжыны / Памяць будзяць усё раўно. / І як сёння, бачым бор, / Стромкіх соснаў верхаліны, / Што хавалі пад галіны / Дымок прытушаных кастроў. / А за борам – вораг люты, / Паліць хаты і людзей. / У боты кованы абуты, / Іх прытопвае глыбей. / Мы на Валыншчыне былі, / Пад Ковалем і Роўна рвалі эшалоны. / Ляцелі танкі, рэйкі, колы. / І целы ворагаў ляглі. / А на дарогах, як на звалцы, / Вагонаў груды заляглі. / Забітых немцаў не злічона / Сабе навек пакой знайшлі. / Дык, сябар мой, хоць з сівізною, / Трахні сівою галавою, / Танцуй, спявай на юбілей, / Пацеш унукаў і дзяцей. / І будзе ім прыемна бачыць, / Што іх бацькі і іх дзяды / Ў грозны час не ўпалі духам, / Жыццё ўратавалі ад бяды. / І хай ўдзячныя нашчадкі / Шчасліва на зямлі жывуць, / Ад злых усіх нападкаў / Радзіму ўнукам зберагуць. (красавік, 2004 г.)

Усюды паспявала вясковая настаўніца: дамашнія справы, праца ў калгасе, удзел у мастацкай самадзейнасці ў клубе… На сон амаль ніколі не хапала часу, але жыццё было цікавым, вясёлым, кожны дзень вылучаўся сваёй непаўторнасцю.

Бягуць гады, здаецца, што ўсё было зусім нядаўна, а калі азірнешся назад, дык адразу разумееш, што ўжо прайшоў вялікі жыццёвы шлях. Настаў час, калі прыйшлося развітвацца са школай, але Лідзія Аляксандраўна заўсёды старалася падтрымліваць з ёй цесную сувязь. Яна заўсёды з жаданнем перадае свой жыццёвы і настаўніцкі вопыт, імкнецца дапамагчы настаўнікам зразумець сваіх выхаванцаў, стараецца ніколі не адказваць на запрашэнні ў школу.

Якія цікавыя і змястоўныя ўрокі мужнасці праводзіла калісьці Лідзія Аляксандраўна! Яе ўспаміны пра вайну заўсёды краналі душу сучасных школьнікаў. Лідзія Аляксандраўна –вельмі творчы і таленавіты чалавек. У семдзесят год яна пачала пісаць вершы.

Зараз Лідзіі Аляксандраўне дзевяноста восем гадоў, але гэта па-ранейшаму жвавая, вясёлая і гаваркая жанчына. І, як прызналася, піша многа і да гэтага часу кожны дзень. Але, на жаль, не тое здароўе, каб наведваць школу. Ды і з’явіўся нейкі страх смерці ў Лідзіі Аляксандраўны: адмаўляецца паказваць на ўсеагульны прагляд свае асабістыя фотакарткі, узнагароды, вершы. Яна перажывае, што засталася апошнім ветэранам той вайны ў нашай вёсцы. І прызнаецца, што яшчэ вельмі хочацца жыць, сустракаць усход сонца, гадаваць праўнукаў…

Дай Бог Вам, Лідзія Аляксандраўна, яшчэ шмат гадоў жыцця, па-ранейшаму заставацца такой жа бадзёрай і жыццярадаснай. А ўжо захоўваць мір і абараняць яго бу-
дзем мы, вашы нашчадкі.

Ларыса МАЙНГАРД,
настаўнік матэматыкі Скрыгалаўскай
сярэдняй школы.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: