Роднай мове з маленства навучаюць у мазырскім садзе № 38

137

Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. Трэба ведаць сваю і іншыя мовы. Але безумоўна, найлепш і найперш трэба ведаць усё роднае, беларускае. Кожны чалавек павінен ведаць прыказкi, прымаўкi, песнi, танцы, гульні, казкi, традыцыi, звычаі свайго народа. Вельмi важна навучыць сённяшніх дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы.

Хоць наша ўстанова i з’яўляецца рускамоўнай, мы шмат увагi ўдзяляем развiццю менавіта беларускага маўлення дзяцей. У нашым дзіцячым садку кожны чацвер мы размаўляем на беларускай мове. Як вядома, слуханне i разуменне – гэта першая ступень авалодвання мовай. Таму, калі дзеці слухаюць выхавацеля, яны вучацца разумець пачутае, успрымаць
беларускую мову.


Далучэнне да роднай мовы садзейнічае не толькі ўзбагачэнню слоўнiкавага запасу дзяцей, але і развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру. У працэсе слухання твораў мастацкай літаратуры і фальклору ў дзяцей назіраецца асаблівая цікавасць да гучання мастацкага слова. Яны адчуваюць яго мілагучнасць, рытмічнасць, заўважаюць і паўтараюць вобразныя выразы, удалыя і трапныя параўнанні.

Жадаючы пазнаёміць дзяцей з жыццём і творчасцю беларускага народнага паэта-песняра Я. Коласа мы вывучылі на памяць верш Я. Коласа «Вясна». Вобразы пораў года ў творах паэта фарміруюць ва ўражлівай дзіцячай душы такую найдаражэйшую для кожнага з нас рысу, як любоў да Радзімы, да прыроды, да ўсяго жывога.


Каб зацікавіць дзяцей маючай адбыцца дзейнасцю, наладзiць на занятак, быў выкарыстаны сюрпрызны момант: да дзяцей у госцi завiтала прыгажуня – Вясна, якая ў сваiм кошыку прынесла і загадкі, і казкі, і песні, і народныя прыкметы, і вершы. На працягу занятка дзецi гулялі ў дыдактычныя гульнi «Назавi прыкметы вясны», «Колеры вясёлкi». Забеспячэнню змены віду дзейнасці і аптымальнага рухальнага рэжыму на занятку садзейнiчала рухомая гульня «Міхасік». З вялiкай зацiкаўленасцю дзецi адгадвалi загадкi пра птушак, расказвалi народныя прыкметы аб вясне.


Знаёмства з лiтаратурным творам спрыяла развіццю ў дзяцей эстэтычнага ўспрымання тэксту, выхаванню мастацкага густу, а таксама было накiравана на тое, каб выхаванцы не толькі пачулі мастацкі твор, але і адчулі яго ў сваіх сэрцах. А самае галоўнае – беларуская мова гучыць у групе не толькі на занятках, але і ў штодзённым жыцці. Дзеці з цікавасцю выказваюць свае думкі на беларускай мове, ведаюць шмат беларускіх вершаў, калыханак, забаўлянак, лічылак.

Да сваіх калег і бацькоў выхаванцаў у далучэнні да роднай беларускай мовы я звяртаюся словамі Змітрака Бядулі: «Не саромейся, беларус, гаманіць па-беларуску – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека».

Таццяна Жогла,
выхавальнік дашкольнай
адукацыі ясляў-сада
№ 38 г. Мазыра.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: