З нагоды 100-годдзя газеты. Волат беларускай зямлі

107

З 1946 па 1951 год у абласной газеце «Большэвік Палесся» ўласным карэспандэнтам па Васілевіцкім кусце (Васілевіцкі, Даманавіцкі, Калінкавіцкі і Хойніцкі раёны) працаваў малады чалавек родам з Васілевіч – Іван Навуменка. Праз дзесяцігоддзі натхнёнай, шчырай працы ён стаў народным пісьменнікам Беларусі, акадэмікам НАН Беларусі, доктарам філалагічных навук, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа. Вялікім укладам у развіццё беларускай нацыянальнай літаратуры з’яўляюцца яго раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979), («Летуценнік» (1984) і «Асеннія мелодыі» (1987). Высока ацэнены чытачамі і спецыялістамі шматлікія аповесці і навукова-даследчыя працы пісьменніка.

Мае ўспаміны пра Івана Якаўлевіча Навуменку звязаны найперш з асобай майго бацькі – Мікалая Паўлавіча Клімовіча, ураджэнца Тураўшчыны.

У першыя пасляваенныя гады яны абодва некаторы час вучыліся ў БДУ на факультэце журналістыкі, сядзелі побач у студэнцкай аўдыторыі, сябравалі. Абодва былі падпольшчыкамі, партызанамі, салдатамі Вялікай Айчыннай вайны, абодва любілі літаратуру, прагна сачылі за навінкамі перыёдыкі, радаваліся сваім публікацыям у друку. «Ён быў вельмі прыгожы, статны, прыветлівы, прагны да ведаў і да творчага палёту», – успамінаў бацька, які вымушаны быў пакінуць сталічны ўніверсітэт на самым пачатку навучання. Адкрыліся раны. Пяць асколкаў у лёгкіх нагадвалі аб вайне ўсё жыццё. Працаваў настаўнікам на Тураўшчыне, завочна вучыўся ў Мазырскім педінстытуце. Даволі часта ён сустракаўся з Іванам Якаўлевічам у рэдакцыі газеты «Большэвік Палесся». Вясной 1969 года Мазырскі педагагічны інстытут адзначаў сваё 25-годдзе. На ўрачысты вечар быў запрошаны Іван Якаўлевіч Навуменка.

Прыехаў на сустрэчу і мой бацька – выпускнік гэтай навучальнай установы. Мне не давялося тады прысутнічаць на юбілеі, але я добра памятаю ўражанні таты і майго мужа Яўгена Дашкевіча, якому была даручана роля вядучага на святочным канцэрце. Для мазыран гэта была вялікая падзея. Без прыхарошвання скажу, што многа цёплых слоў было сказана імі ў адрас Івана Якаўлевіча, па тым часам ужо вядомага пісьменніка. Яго выступленне было яркім і запамінальным. А для ўсёй нашай сям’і было адметным тое, што Навуменка і Клімовіч знайшлі магчымасць сярод святочнай мітусні пагутарыць і падзяліцца планамі на будучыню. «Мікола, пішы! Усё, што ты лічыш патрэбным, дасылай на мой адрас. Я дапамагу надрукаваць. Не закісай у сваёй палескай глыбінцы». Атрымалася так, што бацька не даслаў Івану Якаўлевічу ніводнага пісьма. Пісаў вершы, нарысы, у 83 гады стаў сябрам Саюза журналістаў Беларусі. Але мінскі адрас, запісаны рукой пісьменніка, захоўваецца дагэтуль у нашым сямейным архіве. Бацька 1921 года нараджэння, а Іван Якаўлевіч – 1925 года. Але памёрлі яны ў адзін год. Мікола Клімовіч – у верасні 2006 года, а Іван Навуменка – у снежні.

Мая сустрэча з вялікім пісьменнікам і вучоным адбылася ў сакавіку 1983 года напярэдадні майго паступлення ў аспірантуру. У мяне быў ужо даволі вялікі стаж работы ў школе (амаль 8 гадоў) і 4 гады выкладчыцкай работы ў Мазырскім педінстытуце. Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы знаходзіўся тады на чацвёртым паверсе велічнага будынка з калонамі.

«Прэзідыум Акадэміі навук Беларусі», – прачытала я і нясмела зайшла. У руках у мяне быў букецік першай вясновай мімозы. Яе прыемны водар насычаў паветра. Дзень быў сонечны.

Мінск вітаў мяне. На сэрцы было радасна і трывожна. Я зайшла да вучонага сакратара, даведалася, што ўступныя экзамены ў аспірантуру будуць восенню. Дзверы ў кабінет Навуменкі былі прыадчынены, і я здалёк убачыла яго постаць, густую пасму валасоў над высокім ілбом, мужны твар, ясныя вочы. І столькі дабразычлівасці было ў яго позірку і ва ўсёй яго паставе, ненацятага, натуральнага спакою і ўпэўненасці, што я не змагла не зайсці і не прывітацца. Размова палілася ў адпаведным напрамку. Івана Якаўлевіча цікавілі Мазыр і Тураў, выкладчыкі інстытута, журналісты мясцовай газеты «Камунiст Палесся», Мазырскі тэатр, Прыпяць. Мой сціплы букецік мімозы асвяціў тады яго рабочы кабінет.

Напрыканцы лістапада я стала аспіранткай Інстытута літаратуры АН Беларусі. Бачыла Івана Якаўлевіча на пасяджэннях вучонага савета, на пісьменніцкіх з’ездах, на абаронах дысертацый. Мела магчымасць пераканацца не толькі ў яго дабрыні і чалавечнасці, але і прафесійнай кампетэнтнасці і прынцыповасці. У розных, часам даволі складаных сітуацыях, ён ніколі не павышаў голасу. Часам даволі складаныя пытанні, дзякуючы яго дасведчанасці, унутранай культуры, пачуццю гумару, вырашаліся лёгка і проста. Вялікую ўвагу Навуменка ўдзяляў аспірантам, праяўляў сябе як патрабавальны, глыбакадумны навуковы кіраўнік. Мне запомнілася абарона Розы Станкевіч, балгаркі. Яе дысертацыя была прысвечана даследаванню ўзаемасувезяў творчасці Янкі Купалы і балгарскай паэзіі. Адчувалася грунтоўная падрыхтоўка і бездакорны навуковы ўзровень дысертанта. Памятаю нябожчыцу Людмілу Піскун, маю калегу з Мазыра, якая працавала над дысертацыяй, прысвечанай творчасці Івана Навуменкі. З вялікімі перашкодамі, сямейнымі клопатамі гэтая мужная жанчына ўсё ж давяла сваю справу да канца – стала кандыдатам філалагічных навук. З пэўнымі цяжкасцямі яна выдала ў Мазыры манаграфію і вельмі перажывала, што ў выдавецтве бясследна зніклі каштоўныя здымкі, якія пісьменнік дазволіў выкарыстаць у кнізе. Разам з ёю перажывалі і мы, яе калегі. Скандалу не было. Іван Якаўлевіч усё зразумеў.

Карэктна, інтэлігентна ён супакоіў даследчыцу. Сказаў: «Непрыемная сітуацыя, але не смяротная». Шкада, што Людмілы Аляксееўны не стала. Яе ўспаміны аб творчых сустрэчах з пісьменнікам былі б каштоўнымі для ўсіх аматараў літаратуры.

29 лістапада 1989 года ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі адбылася абарона маёй дысертацыі «Праблемы раманнай творчасці Івана Шамякіна». Іван Якаўлевіч Навуменка – старшыня савета, Міхась Іосіфавіч Мушынскі – сакратар. За іх спіной – крылаты бюст Янкі Купалы. Я падрыхтавала даволі ёмкую прамову-выступленне. Іван Якаўлевіч перабіў мяне і папрасіў, каб канкрэтна, сцісла вызначыла сутнасць свайго даследавання. На абароне прысутнічалі аспіранты, маладыя вучоныя з іншых навучальных устаноў. Навуменка задаваў шмат пытанняў. Я імкнулася іх асвяціць коратка і ясна. Іх абмеркаванне непрыкметна перайшло ў своеасаблівы дыскусійны дыялог. Я асмялела і сказала: «Іван Якаўлевіч, у мяне такая харошая думка была, а Вы мяне перабілі…». Ён папрасіў прабачэння. Тады сталі задаваць пытанні іншыя члены дысертацыйнага савета. Пасля аб’явы вынікаў галасавання Іван Якаўлевіч павіншаваў мяне і спытаў: «Дык вы Клімовічава дачка? Перадайце бацьку мае віншаванні. Гэта агульная перамога ўсёй вашай сям’і».

У 1998 годзе мяне запрасіла на абарону сваёй дысертацыі сяброўка Вольга Нікіфарава з Гродна. Абарона прайшла на высокім узроўні. Позірк Навуменкі адсвечваў дабрынёй і прыязнасцю. Адчувалася, што ён быў сэрцам і душою знітаваны з кагортай навукоўцаў з Інстытута літаратуры, і яны яго ўспрымалі шчыра, з глыбокай павагай. Потым успаміны аб гэтых сустрэчах, як бальзам, будуць саграваць мне душу. І не толькі маю, але і маіх студэнтаў. Дзеці Палесся, будучыя настаўнікі, асабліва прыхільна ставіліся да вывучэння творчых здабыткаў сваіх землякоў.

«Хочаце адчуць каларыт Мазыра 60-70-х гадоў? Прачытайце «Замяць жаўталісця», – звярталася я да сваіх вучняў. І яны чыталі і перачытвалі разам са мной творы Івана Навуменкі аб Вялікай Айчыннай вайне і пасляваенным жыцці беларусаў, далучаліся да яго высокапрафесійнай літаратуразнаўчай спадчыны. Іх захапляла шматграннасць таленту выдатнага майстра беларускай прозы, літаратуразнаўцы і грамадскага дзеяча, віцэ-прэзідэнта АН Беларусі, які ў юнацтве прайшоў праз выпрабаванні вайны і ў дваццацігадовым узросце вярнуўся пераможцам. Працаві- тасць, сумленнасць, вернасць традыцыям продкаў спрыялі высокім дасягненням волата беларускай зямлі, сына Палесся Івана Якаўлевіча Навуменкі, які пакінуў свой след і ў летапісе раённай газеты.

Галіна ДАШКЕВІЧ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: