Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 кастрычніка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (ВЕЭС).


Мерапрыемства прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі. У пашыранай частцы пасяджэння, акрамя лідараў краін Еўразійскага эканамічнага саюза, таксама прынялі ўдзел прэзідэнты дзяржаў — наглядальнікаў пры саюзе — Кубы і Узбекістана.

Усяго на парадку дня саміту было каля дзесяці пытанняў. У тым ліку кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза абмеркавалі праведзеную работу па ўзгадненні пытання падыходаў да цэна- і тарыфаўтварэння на агульным рынку газу саюза і пытання ўстанаўлення тарыфу на транспарціроўку газу з трэціх краін для ўнутранага спажывання.

У гэтым пытанні паміж бакамі пакуль захоўваюцца некаторыя рознагалоссі, у сувязі з чым Прэзідэнт Беларусі прапанаваў вярнуцца да гэтай тэмы пазней, але ўжо ў вочным фармаце. Лідары краін саюза гэту прапанову падтрымалі.

Адно з прынятых рашэнняў датычыцца сумеснага рэагавання дзяржаў ЕАЭС на эканамічны санкцыйны націск, які аказваецца трэцімі краінамі. У гэтым плане ўзгоднены і выпрацаваны шэсць мер, вызначаны механізм сумеснай работы.

Лідары краін на пасяджэнні таксама абмеркавалі глабальны кліматычны парадак дня ЕАЭС (адобрана заява аб эканамічным супрацоўніцтве ў рамках кліматычнага парадку дня), унясенне змяненняў у пералік адчувальных тавараў, адносна якіх рашэнне аб змяненні стаўкі ўвазной мытнай пошліны прымаецца Саветам Еўразійскай эканамічнай камісіі. Таксама яны зацвердзілі шэраг іншых рабочых дакументаў.

«Да восені наш інтэграцыйны парадак дня прыкметна ажывіўся. У верасні са многімі з вас мы сустракаліся ў Душанбэ на мерапрыемствах ШАС і АДКБ, дзе асаблівую ўвагу ўдзялілі знешнепалітычным пытанням. Сёння ў нас ёсць добрая магчымасць абмеркаваць эканамічныя аспекты супрацоўніцтва», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На пасяджэнні лідары краін ЕАЭС прынялі адзін з ключавых дакументаў сустрэчы — рашэнне аб пераходзе да другога этапу стварэння агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў. Ён прадугледжвае падрыхтоўку да 2023 года праектаў правіл гандлю і правіл біржавых таргоў гэтымі прадуктамі Да 2024 года плануецца распрацаваць міжнародны дагавор аб фарміраванні агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў.

«Пры гэтым, імкнучыся да стварэння агульнага рынку энергарэсурсаў, неабходна ўлічваць інтарэсы ўсіх дзяржаў — членаў нашага саюза. Толькі такім чынам мы зможам забяспечыць яго ўстойлівасць і даўгавечнасць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Далейшае развіццё ЕАЭС беларускі бок звязвае з поўнай і своечасовай рэалізацыяй Стратэгіі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года.

«Важна ўжо цяпер сканцэнтравацца на выкананні мер, прадугледжаных гэтым дакументам. Толькі ў гэтым выпадку да 1 студзеня 2025 года мы атрымаем поўнафарматны эканамічны саюз з адзінымі рынкамі тавараў, паслуг, капіталаў і працоўных рэсурсаў», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На саміце Прэзідэнт абазначыў некалькі прыярытэтных напрамкаў інтэграцыйнага будаўніцтва.

У прыватнасці, ён заклікаў паскорыць фарміраванне лічбавай прасторы ЕАЭС. «Паводле нашых ацэнак, працэс стварэння і запуску інтэграванай інфармацыйнай сістэмы саюза ідзе павольна. Мы будуем яе ўжо амаль 10 гадоў. Пры ўсёй маштабнасці, складанасці праекта такія вынікі складана прызнаць здавальняючымі. З амаль 90 агульных працэсаў нармальна працуюць крыху больш за 20», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама, лічыць Кіраўнік дзяржавы, трэба паскорыць распрацоўку пагаднення аб адзінай сістэме мытнага транзіту. Яго прыняцце разам з пагадненнем аб прымяненні ў ЕАЭС навігацыйных пломбаў для сачэння за перавозкамі будзе садзейнічаць павелічэнню транзітнага патоку тавараў, падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што краіны — члены Еўразійскага эканамічнага саюза павінны сур’ёзна задумацца аб сваёй харчовай бяспецы і прыняць шэраг рашэнняў у такім напрамку.

«Мы павінны сур’ёзна задумацца аб харчовай бяспецы нашых краін, абароне ад знешніх цэнавых шокаў, выкліканых ажыятажным попытам на тую ці іншую сельскагаспадарчую прадукцыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў для далейшага развіцця аграпрамысловага комплексу ўкараніць на ўзроўні саюза сістэму сярэднетэрміновага і доўгатэрміновага планавання АПК з улікам развіцця сусветнага аграрнага рынку.

«Трэба таксама выйсці на канчатковае вырашэнне праблемы аднабаковых забарон і абмежаванняў на пастаўку тавараў», — сказаў Прэзідэнт.

Для гэтага, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, трэба забяспечыць своечасовы і паўнацэнны міждзяржаўны абмен інфармацыяй у сферы санітарнага, фітасанітарнага і ветэрынарнага кантролю.

Беларускі лідар адзначыў, што ў ЕАЭС пакуль вельмі мала зроблена па імпартазамяшчэнні. На яго думку, гэты працэс павінен быць увязаны з прамысловай кааперацыяй у саюзе.

«Каб пазбегнуць пратэкцыянізму на нацыянальным узроўні, неабходна максімальна выкарыстоўваць прамысловыя магутнасці і рэсурсы нашых краін. А яны немалыя. Важна не проста садзейнічаць вытворчаму супрацоўніцтву, але і стымуляваць больш развітыя формы кааперацыі шляхам стварэння наднацыянальных еўразійскіх кампаній або кансорцыумаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, патрабуе далейшага ўдасканалення і фінансавая інфраструктура ЕАЭС, у тым ліку для падтрымкі прамысловай кааперацыі. Для павелічэння колькасці сумесных праектаў з высокім інтэграцыйным складнікам трэба забяспечыць доступ да праектнага фінансавання ў выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў з льготнай працэнтнай стаўкай, лічыць Прэзідэнт.

«Для гэтага трэба змяніць фармат работы Еўразійскага банка развіцця. Галоўныя недахопы ў яго цяперашняй мадэлі — высокі парог фінансавання праектаў і адсутнасць ільготнай стаўкі па крэдытах», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адна прапанова Кіраўніка дзяржавы: больш актыўна прыцягваць нацыянальныя інстытуты развіцця для сумесных распрацовак.

«Развіваючы фінансавую тэму, нельга абысці пытанне пашырэння выкарыстання нацыянальных валют. Празмернае выкарыстанне ў разліках той ці іншай замежнай валюты пазбаўляе нас канкурэнтных фінансавых і эканамічных пераваг, пагражае бяспецы нашых краін. Таму дзе, як не ў ЕАЭС, нам трэба апераджальнымі тэмпамі выходзіць на выкарыстанне нацыянальных валют», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў што вырашэнне абазначаных пытанняў дасць магчымасць краінам ЕАЭС хутчэй пераадолець наступствы эканамічнага спаду, выкліканага пандэміяй, аднавіць дзелавую актыўнасць, прастымуляваць рост прамысловай вытворчасці, даверу, палепшыць транзітны патэнцыял і канкурэнтнае асяроддзе нашай агульнай эканамічнай прасторы.

«У Беларусі ўпэўнены, што пры наяўнасці добрай волі сумеснымі намаганнямі нам удасца ў поўнай меры рэалізаваць усе магчымасці Еўразійскага эканамічнага саюза і дасягнуць пастаўленых мэт», — падагульніў Кіраўнік дзяржавы.

president.gov.by