Мазырскі драмтэатр — лепшы! Даведаліся з першых вуст, як прайшла «Нацыянальная тэатральная прэмія»

132

Адразу дзве ўзнагароды VI Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» – у Мазырскага драматычнага тэатра ім. І. Мележа.

Удзел у конкурсе тэатральнага мастацтва з’явіўся яшчэ адным творчым выпрабаваннем для артыстаў нашага тэатра. У праграму форуму была заяўлена драма ў 2-х дзеях «Людзi на балоце» (рэжысёр Раман Цыркін). За аснову спектакля ўзята ўласная інсцэніроўка Аляксандра Гарцуева, створаная паводле найбуйнейшых беларускіх раманаў ХХ стагоддзя «Людзi на балоце» i «Подых навальнiцы» Iвана Мележа, класiка беларускай лiтаратуры. Цэнтральнае месца ў ёй займае любоўны трохкутнік Яўхім–Ганна–Васіль.

Як усё прайшло? Цудоўна! Нас палюбілі! Пра нас казалі! Намі захапляліся! Я адмыслова спусцілася ў фае, каб пачуць жывыя водгукі сталічнага гледача пра спектакль. Яны былі выдатныя: «Спадабалася вельмі!», «Артысты трымалі нас у напружанні ад пачатку да канца. Я баялася дыхаць…», «Вельмі моцныя эмоцыі падораны. Перажывалі за герояў. Гульня ўзрушаючая!», «Цікава было паглядзець на працу рэгіянальных тэатраў. Убачанае перасягнула ўсе чаканні. Сталіцы ёсць чаму павучыцца!», «На адным дыханні»…


Гераiня артысткi Валянціны Рослiкавай (Ганна Чарнушка) была такой шчырай, такой сапраўднай… Да глыбіні душы ўсіх кранула сцэна сватаўства, калі галоўная гераіня з неймавернай цяжкасцю (ламаючы гэтым учынкам не толькi сябе, але і ўсё сваё жыццё) ідзе насустрач трагічнаму лёсу, прымаючы каравай з рук старога Глушака (артыст Міхаіл Кліменка), бацькі Яўхіма, тым самым даючы згоду на вяселле з нялюбым чалавекам. Якімi доўгiмi былi гэтыя некалькi крокаў, нiбыта пудовыя гіры ўтрымлівалі яе на месцы. Да таго ж нi Халiмон Глушак, нi яго жонка Глушачыха (артыстка Алена Пракопава) таксама не гараць жаданнем бачыць яе сваёй нявесткай. Вiдавочна, якiм складаным будзе жыццё Ганны ў iх хаце.

…Звонкая цішыня ў глядзельнай зале, дрыготкія ад стрыманых рыданняў і непадробнага гора вусны прыгажуні-гераіні, свядома разбураючай сваё жыццё. Побач – разгублены і прыгнечаны трагізмам таго, што адбываецца, бацька Ганны (артыст Вадзім Дубраў), які горача любіць дачку, хварэючы за яе ўсёй душой. Ён марыць бачыць яе шчаслівай, але не мае магчымасці дапамагчы, даць параду, спыніць, перасцерагчы.

Як цяжка Ганне кахаць Васіля (артыст Аляксандр Фяськоў), працавітага, упартага, але кахаючага больш за ўсё на свеце толькі зямлю. Нават словы любові прамаўляе ён не каханай дзяўчыне, а свайму адрэзку зямельцы, карміцелькі, меркі дастатку. А яшчэ цяжэй згуляць такі супярэчлівы характар, няпросты вобраз. Як хочацца, каб героі былі шчаслівыя разам! Ад Васiля на працягу ўсяго спектакля чакаем учынкаў, рашэнняў, страсці, а iх няма. Магутныя эмоцыі падарыў ён нам у фінальнай сцэне. Гледачы не стрымлівалі слёз, перажываючы разам з героем страту любімай жанчыны, страту кахання, сэнсу жыцця. Вось ён адзін… забіты горам … з невідушчымі, празрыстымі ад слёз вачыма, захлынаецца плачам. Але не мае волі стаць шчаслівым, узяць на сябе адказнасць за свае пачуцці, прыняць рашэнне, у рэшце рэшт проста быць каханым і кахаць.

Буру розных эмоцый выклікаў герой артыста Анатоля Бычкоўскага – Яўхім. Прыгажун, улюбёнец мясцовых дзяўчат, упэўнены ў сабе, ён таксама асуджаны на пакуты. Не быць і яму шчаслівым. Страты, злосць і п’янства – вось яго ўдзел. Дзякуючы выдатнай акцёрскай гульне, герой прымушае нас адчуваць розныя пачуцці: ад кахання да нянавісці, ад сімпатыі да глыбокага расчаравання і нават пагарды. Як жорстка, не па-чалавечы паводзiць ён сябе з бясконца закаханай у яго сяброўкай Ганны – Хадоськай (актрыса Вiкторыя Бачура).

Спакушае яе, абяцаючы ажаніцца, але падманвае. Што чакае цяпер даверлiвую Канапляначку (так прыгожа аўтар называе сваю гераiню), якi лёс яе чакае, як вырашыць яна сваю праблему, астаўшыся з ёй сам насам?

Акцёрскі ансамбль цудоўны: А. Фяськоў, В. Рослiкава, В. Бачура, А. Бычкоўскi, В. Дубраў, М. Кліменка, А. Пракопава, Н. Скамарохава, Л. Верасовiч, А. Спiрыдовiч, А. Драгамiрэцкая, Ю. Шмак, Я. Кузьмянкоў, У. Арцюшэнка i iншыя. Жывы рытм пастаноўкі, зададзены з першых хвілін, вытрыманы да апошняй рэплікі. Паклон. Кветкі. Заслон Купалаўскага тэатра апускаецца, але застывае на месцы: гледачы не адпускаюць нашых артыстаў ўдзячнымі апладысментамі! Гэта поспех!

А зараз самае галоўнае – 28 кастрычніка ў Менску на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбылася святочная цырымонія закрыцця VI Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія», на якой мазыране атрымалi адразу два дыпломы лаўрэата! Галоўны рэжысёр Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа Раман Цыркін – у намiнацыi «Найлепшая работа рэжысёра ў спектаклi тэатра драмы», артыст тэатра Міхаіл Кліменка – прэмiя журы за ролю Халімона ў спектаклі «Людзі на балоце» I. Мележа. Вiншуем! Ганарымся! Захапляемся!

Таццяна ІВАНОВА, кіраўнік
літаратурна-драматургiчнай часткі
ДУ «Мазырскі драматычны тэатр
iм. І. Мележа».


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: