21 лютага – Дзень роднай мовы

136

З маленства мне запомніліся павучальныя словы беларускага класіка Івана Мележа: «Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць свой народ».

Потым, калі прачытаў яго бессмяротную трылогію «Палеская хроніка», то зразумеў моц і водар нацыянальнага слова. Вельмі радуе, што бібліятэкі, навучальныя і культуралагічныя ўстановы зараз прысвячаюць гэтаму патрыятычнаму святу цэлыя кніжныя выставы беларускамоўных выданняў. Акрыляе душу і тое, што ў гарадах і вёсках Беларусі праходзяць шматлікія тэматычныя мерапрыемствы, беларускамоўныя дыскатэкі і канцэрты, майстар-класы і лекцыі. Музеі краіны арганізоўваюць публічныя чытанні твораў, наладжваюць сустрэчы з пісьменнікамі, акцёрамі, мастакамі, грамадскімі дзеячамі. Традыцыйнымі ўжо сталі і дыктоўкі паводле эпахальных і значных твораў нацыянальнага прыгожага пісьменства. І як тут не ўзгадаць знакамітыя словы слыннага паэта Пімена Панчанкі:

Якія цудоўныя назвы і словы,

Якая цудоўная родная мова!

І ўсё мілагучна для слыху майго:

І звонкае «дзе», і густое «чаго».

Несумненна, што ў гэты дзень многія беларусы і беларусачкі хоць на некалькі дзясяткаў слоў становяцца больш дасведчанымі, інтэлектуальна пытлівымі і больш патрыятычнымі. Я часта бываю ў школах і не магу не сказаць пра тое, якія змястоўныя і прыгожыя ў нас кабінеты беларускай мовы і літаратуры. За гэта хочацца сказаць вялікі дзякуй філолагам устаноў адукацыі, якія робяць усё дзеля таго, каб мова выдзялялася сярод іншых і напаўняла сваёй мілагучнасцю акаляючае асяроддзе. Нездарма Янка Сіпакоў сцвярджаў: «Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам». Я перакананы, што дзякуючы менавіта такім святам, добразычлівым і эмацыянальным, ціхім і хатнім, штогод прыбаўляецца аматараў беларускай мовы, літаратуры, культуры не толькі сярод навучэнцаў, але і сярод педагогаў, бацькоў, усіх неабыякавых беларусаў. Цікава, што ў нас ёсць назвы населеных пунктаў, у якія ўваходзяць імёны Любань, Ліда, Барысаў, Асіповічы, Клімавічы, Давід-Гарадок, Раманавічы, Петрыкаў. А ёсць такія, у якіх прысутнічаюць назвы жывёл і раслін: Дуброўна, Баранавічы, Слонім, Лепель, Гомель, Бярозаўка. Дарэчы, сёння ў нашым рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Дзень роднай мовы – цудоўная нагода для носьбітаў беларускай мовы яшчэ раз задумацца пра яе як адзіную, родную, якую мы завём матчынай, на якой размаўлялі нашы продкі. Таму настаўнікі Бацькаўшчыны прыкладаюць вялікія намаганні, каб беларуская мова жыла і квітнела рознакаляровай вясёлкай.

Нельга не ўзгадаць словы вялікага сына Беларусі Змітрака Бядулі, які пісаў: «Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць, калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова». 

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
пазаштатны карэспандэнт.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: