Канстанцін Карнялюк: «Мацi-Беларусь, твае сыны жывуць!»

123

У 2022 годзе мы адзначаем юбiлеi нашых славутых суайчыннiкау, чыiмi iменамi мы маем права ганарыцца.

Лiчу, што кожны свядомы беларус проста абавязаны прачытаць таленавітую спадчыну нашых майстроў слова, нешта нават вывучыць на памяць, каб беларускасць засталася ў сэрцах назаўсёды. На жаль, сёння знайшліся нядобрыя заморскія дзядзькі і цёткі, якія наша роднае і спрадвечнае хочуць у нас адабраць, спаганіць, перайначыць. Не бываць таму!  Нездарма ж вялікі Янка Купала некалісь зазначаў:

«Не шукай ты шчасця, долі
На чужым, далёкім полі…»


Непаўторна вялікі талент Янкі Купалы заззяў на золаку ХХ стагоддзя, аднак і ў ХХІ стагоддзі яго самабытная класіка не страціла сваёй актуальнасці. Яму ўдалося стаць выказнікам самых запаветных дум і светлых надзей беларускага народа. Здаецца, што са школы кожны з нас помнiць многае пра Песняра, аднак пачынаеш перагортваць па-новаму яго творы – i кожны раз адкрываеш для сябе нешта новае, цiкавае, раней нязведанае.

Амаль кожны яго верш – нiбы дзённiк цi споведзь, па якiх лёгка можна ўзнавiць не толькi шлях самога аўтара, але i ўвесь шлях беларускага народа ў 1-й палове ХХ стагоддзя.

Янка Купала здолеў выявіць рост сацыяльна-палітычнай і нацыянальнай свядомасці народа, выказаць голасна на ўвесь свет яго спрадвечную волю «людзьмі звацца». Янка Купала вучыў: «Чалавек з зямлёй зрастаецца, як дрэва: ссячы дрэўца – засохне, адбяры ў чалавека зямлю – згіне».

Для мяне, грамадзяніна Беларусі, проста чытача, лірыка Купалы – сонейка, Купала стаў Прарокам, чыстым і непадкупным сумленнем беларусаў і беларусачак. Ён не толькі выйшаў з народа, стаў народным паэтам, але і да апошніх дзён жыцця заставаўся з народам.

Заснавальнікам новай беларускай літаратуры разам з Янкам Купалам стаў і Якуб Колас – народны паэт Беларусі. Асноўны змест яго твораў –
жыццё і побыт, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа, яго барацьба за свае правы, за лепшую будучыню. Ён здолеў даследаваць вострыя актуальныя праблемы сучаснасці, ажыццявіць філасофскі роздум над вечнымі праблемамі жыцця, уславіць духоўнае багацце і маральную прыгажосць беларуса, чалавека.

Якуб Колас услед за Іванам Купалам дадаваў:

«Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля – аснова ўсёй айчыне».

Таму вельмі раю многім сваім суайчыннікам запомніць і вось гэтыя залатыя словы Якуба Коласа: «Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за Радзіму. Чалавек без Радзімы – бедны чалавек». Дык чаму мы нярэдка ўсё яшчэ адварочваемся ад Бацькаўшчыны, думаючы, што на чужыне шчасце?

Канстанцін КАРНЯЛЮК, пазаштатны аўтар.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: