Военное поколение – мирному: «Берегите наш мир со всех сил»

Наша шаноўная зямлячка Марыя Сцяпанаўна ЧУБ першага лiпеня, напярэдаднi Дня Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь, адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння. Як жанчына, не ўзiраючы на ўсе выпрабаваннi, змагла захаваць дабрыню, гонар i веру да людзей — цiкавiўся наш журналiст.

Марыя Сцяпанаўна з дачкамi Тамарай, Валянцiнай i праўнучкай Хрысцiнкай.

Украдзенае юнацтва

У асабістай скарбонцы жанчыны шмат узнагарод за добрасумленную працу, а таксама юбілейных медалёў, сярод якіх медаль «75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» самы дарагі для яе, які не толькі ўвекавечыў Дзень Вялікай Перамогі, а і падкрэсліў сэнс яе асабістага жыцця, якога магло і не быць…

Нарадзілася Марыя Сцяпанаўна ў сям’і калгаснікаў у вёсцы Касцюковічы на Мазыршчыне. Была сярэдняй у шматдзетнай сям’і Каменскіх. На пачатку вайны дзяўчыне споўнілася дзевятнаццаць гадоў – той самы прыгожы ўзрост, каб марыць пра будучыню, кахаць, ствараць сям’ю. Але ж простыя дзявочыя мары не маглі здзейсніцца, таму што чорным крыжам іх перакрэсліла вайна, якую раптоўна развязала фашысцкая Германія.

У Германii: 1945 год.

Марыю Сцяпанаўну, як і дванаццаць яе аднасяльчан, спасціг лёс выгнання на катаржныя работы ў нямеччыну, якія пазней будуць адзначаны статусам «дарослы вязень». На працягу амаль трох гадоў у жудасных умовах яны працавалі пад зямлёй на ваенным заводзе ў Альтэнбургу. Не раз магла там развітацца з жыццём, але, відаць, Богам было наканавана – выжыць.

Згодна з гістарычнымi звесткамi, пачынаючы з другой паловы 1943 года, коль­касць насельніцтва, сагнанага гітлераўцамі з часова акупаванай тэрыторыі СССР на работы ў Германію, склала 2695513 чалавек.

Колькі ні спрабавала Марыя Сцяпанаўна забыць гэтую частку сваёй біяграфіі, але ж так і не змагла да гэтай пары. Памяць зноў і зноў вяртае яе ў той час, калі цягнік адлічваў кіламетр за кiламетрам, вывозячы моладзь з роднае зямлі.

– Бывай, Радзіма… Ці ўбачу я яшчэ калі-небудзь свае родныя Касцюковічы, жытнё­вае поле з валошкамі абапал, цудоўнай прыгажосці берагі Прыпяці з вербалозамі? – так думала Марыя, са слязамі развітваючыся з Мазыршчынай. Гады працы ў варожай няволі былі напоўнены душэўным болем і жахам, холадам і голадам… І калі знаходзіла хвілінку, то як ўмела, так і прасіла Бога аб вызваленні і вяртанні на Радзіму. Гаворыць, што «толькі Гасподзь ведае, як выжыла…». Відаць, не адна яна прасіла Усявышняга аб гэтым, таму што нарэшце настаў той час, калі вязняў вызвалілі саюзнікі. Праз некаторы час колы цягніка зноў адлічвалі адлегласць, толькі ўжо ў зваротным парадку, нібы паўтаралі: «Дадому, дадому». Гэта была для дзяўчыны найлепшая з навін таго часу.

З новага ліста

Калі Марыя дабралася ў сваё сяло, то ўбачыла, што фашысцкія карнікі пакінулі на яе роднай зямлі жудасны след: Касцюковічы страцілі каля 140 сваіх жыхароў. Больш за 70 вяскоўцаў змагаліся з ворагам на фронце, а ўсе, хто быў здольны, удзельнічалі ў падпольнай альбо партызанскай барацьбе. За сувязь з партызанамі ад рук фашыстаў загінулі яе баць­ка і родны брат. Тое, што рабілі фашысты на беларускай зямлі, не магло нават у жудасным сне прыснiцца. Так, адзін з летніх дзён 1943 года ўвайшоў у гісторыю як дзень крывавай расправы. Карацелі 30 чэрвеня акружылі Касцюковiчы і здзекваліся над непакорнымі жыхарамі: білі, травілі газам, а потым запоўнілі ахвярамі чатыры калодзежы, заваліўшы іх зверху бярвеннямі і камянямі. Як напамін пра той жудасны дзень у вёсцы ўстаноўлены помнік ахвярам фашызму.

Аклемаўшыся крыху ад фізічных і душэўных ран, Марыя Сцяпанаўна выйшла замуж. Аркадзь Максімавіч – былы франтавік, які вярнуўся дадому з узнагародамі, – быў вельмі добры і чулы чалавек, змог падтрымаць сваю жонку, каб яе душа ачысцілася ад болю і проста пачала жыць іншымі справамі. Сям’я спачатку купіла невялічкую хату ў вёсцы Пранькі, а пазней і новую адбудавала побач. Амаль паўстагоддзя пражылі Марыя Сцяпанаўна з Аркадзем Максімавічам душа ў душу. Нарадзілі і выхавалі чацвёра дзяцей – двух сыноў і двух дачок. Муж да самай пенсіі працаваў кранаўшчыком на прадпрыемстве «Упраўленне механізацыі № 58». Калі бацька памёр на 82-м годзе жыцця, то маці забрала да сябе дачка Валянціна. Калі што, дык і другая дачка – Тамара – заўсёды прыходзіць на дапамогу. Добрых дзяцей выхавалі бацькі: перш-наперш навучылі іх адказнасці за любую даручаную справу, з павагай адносіцца да старэйшых, сумленна працаваць і шанаваць заслугі іншых, любіць Радзіму і зямлю сваіх продкаў, дзе ты з’явіўся на свет, дзе атрымаў пуцёўку ў жыццё, дзе стаў годным чалавекам. Зараз абедзве дачкі Марыі Сцяпанаўны ўжо на заслужаным адпачынку, а да пенсіі ўнеслі свой значны ўклад у развіццё рэгіёна: Валянціна шмат гадоў працавала ў сферы камунальна-бытавых паслуг, а Тамара – на трыкатажнай фабрыцы да яе ліквідацыі, а потым больш за 30 гадоў аддала кабельнаму заводу. Сын Васіль, па словах Марыі Сцяпанаўны, пайшоў па бацькавых сцежках – больш за 40 гадоў працаваў шафёрам на аўтатранспартным прадпрыемстве.

Жыццёвыя здабыткі

Да свайго 100-гадовага рубяжа Марыя Сцяпанаўна, дзякую­чы клопату дачок, прыйшла з добрымi здабыткамi.

У бабулі Мані – так яе любяць называць блізкія – на сённяшні дзень шасцёра ўнукаў, дзесяць праўнукаў і ўжо два прапраўнукі. Родныя i блiзкiя жадаюць ёй здароўя і дабрабыту. Узiмку яна жыве з дачкою ў гарадской кватэры, а на лета штогод у Пранькі выбіраецца. Таму што менавіта тут, на свежым паветры сярод зеляніны i прыгожых кветак, яна адпачывае душой.

А колькі прыемных хвілін дастаўляюць стасункі з унукамі і праўнукамі, для якіх бабуля – лепшы сябар і дарадца! Кожны хоча пасядзець каля яе, нібы дакрануцца да вечнасці, як прадстаўніцы мінулага стагоддзя. «Бабуля Маня, – шэпча ёй на вушка гарэза-праўнучка Хрысцінка, – ты не хвалюйся, калі на тваім торце запаляць шмат свечак. Я табе дапамагу іх задзьмуць, а ты жаданне загадвай. І толькі знай сабе – жыві!»

Пра што марыць бабуля Маня? Безумоўна пра тое, каб быў мір на зямлі. І таму на­казвае сваiм нашчадкам: «Беражыце наш мiр з усіх сіл!»

Наш гонар – Рэспубліка Беларусь

Размаўляючы са 100-гадовай субяседніцай, я адчула ў яе словах гонар за родную зямлю, які яна пранесла праз усё жыццё, нягледячы на цяжкія выпрабаванні. Таму што гонар нараджаецца ў маленстве і, як першы вясновы парастак, набірае сілу, мацнее на працягу ўсяго жыцця. Гонар за родную зямлю не можа пачацца па волі кагосьці альбо стварыцца пад уплывам спецыяльных законаў. Ён бярэ свой выток з сэрца, душы чалавека разам з любоўю да роднага дома, квяцістага лугу, блакітнага льнянога палетка, клёкату буслоў і пошуму дубраў. А любіць – гэта значыць ведаць, адчуваць сваю прыналежнасць у штодзённым жыцці, спазнаваць сэрцам сваю нацыянальную годнасць. Гэта дзеля таго, каб не забыць, што ты – малая часцінка свайго народа, яго зямлі, якая завецца Бацькаўшчынай. I не проста завецца – яна жыве ў кожнай кропельцы тваёй крыві, у кожнай клетачцы твайго цела, у кожнай думцы. Наш гонар – Рэспубліка Беларусь – незалежная, суверэнная дзяржава!

Наталля КАНОПЛІЧ. Фотаздымкі аўтара.