Канстанцін Карнялюк: «А ці любіце вы прыроду?»

96

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нядаўна заўважыў: «Зялёны астравок прыроды ў цэнтры Еўропы неабходна захаваць». Гэтыя словы, без­умоўна, прагучалі як праграма для нашых далейшых сумесных дзеянняў на карысць прыроды-матухны. Інакш: што ж мы пакінем нашчадкам? Блакітнае неба, палеткі збажыны, выдатныя рэкі, азёры-люстэркі, зялёныя лугі – усё гэта прырода Бацькаўшчыны. Спрадвечная формула «чалавек і прырода» гучыць і сёння зусім натуральна, высакародна і актуальна.

Раю ўсім вандраваць па Айчыне, прырода якой проста ўнікальная. Разнастайная расліннасць займае 93,1 % тэрыторыі. Лясы складаюць 1/3 зялёнага покрыва Бацькаўшчыны. У Беларусі ажно пяць запаведных тэрыторый: Нацыянальныя паркі «Белавежская пушча», «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», «Прыпяцкі», «Бярэзінскі біясферны запаведнік». Ёсць і вялізная балоцістая мясцовасць – загадкавае і казачнае Беларускае Палессе. У нас працякае больш за 20 тыс. рэк, агульная працягласць якіх дасягае дзевяноста тысяч кіламетраў. Рэкі ўпадаюць у басейны двух мораў – Чорнага і Балтыйскага. У краіне перасякаюцца Дняпро, Нёман і Дзвіна, і менавіта тут пралягаў у старажытнасці знакаміты шлях гандлю «з вараг у грэкі». У нас больш за 10 тыс. азёр, таму Беларусь мы завём краінай азёраў. Нарач – самае вялікае возера Беларусі. Белае, Мястра, Баторына, Мядзель – яшчэ чатыры вялікія.

Разбурыць, спілаваць, паламаць усё навокал надзвычай лёгка, а вы паспрабуйце навакольную прыгажосць зберагаць! Заўважу, што выязджаць на ўлонне – яшчэ не значыць любіць наваколле душой і сэрцам. Мы – зямляне, мы перш за ўсё дзеці прыроды. І адносіны з акаляючым асяроддзем не павінны быць паразітычнымі. Прычым, забіраючы ў прыроды многае, амаль ўсё, мы павінны абавязкова ёй нешта аддаваць. Сапраўдная любоў да прыроды-матухны – самае малое, але самае светлае і добрае, што можам мы даць прыродзе.

На жаль, камп’ютар, інтэрнэт сёння запаланілі жыццё многіх сучаснікаў – як юных, так ужо і ў гадах. Многія настолькі прывыклі да тэхнічных «цудаў», што не заўважаюць навакольнай прыгажосці ў тым жа зорным небе, парку, скверы, нават батанічным садзе ці дэндрарыі, ва ўсмешцы вясёлкі ці ў філасофскіх аблоках над галавой.

Мы, зямляне, прывыклі чамусьці лічыць сябе паўнапраўнымі ўладарамі і гаспадарамі сваёй планеты, сапраўдным «вянком тварэння». Аднак пад «вянком тварэння» разумеем дасканаласць, нейкі ідэал. І немагчыма быць дасканалым, выконваючы ўсе свае жаданні за кошт прыроды.

На жаль, мы перасталі разумець, што прырода – адзіная адладжаная жывая сістэма. Ні для каго ўжо не сакрэт, што выкарыстанне прыроды ў карыслівых мэтах паварочваецца супраць нас злосным бумерангам. Без дапамогі чалавека прырода гіне, а без прыроды гінем мы.

Чалавек – неад’емная частка прыроды, таму задача бацькоў складаецца ў прывіцці дзецям павагі да навакольнага свету. Трэба, каб з першых год на зямлі дзіця вучылася жыць у гармоніі з прыродай, радавалася жыццю і бачыла прыгожае ва ўсім, нават у самым маленькім і дробязным.

Я перакананы, што экалагічнае выхаванне варта пачынаць як мага раней, калі сэрца дзіцяці найбольш адкрыта для дабра. Малых неабходна ву­чыць любіць прыроду, жывёл, птушак, расліны. І калі дзеці, падрастаючы, пачынаюць губіць прыроду, сабак, катоў, іншых жывёл і птушак, то ў гэтым вінаватыя мы, дарослыя. Значыць, не здолелі прывіць пачуццё адказнасці за ўсё жывое на зямлі. Ад нас, дарослых, залежыць, ці будзе дзіця наогул любіць прыроду, клапаціцца пра яе. Правільнае стаўленне да прыроды можа пачацца толькі ў сям’і, гарманічнай і зладжанай. Як сама прырода-карміцелька.

Выхоўвайце ў дзецях дабрыню і чалавечнасць. Вучыце з ранняга дзяцінства разумець прыга­жосць жывой прыроды: любавацца апярэннем птушак, радавацца іх спевам. У лесе трэба захоўваць цішыню, слухаць тутэйшую музыку. Паверце: усюды сваё жыццё, сваё зачараванне.

А ці любіце прыроду самі? Калі дзіця бачыць ваша стаўленне, яно ніколі не зможа стаць жорсткім і абыякавым да навакольнага свету. Любіце прыроду па-сапраўднаму – і ваш малы абавязкова будзе гэта пераймаць.

Сёння настаў час прыслухацца да слоў Гётэ: «Прырода заўсёды мае рацыю, памылкі ж зыходзяць ад людзей».

Канстанцін КАРНЯЛЮК, пазаштатны аўтар.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: