Канстанцін Карнялюк: «Мудрасць і веды шукайце ў бібліятэцы!»

Неаднаразова, едучы ў грамадскім транспарце, звяртаў увагу на тое, што шмат пасажыраў розных узростаў «вісяць» у тэлефонах. Нават і знаёмых не заўважаюць, не толькі старых ці жанчын з дзецьмі, якім патрэбна ўступіць месца. Жывуць нібы па прынцыпе: «Не чапайце мяне, я – заняты!» Раней жа ў аўтобусе, альбо ў поездзе чыталі кніжкі, але чамусьці былі больш пільнымі і ўважлівымі, ветлівымі і спагадлівымі…

Зараз не магу не пагадзіцца са словамі Янкі Брыля, які аднойчы сказаў: «Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся – Слову». Безумоўна, добрую кнігу на любы густ заўсёды можна знайсці ў бібліятэцы.

Нацыянальная бібліятэка, яшчэ тая старая, для мяне была храмам душы і сэрца на працягу многіх гадоў. Мне вельмі падабаецца і сучасная новая, аднак уся мая маладосць, юнацтва, сталенне,  самыя натхнёныя, апантаныя  гады прайшлі менавіта ў залах былой Ленінкі. Яна была любоўю і страсцю майго пакалення. Бібліятэцы сёлета спаўняецца сто гадоў. Нядаўна мне давялося наведаць новую Нацыянальную бібліятэку, дзе прадстаўлены ўсе перыядычныя  выданні Беларусі за многія дзесяцігоддзі. Пад яе дахам скандэнсаваны ўсе куточкі, вёсачкі, мястэчкі і гарады Бацькаўшчыны. Сёння бібліятэка – гэта важны інстытут айчыннай  культуры і духоўнага развіцця нацыі. Яна з’яўляецца не проста кніжным сховішчам, але і агромністым  інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам. Цікава, што сам збор налічвае там звыш за 10 мільёнаў экзэмпляраў. Асноўная частка фондаў размешчана на 10 паверхах. Больш за паўмільёна экзэмпляраў знаходзіцца ў адкрытым доступе і ў чытальных залах. У бібліятэцы ёсць і Музей кнігі, які  захоўвае больш за 300 унікальных рукапісных і старадрукаваных помнікаў, сярод якіх і Біблія (1517–1519). Змястоўная, як кніга, і  сама гісторыя бібліятэкі, з дапамогай якой выраслі шматлікія пакаленні беларусаў. Пасля набыцця  суверэнітэту 9 мая 1992 года Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна была перайменавана ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. У сакавіку 2002 года пачалося будаўніцтва новага будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі». Новы будынак – дыямент, архітэктурнага рашэння, які нават сваёй формай  сімвалізуе каштоўнасць ведаў, прыгажосць, бясконцасць і разнастайнасць пазнавальнага  свету.

Бясспрэчна, бібліятэка стала візітнай карткай нашай краіны. Яна з’яўляецца сучасным інфармацыйным, навукова-даследчым, сацыякультурным і сацыяпалітычным цэнтрам.

Аднак мяне часта абурае і бянтэжыць, што наша моладзь нярэдка сваё інтэлектуальнае «развіццё» абмяжоўвае толькі «пальчыкавай гімнастыкай» смартфонаў.  Многія наогул развучыліся чытаць кнігі, часопісы, газеты. А гэта ж проста дзікунства ў цывілізаваным ХХІ стагоддзі!  Так запярэчаць мне новаспечаныя «электронікі»: «Мы чытаем электронныя варыянты»… Аднак варыянты чаго, спадарства?! – Жоўтых навін, фэйкаў-пярэваратняў, інтэрв’ю псеўдазорак, якія не толькі не з’яўляюцца класікай, а яшчэ на ўсе стопрацэнтаў шкодзяць розуму і інтэлекту нацыі. На мой погляд, сёння самы час вярнуцца к наведванню бібліятэк,  адраджэнню сямейных чытанняў. Асабіста для мяне сустрэча з новай  кнігай – заўсёды свята душы.

Хачу параіць кожнаму пачынаць свой дзень з асэнсавання слоў Францішка Скарыны: «Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы».