Вышывальшчыца Зоя Кузьменка: «На Мазыршчыне захоўваюцца народныя традыцыi»

Вышывальшчыца з вёскі Каменка Зоя Кузьменка спраўна арыентуецца у народных традыцыях, а ручнік для яе – адкрытая кніга. Кожная праца – ўвасабленне дабра і выдатнага настрою, радасці і святла.

Шывок за шыўком, крыжык за крыжыкам, і вось ужо рдзеюць на палатне чырвоныя зоры беларускага арнаменту, рассыпаюцца спрадвечныя сімвалы Радзімы і сувязі з продкамі, пажаданнем добрай долі і шчаслівага замужжа, дабрабыту і здароўя, моцнай сям’і і нараджэння дзяцей…

Вышыўкай Зоя Канстанцінаўна пачала займацца з ранняга дзяцінства. З захапленнем назірала за стараннымі рукамі маці, якія з любоўю пакідалі на ручніках і сурвэтках прыгожыя кветкі, выкананыя гладдзю, альбо роўныя крыжыкі. Ужо тады, узяўшы ў рукі іголку, яна пачала вышываць разам з маці. Занятак быў настолькі займальным, што дзяўчына паволі ўцягнулася і ён стаў яе любімым. З тых далёкіх часоў з вышыўкай яна не растаецца і па сённяшні дзень. Кожная праца Зоі Канстанцінаўны – імправізацыя. Яна не карыстаецца нейкімі схемамі, проста выношвае сюжэт у думках, а потым натхнёна пераносіць яго на тканіну. Калі сабраць усе яе працы разам, то атрымаецца цэлая выстава, на якой галоўнае месца займаюць ручнікі і навалачкі, простыні і падузорнікі, сурвэткі і абрусы. Вялікую частку яе рукатворных сюжэтаў займаюць карціны, размешчаныя на сценах пакояў вясковай хаты.

Ручнікі з беларускім арнаментам аздабляюць усе абразы. І што характэрна – ніводзін з сюжэтаў не паўтараецца. Асаблівы каларыт ім надаюць рознакаляровыя ніткі для вышыўкі, якія майстрыха падбірае з вялікім густам. Пачатак асабістай выставы палажыла першая карціна з палымнеючымі макамі, якую яна вышыла яшчэ ў далёкім юнацтве. А потым лік вышывак згубіўся, таму што шмат прэзентавалася на падарункі родным, блізкім, сябрам і калегам з нагоды знакавай даты альбо нейкага свята падкрэсліваючы любоў да краіны і малой радзімы. Нарадзілася Зоя Канстанцінаўна на Піншчыне ў шматдзетнай сям’і. Вёсачка Баравая стала тым цудоўнейшым месцам, якое расчыніла перад дзяўчынай акно ў вялікі свет. Усё лепшае яна атрымала менавіта ў сям’і, дзе асабліва цаніліся працавітасць і падтрымка, узаемаразуменне і павага, любоў і шчырасць.


Лёс склаўся так, што пасля атрымання базавай адукацыі, Зоя Канстанцінаўна паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча, а па размеркаванні трапіла на Мазыршчыну. Такім чынам, вёска Каменка, што ў Мазырскім раёне, стала працягам яе жыцця, дзе яна змагла рэалізаваць свае прафесійныя здольнасці і знайсці жаночае шчасце. Працоўную біяграфію пачынала ў вёсках Прудок і Слабада, а калі ў Каменцы ўвялі ў эксплуатацыю будынак дзіцячага садка, то яе педагагічная дзейнасць працягвалася там: 14 гадоў – выхавацелем і больш чвэрці века – на пасадзе загадчыцы  ўстановы. Відавочна, што не адно пакаленне вяскоўцаў прайшло праз яе рукі і сэрца. Выхаванцы раслі, сталелі, а потым сваіх дзяцей прыводзілі да Зоі Канстанцінаўны ў дзіцячы садок. Тут яна выйшла замуж. З мужам Мікалаем Міхайлавічам выхавалі дачку і сына. Дачакаліся ўнукаў, якія радуюць сваімі поспехамі.

– Здаецца, ужо і няма сёння патрэбы ў вышыўцы, але ж рукі ў вольны ад сялянскіх спраў час самі цягнуцца да іголкі і пяльцаў, – гаворыць наша субяседніца. – Хочацца, каб і моладзь не забывала пра народныя рамёствы і традыцыі на беларускай зямлі. Як кажуць у народзе: «Уменне ж за плячыма не насіць!» Можа, маёй унучцы Лідзе і не спатрэбіцца вышыўка ў жыцці, але ж я навучыла яе ўсяму, чым валодаю сама. Яна ўмее спрытна вышываць гладдзю, крэсцікам і нават бісерам. Дарэчы, вышыўка – гэта творчая крапатлівая праца, падобная на мастацтва, дзе сюжэт ствараецца на палатне фарбамі. Калі валодаеш тэхнікай вышыўкі, то абавязкова знойдзеш і час, каб папрацаваць гадзіну-другую, прывесці ў парадак думкі.


Напрыканцы нашай размовы Зоя Кузьменка зазначае: «Вышыўка – гэта свайго роду псіхатэрапія, якая супакойвае і нават лечыць».

Пасля сустрэчы з цікавай субяседніцай, у мяне таксама з’явіўся новы погляд на вышыўку, як від мастацтва, у які майстрыха ўкладвае вялікі сэнс. Напрыклад, збіраючыся вышыць ручнік, яна спачатку задумваецца, для якой мэты ён патрэбен. Можа гэта будзе ручнік-набожнік для абразоў ці сувенірны на памяць гасцям пра горад ці фестываль. Можа будзе вясельны – пад каравай ці пад ногі… І толькі потым жанчына будзе падбіраць арнаменты, тканіну і ніткі. Зоя Кузьменка вышывае па канве і лёну. Тканіну і ніткі набывае на Піншчыне. Па яе словах, вышыўка, як рамяство, прыносіць вялізнае задавальненне, развівае маторыку рук, зрокавую памяць, таксама – добрая прафілактыка артрыту. Яна катэгарычна супраць таго, каб яе вырабы пыліліся ў шафе, дзе страцяць сваю каштоўнасць. Трэба, каб вышыўку бачылі людзі. Тады ў кагосьці абавязкова з’явіцца жаданне – працягваць і захоўваць нацыянальныя традыцыі, надаваць рамёствам новае жыццё!

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фотаздымак аўтара.