Добрушчына сустракае

71

На слаўнай унікальнай сваёй гісторыяй і непаўторнымі традыцыямі добрушскай зямлі ў першыя дні верасня пройдзе цудоўнае Свята беларускага пісьменства. Чым яно будзе адметным у плане папулярызацыі кнігі, і як да яго рыхтуюцца гомельскія пісьменнікі: аб гэтым і многім іншым мы пацікавіліся ў заслужанага дзеяча культуры Беларусі, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», празаіка, публіцыста, драматурга Уладзіміра ГАЎРЫЛОВІЧА.

– Уладзімір Мікалаевіч, што для вас асабіста значыць свята – Дзень беларускага пісьменства?

– Тое, што мы ёсць нацыя, мы ёсць народ. Свята яскрава сведчыць аб немалых клопатах дзяржавы, каб адрадзіць гістарычную памяць і гістарычнае аблічча краіны праз помнікі старажытнасці і лепшыя ўзоры прыгожага пісьменства звярнуць увагу сучаснікаў на тое духоўнае багацце, тую спадчыну, якую мае беларуская нацыя, а таксама разам ацаніць літаратурныя, культурныя, асветніцкія набыткі, якія прыўнеслі сучаснікі.

– І тут ёсць пра каго весці гутарку?

– Безумоўна. У савецкі час плённа працавалі ў галіне літаратуры: празаік Леанід Гаўрылкін (в. Стэп), паэт і празаік Мікола Кусянкоў (в. Перарост), паэт Паўлюк Прануза (в. Вылева). На шырокую літаратурную дарогу адсюль выйшлі паэты Віктар Шаўчэнка (в. Карма) і Уладзімір Шварц (в. Насовічы). У Добрушы нарадзілася і знайшла свой апошні прытулак цікавая гомельская паэтэса і празаік Эма Усціновіч. Рана далучыўся да непаўторнага хараства прыроды беларускага Прыдняпроўя, душэўнай прыгажосці палешукоў і будучы народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, выдатны мастак слова Іван Шамякін (нарадзіўся ў Карме). І ў сваёй шматграннай творчасці не раз звяртаўся да родных берагоў. Не выпадкова на вялікім свяце пісьменства ўдзячныя палешукі ўрачыста адкрыюць яму помнік.

– А ці ёсць сярод сучаснікаў таленавітыя людзі?

– З вострым сацыяльным зрокам, добрым адчуваннем маральна-этычных запатрабаванняў сучаснасці, дасканалым веданнем жыцця пішуць свае творы сённяшнія літаратары, якія лёсам звязаны з Добрушчынай. Гучна заявілі пра сябе ў літаратуры празаік Валянціна Кадзетава-Арэстава
(в. Мікалаеўка), паэтэса, празаік, казачніца Ганна Атрошчанка (пас. Чырвоны Рог). Пад Добрушам жыве і плённа працуе ў паэзіі Іван Цітарэнка: хаця родам ён з вёскі Іванаўка Гомельскага раёна, сваё шчасце знайшоў менавіта тут. Да паглыбленага роздуму над жыццём і чалавечымі лёсамі заклікаюць патрыятычныя і лірычныя творы Міколы Ждановіча (шмат гадоў узначальваў журналісцкі калектыў газеты «Добрушскі край») і Людмілы Яськовай (кіраўнік аматарскага літаб’яднання «Натхненне» пры Добрушскай цэнтральнай бібліятэцы). Ёсць на Добрушчыне і новыя парасткі: на шырокія прасторы літаратуры заўважна прабіваецца з пранікнёнымі і кранальнымі творамі Вольга Астапенка, нядаўна прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Праз музыку і бардаўскую песню ідзе ў паэзію Сяргей Старыкаў.

– Што зараз сабой уяўляе Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, якім вы кіруеце?

– Калі ж гаварыць пра ўсю пісьменніцкую сям’ю Гомельшчыны, якая ўвосень стане сапраўдным гаспадаром на свяце літаратурных традыцый і духоўнасці беларускага народа і з’яўляецца ініцыятарам шматлікіх творчых праектаў і акцый, то яна немалая: звыш шасцідзесяці паэтаў, празаікаў, драматургаў пры дапамозе мастацкіх сродкаў і вобразаў даследуюць жыццё, уплываючы не толькі на розум, але і на пачуцці чытача, лірычным і празаічным словам услаўляюць родны край, яго ўнікальнасць і прыгажосць. Гомельшчына – сапраўды прыгожы і ўнікальны Сусвет! За апошнія 15 гадоў з-пад пяра сучасных гомельскіх пісьменнікаў выйшла звыш 800 кніг, многія мастацкія творы былі не толькі прызнаны грамадскасцю, але і высока адзначаны як у нашай краіне, так і за яе межамі. Нашы творцы пастаянна ў гушчы жыцця, нясуць жывое мастацкае слова ў школы і дзіцячыя садкі, у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, сустракаюцца з чытачамі ў бібліятэках, на прадпрыемствах і ў арганізацыях: штогод такіх сустрэч на добраахвотнай аснове наладжваецца не менш паўтары тысячы.

Па клічу сэрца, не інакш, закладваюцца пачуцці прыгожага ў душы найперш падрастаючага пакалення, чым мы робім немалую працу дзеля духоўнасці будучыні краіны. Толькі для пачаткоўцаў у літаратуры, што з часам прыйдуць нам на змену, за апошнія тры гады праведзена 40 літаратурных конкурсаў, выдадзена некалькі складанак пераможцаў іх і фіналістаў – маладых аўтараў, пастаянна моладзі аддаюцца старонкі абласнога альманаха, для іх творчага развіцця ладзяцца майстар-класы, сустрэчы з прафесійнымі літаратарамі, ёсць нават свая школа «Малады літаратар». Ды і пераняць вопыт маладым на Гомельшчыне ёсць у каго!

Цікава, нестандартна працуюць у літаратурнай галіне актывісты Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун, Яўген Калашнікаў, Ніна Шклярава, Тамара Кручэнка, Міхась Сліва, Вольга Раўчанка, Лілія Вялічка, Наталля Шэмет, Святаслаў Крупенька, Аляксандр Джад, Рыгор Бабчанок, Аляксандр Каляда, Аляксандр Атрушкевіч, Іна Спасібіна, Ева Дударга, Лідзія Долбікава, Іна Зарэцкая, Галіна Нячаева, Іван Бісеў, Вера Квяткоўская і іншыя.

– А якая роля надаецца выдавецкай дзейнасці?

– З мэтай папулярызацыі новых мастацкіх твораў пісьменнікаў аддзяленне штогод выдае па аднаму–два выпускі абласнога альманаха «Літаратурная Гомельшчына», а таксама зборнікі вядомых і маладых аўтараў, якія дасягнулі значных творчых поспехаў (напрыклад, адзначаем па выніках пэўнага года абласной і міжнароднай літаратурнымі прэміямі «Вернасць слову» ці прызнаём «Пісьменнікамі года» Гомельшчыны). Мы ганарымся і тым, што на Гомельшчыне па ініцыятыве пісьменніцкай арганізацыі адной з першай у краіне з’явілася свая абласная літаратурная прэмія, якая носіць імя Кірылы Тураўскага. У 2022 годзе прэмія абласнога выканаўчага камітэта (гэта выданне кнігі для пераможцы творчага конкурсу і пэўны грашовы эквівалент) будзе ўручацца ўжо ў дзясяты раз. Звыш 40 прафесійных літаратараў і пачаткоўцаў атрымалі яе за гэты час, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва вобласц

Сёлетняя падзея чакаецца менавіта на вялікім рэспубліканскім свяце ў Добрушы, што, безумоўна, запомніцца лаўрэатам на ўсё жыццё. Увогуле, усе выдадзеныя за апошні год кнігі нашых пісьменнікаў будуць годна прадстаўлены ў час правядзення Дня беларускага пісьменства праз прэзентацыі, аўтограф-сесіі, творчыя сустрэчы.

– На Гомельшчыне памятаюць тых, хто зрабіў значны ўклад у літаратуру?

– Дзеля ўшанавання памяці калег заснавана некалькі абласных літаратурных прэмій, а вышэйшая творчая ўзнагарода аддзялення СПБ – памятны медаль «Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру» – уручаецца з канца 2020 года. Нядаўна рашэннем Савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» старшыні праўлення мясцовай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Няклінаўскага раёна», члену вышэйшага творчага савета Саюза пісьменнікаў Расіі, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктару фестывалю «Берагі дружбы», паэту і перакладчыку Леаніду Северу прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія «Вернасць Слову». У рамках гэтай узнагароды ў Гомелі да Дня беларускага пісьменства і Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» выйдзе кніга выбраных вершаў і песенных тэкстаў аб Беларусі і Расіі гэтага таленавітага творцы і выдатнага арганізатара.

– А ці ёсць вынікі міжнароднай дзейнасці вашага аддзялення?

– Жывучы на памежжы з Расіяй і Украінай, Гомельскае абласное аддзяленне СПБ актыўна развівае стасункі праз творчыя кантакты і нават праекты не толькі з пісьменніцкімі, але і нацыянальнымі арганізацыямі славянскіх краін. У 2006 годзе ў Гомелі ўпершыню быў праведзены фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», які цяпер па-сутнасці стаў брэндам Гомельскай вобласці. У мерапрыемствах фестывалю за ўвесь час яго правядзення прымалі ўдзел звыш 450 славянскіх літаратараў: гэта сотні добрых, карысных сустрэч, накіраваных на выхаванне юных душ. Аддзяленне з’яўляецца заснавальнікам абласнога фестывалю літаратуры, культуры, народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага», які штогод праходзіць у Жыткавічах і іншых гарадах вобласці. Новы форум пашыраецца тэматычна, з удзелам мясцовых і замежных творцаў.

– З вашага боку надаецца ўвага моладзі?

– Так. З першага дня стварэння пісьменніцкай суполкі мы праводзім міжнародныя конкурсы паміж маладымі паэтамі. Выкананне конкурсных заданняў курыруюць вопытныя паэты-настаўнікі – прызнаныя ў сваіх рэгіёнах і краінах майстры мастацкага паэтычнага слова. Фінальныя слуханні і ўзнагароджанне пераможцаў ўсе гэтыя гады непарыўна звязваліся з фестывалем нацыянальных культур, які праводзіцца штогод у Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці, а таксама, што тычыцца Беларусі, з міжнародным фестывалем-святам «Славянскія літаратурныя дажынкі».

– Якую праграму падрыхтавала Гомельскае абласное аддзяленне да восеньскіх літаратурных святаў?

– Напярэдадні святаў – з 31 жніўня па 2 верасня ў Гомелі, Тураве, Жыткавічах і Мазыры пройдуць два фестывалі: XVII Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» і IV Абласны фестываль літаратуры «На зямлі Кірылы Тураўскага». Ва ўсіх літаратурных падзеях – майстар-класы, прэзентацыі новых кніг, творчыя лабараторыі і дыялогавыя пляцоўкі, ушанаванне пераможцаў, канцэрты самадзейных аўтараў і прафесіяналаў – прымуць удзел 25 пісьменнікаў з Расіі і Украіны, 60 творцаў Гомельшчыны і звыш 400 фіналістаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, якія мы арганізавалі і правялі. Упершыню ў фармаце фестываляў пройдуць аўтарскія літаратурныя вечары-славянскіх пісьменнікаў: напрыклад, Расію сёлета прадставіць заслужаны дзеяч культуры Кубані, вядомая паэтэса і празаік Святлана Макарава, а ганаровымі гасцямі ад Беларусі будуць народны пісьменнік краіны Мікалай Чаргінец і народны артыст Беларусі, член СПБ Эдуард Ханок. Вялікае кола творчых сустрэч-прэзентацый, якія павінны парадаваць чытача, адбудзецца і ў час XXIX Дня беларускага пісьменства. Мы гасцінна запрашаем на свята ў Добруш усіх літаратараў краіны – гэта ж, па-сутнасці, наша прафесійнае свята. Мы будзем рады ўсім гасцям!

Валянціна КАНСТАНЦІНАВА,
пазаштатны аўтар.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: