Канстанцін Карнялюк: «Шануйце краіну сваю»

135

Купалавы словы «Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі…» як ніколі актульны і сёння, таму што некаторыя суайчыннікі не задумваюцца нават пра тое, што робяць. Але ж пра ўсё па парадку.

З вышыні пражытых гадоў магу сцвярджаць: няма на зямлі нічога бліжэй і даражэй, чым Бацькаўшчына. Для многіх паняцці «Айчына», «бацькоўская зямля» – самае дарагое, любімае, каштоўнае, дзеля якога ў вызначальны ці надзвычай напружаны час ты гатовы нават памерці! Менавіта на Радзіме самае яркае сонца, найзелянейшая трава і неба блакітнага колеру.

А яшчэ – людзі, твае землякі, суайчыннікі, што мацуюць падмурак краіны добрасумленнай працай. Нездарма наш слынны беларускі класік Якуб Колас пісаў: «Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за Радзіму. Чалавек без Радзімы – бедны чалавек». А Уладзімір Караткевіч сцвярджаў, што «ёсць адзіна годны шлях – служыць Айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга». На вялікі жаль, у высокіх ідэй і імкненняў ёсць і адваротны бок медаля…

Апошнім часам надзвычай актуальнай, як і ў Вялікую Айчынную, стала праблема здрадніцтва, маладушніцтва і, як вынік, ілжэпатрыятызму і дэмагогіі. Магчыма, гэта ў першую чаргу звязана з абвастрэннем міжнацыянальных адносін, ваеннымі падзеямі ва Украіне. У многіх з дапамогай інтэрнэта абудзілася дзейнасць так званых «нацыяналістаў-збачэнцаў», квасных патрыётаў, новаспечаных манкуртаў, людзей перакаці-поле, «беглых». І гледзячы на ўсё гэта, проста дзіву даешся: тыя, хто ўчора здрадзіў Бацькаўшчыне, тым мясцінам, дзе атрымалі пуцёўку ў жыццё, сёння з-за мора-акіяна раптам пачалі вучыць нас, тутэйшых, як жыць нам, з кім сябраваць, каму дзякаваць і каго ненавідзець. «Барацьбіты за свабоду і волю народа» проста забылі народную мудрасць: несправядлівасць, жорсткасць, варожасць і агрэсія да свайго народа бумерангам абавязкова вяртаюцца… Яшчэ з жорсткіх урокаў Другой сусветнай вайны мы запомнілі, што калі вораг прыйшоў са зброяй – значыць праўда не на яго баку.

У каго праўда, спакой, гармонія, розум і здаровая логіка ў галаве, таму непатрэбна зброя.

Хопіць для вырашэння спрэчак мірных дагавораў. Высокія маральныя перакананні, ідэалы, мірныя чаканні і мары, нягледзячы ні на якія катаклізмы, заўсёды існавалі і будуць існаваць зараз. Страшныя, трагічныя падзеі перадваеннага, ваеннага часу не здолелі вынішчыць у беларусаў годнасць, прынцыповасць, дабрыню, любоў да Радзімы. Патрыятызм салдаты, афіцэры Савецкай Арміі, нават юныя барацьбіты, партызаны не дэкларавалі, яны проста ахвяравалі сабой у імя вызвалення роднай зямлі ад зла, агрэсіі.

Зразумела, заўсёды цяжка стаць героем, і некаторым асобам лёгка страціць самога сябе, сваю душу, мараль, калі трэба зрабіць пакутлівы выбар паміж жыццём і смерцю, барацьбой і здрадніцтвам. Гісторыя вайны нагадвае пра здрадніцкую дзейнасць паліцаяў, тых жа звычайных землякоў. Цяжкасці і небяспека заўсёды з’яўляюцца асноўнымі перашкодамі для правільнага выбару. Я лічу, што не заслугоўвае павагі той, хто дзеля сябе самога, дзеля пасады, звання, лепшай долі гатовы на здрадніцтва. І нікога не апраўдваюць нават цяжкія ваенны ці складаны мірны час. Здраднікі краіны застаюцца здраднікамі ўсюды.

Сёння, па некаторых ацэнках, на антыбеларускім «фэйкавым» напрамку актыўна працуюць у інфармацыйнай прасторы ад сямідзесяці да ста тысяч чалавек. Назіраецца цеснае ўзаемадзеянне ўкраінскіх пад­раздзяленняў інфармацыйных войнаў з польскімі і літоўскімі «калегамі», каардынацыі на ўзроўні спецыялістаў пры правядзенні шматлікіх укідаў ілжывай інфармацыі. Супраць Беларусі і Расіі развязана інфармацыйная і эканамічная вайна. У наш няпросты час аказваюцца беспрэцэдэнтны націск, эканамічныя санкцыі, гандлёвая блакада, адбываецца ўдушэнне Беларусі і Расіі шляхам махінацый, шантажу, дыверсій. І вельмі агідна, што памагатымі ворагу сталі «беглыя» з Беларусі, што, як пацукі, збеглі з роднай зямлі і рассяліліся ў розных гарадах планеты.

Жорсткае геапалітычнае проціваборства ставіць перад Беларуссю ўсё новыя задачы па адстойванні суверэнітэту і незалежнасці краіны, абароне беларускага народа ад той масіраванай атакі, якая вядзецца на літаральна ўсе айчынныя традыцыйныя каштоўнасці і ідэалы. Так, пацярпеўшы няўдачу са спробай дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, калектыўны Захад, ЗША нарошчваюць санкцыйны націск, выпрабоўваючы нас на трываласць. Асаблівую занепакоенасць не можа не выклікаць тое, што развязаная супраць беларусаў інфармацыйная вайна набывае ўсё новыя формы як мірнага, так і ваеннага процістаяння. Пад выглядам штучна створанага міграцыйнага крызісу адбываецца нарошчванне войскаў НАТА каля заходніх межаў Беларусі. Пры гэтым краіны, якія заўсёды на словах выступалі за дэмакратыю і правы чалавека, сёння, не раздумваючы, прымяняюць сілу і зброю супраць мірных грамадзян, нават цяжарных жанчын, дзяцей і старых людзей. Вось такое гнілое і пачварнае разуменне дэмакратыі стараюцца навязаць і нам. Назіраецца беспрэцэдэнтны націск з-за мяжы і на беларускіх вайскоўцаў. Мы бачым навінавы інтэрнэт-хаос, шматлікія фэйкавыя правакацыі. Разгарнулася сапраўдная бойня за розум беларусаў. Націск, пагрозы, заклікі з-за мяжы штодня абвальваюцца на людзей розных прафесій. Жнівень 2020 года – толькі адзін з фрагментаў гэтай інфармацыйнай вайны. Прычым вельмі паказальны. Увесь наступны час у дачыненні да Беларусі вядзецца інфармацыйная вайна яшчэ па жорсткіх, нярэдка замаскіраваных шаблонах. І яна накіравана на адно: каб разбурыць усё пазітыўнае, што было дагэтуль створана, ачарніць, а потым на гэтым полі вар’яцтва і вераломства вырашаць свае новыя агідныя і паганыя пытанні і задачкі.

Сярод нашых ворагаў шмат тых, хто спрабуе сказіць нашу гісторыю і навязаць ілжывыя і выдуманыя каштоўнасці. Назіраюцца шматлікія спробы перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай. Генеральная пракуратура Беларусі даследуе крымінальныя справы аб генацыдзе беларускага народа. Мінск накіраваў запыты аб прававой дапамозе ў многія краіны. Аднак шэраг дзяржаў, сярод якіх Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, адмовілі Беларусі ў прававой дапамозе. Аднак радуе тое, што з расійскага боку супрацоўніцтва ў гэтай галіне ідзе на самым высокім узроўні. Дарэчы, беларускае ведамства паведамляла, што ў розных краінах пражываюць не менш за 400 нацыстаў, якія маюць дачыненне да злачынстваў на тэрыторыі Беларусі.

Не трэба ніколі шукаць сваіх сярод чужых, якія ніколі не стануць роднымі.

Я ўпэўнены, што беларусы выстаяць, перамогуць усё чорнае і абавязкова стануць яшчэ больш мужнымі і загартаванымі. Гэта ў нас ужо ў крыві, у генах, гэта нам перададзена ў спадчыну героямі Вялікай Айчыннай вайны. Беларусь у нас адна, і народ яе, на шчасце, разумны, гасцінны і адзіны. А як жа інакш? «Яна наша. А любімую не аддаюць!»

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
пазаштатны аўтар.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: