Ураджэнец Барбарова Мiхаiл Мацапура унес значны уклад у развiцце механiзацыi сельгасвытворчасцi

263

Многа славутых і таленавітых людзей дала свету мазырская зямля. Адных мы ведаем добра, другіх – менш, але кожны заслужыў права на ўдзячную памяць нашчадкаў. І сярод нашых знакамітых землякоў – імя вядомага беларускага вучонага ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі Міхаіла Яфрэмавіча Мацапуры.

Акадэмік Акадэміі навук БССР і Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У. І. Леніна, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны дзяч навукі і тэхнікі БССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР, Ленінскай прэміі ў вобласці навукі і тэхнікі – вось далёка не поўны пералік тых пасад і ўзнагарод, якія меў наш зямляк.

Міхаіл Мацапура з аспірантамі, якія абаранілі дысертацыю.

Ужо няма тых, кто асабіста быў знаёмы з вучоным і мог расказаць пра яго. Аднак у Барбароўскай базавай школе захоўваюцца навуковыя працы нашага знакамітага земляка, фотаздымкі, уласныя пісьмовыя прыналежнасці і рэчы. Вучні Барбароўскай школы ганарацца знакамітым земляком і з цікавасцю знаёмяцца з яго спадчынай.

Юныя гады

Міхаіл Яфрэмавіч Мацапура нарадзіўся 21 лістапада 1908 года ў вёсцы Барбароў, якая на той момант уваходзіла ў склад Рэчыцкага павета Мінскай губерні, у сям’і селяніна-батрака.

Дзяцінства Міхаіла Яфрэмавіча было вельмі цяжкім. Ён часта недаядаў – сям’я была вялікая. Бацька часцяком хварэў, з-за хваробы яму ампутавалі нагу. Каб выжыць і пракарміць пяцёх дзяцей ад першай жонкі, якая памерла, і траіх – ад другой, гаспадару сямейства прыходзілася працаваць кавалём у памешчыка Горвата, таму што ўласнай зямлі сям’я Яфрэма Мацапуры не мела.

З маленства дзеці дапамагалі бацькам па гаспадарцы. У Міхаіла было вялікае жаданне пераняць майстэрства бацькі, які быў добрым кавалём. Разам яны рабілі плугі, акучнікі і іншы сельскагаспадарчы інвентар. А яшчэ Міхаіл вельмі любіў чытаць кнігі. Хлопчык часта прасіў у бацькі пятак, каб купіць кнігу. У такіх выпадках бацька клаў пятак пад вялікі кавальскі молат і казаў сыну: «Грошы трэба зарабіць, а потым іх атрымаць». Пасля ён выцягваў з горана распаленую нарыхтоўку, клаў на накавальню і даваў у рукі сыну вялікую кувалду. Міша разам з татам прыступаў да работы, пасля якой атрымліваў з бацькавых рук зароблены пятак.

А пан Горват даваў усё новыя і новыя заказы, працаваць станавілася ўсё цяжэй. Каб мець большы прыбытак, памешчык загадаў пабудаваць цагляную кузню, якая да 1978 года стаяла ў цэнтры Барбарова.
Міхаіл працаваў тут малатабойцам, памочнікам каваля. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, куды хадзілі вучыцца дзеці з усяго прыхода: з Гуты, Заракітнага, Стрэльска, Проўцюкаў. Гэта была першая вучэбная ўстанова, якая паклала пачатак вучобы Міхаіла Мацапуры. На заняткі хлопец хадзіў у лапцях, у доўгай палатнянай сарочцы, аднак гэта не перашкодзіла яму скончыць школу з выдатнымі адзнакамі і працягнуць вучобу на радзіме сваёй маці – у Бабчыцкай сярэдняй школе Хойніцкага раёна. Пасля яе заканчэння некаторы час настаўнічаў ў пачатковай школе.

Жаданне вучыцца далей было вялікім. Цяжкая праца памочніка каваля яшчэ ў дзяцінстве загартавала Міхаіла Яфрэмавіча, і мара аблегчыць яе прадвызначыла выбар маладога Мацапуры, на ўсё жыццё «прывязала» да сельскагаспадарчай тэхнікі.

Ад каваля да акадэміка

У 1927 годзе па пуцёўцы Аршанскага акруговага аддзела народнай асветы Міхаіл Мацапура накіроўваецца ў Ленінград, дзе ў 1932 годзе канчае факультэт індустрыяльнага земляробства інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі.

Атрымаўшы дыплом, ён вяртаецца на Радзіму і працуе старэйшым навуковым супрацоўнікам, дырэктарам Беларускай навукова-даследчай станцыі механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Праводзіць вялікую арганізацыйную працу па стварэнні і ўкараненні ў вытворчасць катлоў-параўтваральнікаў, кормазапарнікаў, трактарных бульбаўборачных машын – яны былі правобразамі сучаснай аграрнай тэхнікі. Публікуе першыя навуковыя працы і абараняе кандыдацкую дысертацыю.

У 1938 годзе Міхаіл Яфрэмавіч паступае ў дактарантуру Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У. І. Леніна і адначасова кіруе лабараторыяй бульбяных машын Усесаюзнага навукова-
даследчага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі ў Маскве. Тут ён сустрэў сваё першае каханне – Маргарыту Аляксандраўну, якая стала яго жонкай. Хутка нарадзіўся сын, якому далі бацькава імя – Міхаіл.

У 1945 годзе – абарона доктарскай дысертацыі па праблемах сельскагаспадарчага машынабудавання, прысваенне навуковай ступені доктара тэхнічных навук, у 1947
годзе – званне прафесара.

З 1947-га па 1950 год беларускі вучоны – акадэмічны сакратар АН БССР, да 1965 года – дырэктар інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі навук Беларускай ССР.

Міхаіл Яфрэмавіч многа зрабіў для аднаўлення разбуранай у час вайны Акадэміі, для арганізацыі навуковых даследаванняў. Створаны на зусім новым месцы ў цяжкія пасляваенныя гады інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі зараз з’яўляецца адным з буйнейшых у краіне.

Міхаіл Яфрэмавіч Мацапура – ініцыятар стварэння Беларускай (Заходняй) машына-выпрабавальнай станцыі, адзін з асноўных арганізатараў аддзялення механізацыі сельскай гаспадаркі пры Беларускім політэхнічным інстытуце.

У 1954 годзе нашаму земляку прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі. У 1957 годзе яго выбіраюць акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам зноў арганізаванай акадэміі сельскагаспадарчых навук, а ў 1964 годзе – акадэмікам Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя Леніна.

Характэрнымі рысамі навуковай творчасці Міхаіла Мацапуры былі цесная сувязь тэорыі і практыкі, распрацоўка праблемных накірункаў у земляробчай механіцы, прымяненне перадавых ідэй і метадаў даследавання.

У працах Міхаіла Яфрэмавіча навукова абгрунтаваны тэхналогія і сістэмы машын для асушэння балот, засваення забалочаных і хмызняковых зямель, для нарыхтоўкі торфу і тарфяных угнаенняў, прыгатавання кармоў на жывёлагадоўчых фермах, уборкі бульбы і збожжавых культур ва ўмовах залішняй вільготнасці і многія іншыя тэарэтычныя і метадычныя пытанні механізацыі сельскай гаспадаркі.

Старэйшае пакаленне аграрнікаў Беларусі і сёння помніць «мацапураўскія» плугі, з дапамогай якіх былі засвоены і ўведзены ў севазварот першыя тысячы гектараў балотных земляў. Пазней на балотах з’явіліся новыя ўдасканаленыя меліярацыйныя машыны.

Работы Міхаіла Яфрэмавіча адзначаны на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы і выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі двумя Вялікімі залатымі і Вялікім сярэбраным медалямі. Ён шчыра дзяліўся сваімі ведамі і вопытам з моладдзю. Ім было падрыхтавана больш за сто кандыдатаў і некалькі дактароў навук.

Бацькі Міхаіла Мацапуры і малодшая сястра Аляксандра.

Сувязь з Бацькаўшчынай

Міхаіл Яфрэмавіч Мацапура ніколі не забываў родную веску Барбароў, дзе прайшло яго дзяцінства. Ён сістэматычна падтрымліваў сувязь з калгасам «Серп і Молат», асабліва ў цяжкія пасляваенныя гады.

Дапамагаў землякам практычнымі парадамі, тэхнікай: прыслаў аўтамашыну, трактар МТЗ-5, трос для парома, які курсіраваў праз Прыпяць, пяць плугоў уласнай канструкцыі. Эксперыментальныя, можна сказаць, іх апрабавалі ва ўрочышчы Высочыца. З яго дапамогай была прабурана артэзіянская свідравіна ў пасёлку Чырвоная Горка і ў вёсцы Ніжні Млынок. На лекцыі Міхаіла Яфрэмовіча ў сельскім клубе збіралася нямала сялян. Каньком вучонага лектара была меліярацыя, перспектывы якой ён ужо тады прадбачыў.

Цяжкая хвароба падарвала здароўе выдатнага вучонага, у кастрычніку 1971-га яго не стала. Пахаваны Міхаіл Мацапура ў Мінску на Усходніх могілках. У сталіцы на фасадзе дома, у якім жыў акадэмік, устаноўлена мемарыяльная дошка. Адна з прыгажэйшых вуліц Барбарова названа яго імем.

Доўгі час піянеры школы падтрымлівалі перапіску з жонкай Міхаіла Яфрэмавіча – Маргарытай Аляксандраўнай. У сваіх пісьмах яна пісала аб тым, што наш зямляк быў незвычайна таленавітым чалавекам. Яго справу працягвалі вучні, навуковыя працы якіх былі надрукаваны і прызнаны карыснымі для вывучэння.

Міхаіл Яфрэмавіч пакінуў пасля сябе значны след вучонага, вынаходніка, канструктара, педагога. Але галоўнае, спраўдзілася мара акадэміка аб зліцці навукі з вытворчасцю. З 2006 года ў Беларусі функцыянуе Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі.

Міхаіл Мацапура.
Жонка Маргарыта Аляксандраўна.


Вольга ЛАСУТА.
Фота з архіва
Барбароўскай
базавай школы.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: