Вечныя каштоўнасці. Сёння — Мiжнародны дзень помнiкаў i гiстарычных мясцiн

192

Гістарычная спадчына – гэта тое, што вызначае любую нацыю. Помнікі архітэктуры, археалогіі, мемарыяльныя і памятныя мясціны, мемарыяльныя дошкі, брацкія магілы савецкіх воінаў, партызан і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, воінскія пахаванні часоў Грамадзянскай вайны – усё гэта складае спадчыну Мазырскага краю, якую мы закліканы ахоўваць і берагчы.

Усяго на тэрыторыі раёна выяўлена і ўлічана 157 аб’ектаў спадчыны, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 39 матэрыяльных аб’ектаў спадчыны: 7 помнікаў архітэктуры, 11 помнікаў гісторыі, 20 помнікаў археалогіі і адзін помнік горадабудаўніцтва.

Паданне аб цудзе

Васькаўка – гэта ціхая і ўтульная вёсачка, але кожнаму жыхару раёна яна вядома сваёй цэркаўкай, маленькай, але такой светлай, прамяністай, адкрытай сонцу, якая цягнецца званіцай увысь.
Заходзіш у царкву – і мімаволі спыняешся. Тут ціха і ўрачыста. Абліччы святых глядзяць са сцен на цябе і, здаецца, зазіраюць ў глыбіню душы, а ногі нясуць прама да аналоя, на якім ляжыць ікона Божай Маці «Замілаванне». Падыходзіш да яе – заміраеш…

У пошуках інфармацыі аб гісторыі заснавання тут царквы і, галоўнае, аб з’яве іконы Божай Маці мы звярнуліся ў Каменскую сярэднюю школу, дзе з намі ветліва падзяліліся каштоўнымі звесткамі.
Дырэктар установы адукацыі Марыя Андрэеўна Гурына пачала апавяданне з канкрэтнай даты: царква ў Васькаўцы вядомая тым, што ў 1757 г. тут назіралася з’ява аблічча Божай Маці. А адбылося гэта так.

Здарылася, што селянін вёскі Мялешкавічы Іван Дзідзько страціў сваіх валоў. Доўга і беспаспяхова адшукваў ён іх па наваколлях, пакуль, нарэшце, не прыйшоў на ўзвышанае месца, невялікі лясісты ўзгорак, пад назвай «Востраў Васькаўка». Там паблізу студні на грушавым дрэве ён убачыў у незвычайным ззянні ікону Божай Маці і побач з дрэвам сваіх зніклых валоў. Узяўшы ікону, ён аднёс яе ў Свята-Міхайлаўскі сабор у Мазыры. Аднак на наступную раніцу ікона з’явілася зноў у Васькаўцы. Мясцовы памешчык Казімір Аскерка, даведаўшыся пра незвычайную з’яву іконы, пабудаваў на тым месцы спачатку капліцу, а затым драўляную царкву ў гонар Узвіжання Сумленнага Крыжа Гасподняга, у якой і захоўвалася ікона. Неўзабаве пасля з’явы іконы ад яе сталі адбывацца цуды. Вестка аб гэтым хутка распаўсюдзілася па ўсёй акрузе, і народ стаў сцякацца ў вёску са сваімі смуткамі і хваробамі за дапамогай да цудатворнай іконы.

У Васькаўскай царкве цудатворная ікона Божай Маці знаходзілася да 1817 г., затым была перанесена ў Ельскую Свята-Троіцкую царкву. Пасля гэтага сярод сялян стала распаўсюджвацца павер’е, што з перанясеннем іконы яе жыватворная сіла – «прошча» – вярнулася назад у Васькаўку, з прычыны чаго аж да 40-х гадоў XX ст. народ масава збіраўся на пакланенне не толькі ў Ельскую, але і Васькаўскую царкву.

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 г. Ельская цудатворная ікона Божай Маці знікла. Калі, куды і пры якіх абставінах гэта адбылося – па сённяшні дзень застаецца загадкай. У Васькаўцы захоўваўся спіс з цудатворнай іконы Божай Маці, якая ў 1937 г. была страчана пасля таго, як бязбожнікі разбурылі царкву дашчэнту.

У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы жорстка выпростваліся з насельніцтвам за супрацоўніцтва з партызанамі. Вакол Васькаўкі карнікамі былі спалены ўсе населеныя пункты. У адзін з дзён немцы прыехалі ў вёску і пачалі падпальваць дамы. Аднак, падпаліўшы пяць хат, нечакана сталі згортвацца і спешна з’ехалі. Праз некаторы час чамусьці вырашылі раскватаравацца ў вёсцы, а на месцы разбуранай царквы ўсталявалі вялікі драўляны крыж. Яны казалі, што тут насяляе Божая сіла, і нават прымушалі жыхароў хадзіць для пакланення да крыжа. Немцы няспынна казалі: «Калі Маці Божай будзе добра, то і нам будзе добра». Расказваюць, што пакуль нямецкая часць стаяла ў Васькаўцы, ніводзін салдат не пацярпеў ад партызан, якія актыўна дзейнічалі ў гэтым раёне.

Ужо пасля вайны жыхарка Васькаўкі Наталля Паўлаўна Мішота стала сведкай з’яўлення Багародзіцы. «Аднойчы я прыехала ў сяло збіраць ураджай. Цэлы дзень працавала, а вечарам стомленая вярнулася дадому і сабралася легчы спаць. Памаліўшыся перад сном, папрасіла Божую Маці абудзіць мяне на досвітку, каб не спазніцца на аўтобус, і хутка заснула. У сне пачула голас, які сказаў: «Паглядзі на неба, і ты ўбачыш вялікую святыню». Нечакана абудзіўшыся, жанчына са здзіўленнем убачыла замест столі блакітнае неба, заслону, якая апусцілася з неба прама перад ёй на падлогу, а ля стала ў дзівосным вогненным ззянні – Божую Маці. Па словах жанчыны, на Багародзіцы было барвовае покрыва з махрамі, смарагдавага колеру адзенне з залатымі манжэтамі. Яна нічога не казала, толькі паглядзела па баках і, нагнуўшыся, дастала з-пад стала залатую чару для прычашчэння і паставіла яе на стол, а таксама шэсць маленькіх чар, як для міравання. Чатыры чары з правага боку і дзве з левага, а затым знікла.

З таго часу ў Наталлі Паўлаўны ў сэрцы часта гучаў голас Маці Божай: «У Васькаўцы трэба адкрыць царкву». Пасля доўгіх клопатаў яна сустрэла протаіерэя Васіля Тура і святара Іаана, да якіх звярнулася з просьбай. Айцец Васіль пагадзіўся служыць у Васькаўскай царкве і пасля ўзгаднення гэтага пытання з епархіяльным архірэем уступіў у абавязкі пробашча.

Клопатамі айца Васіля ў Васькаўцы да 1996 г. была пабудавана новая невялікая каменная царква, асвечаная ў гонар iконы Божай Маці «Замілаванне» (Серафіма-Дзівееўскай). Ва ўрачыстай абстаноўцы, з малітвай і хросным ходам 10 жніўня 1996 г. адбылося асвятленне царквы. Яна красуецца на маляўнічым узгорку могілкавай агароджы старога Пагоста на месцы храма, знішчанага ў першыя гады Савецкай улады вандаламі-бязбожнікамі. Пасля смерці айца Васіля ў 2006 г. у Васькаўскай парафіі застаўся служыць яго сын – протаіерэй Сімяон Тур.

Да храма вядзе мноства дарог, і ў кожнага яна свая. Шчаслівы той чалавек, які знайшоў настаўніка, святара, які вядзе па гэтай дарозе да храма, дзе ў Святых сакрамэнтах чалавек атрымлівае добрую дапамогу і суцяшэнне і чэрпае духоўныя сілы.

Сын камандзіра

Памяць аб загінуўшых у барацьбе за свабоду і незалежнасць Беларусі, аб ахвярах фашызму – важны складнік самасвядомасці нашага народа. Беражлівыя адносіны да такой памяці сталі часткай нацыянальнай ідэі.

Сацыяльная палітыка дзяржавы ў сферы ўвекавечання загінуўшых пры абароне Айчыны і захавання памяці аб ахвярах войн накіравана на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, фарміраванне паважлівых адносін да загінуўшых пры абароне Айчыны, падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю Беларусі як сімвалы гераізму, мужнасці, стойкасці і самаахвяравання народа, а таксама на захаванне нормаў міжнароднага гуманітарнага права.

У Мазырскім раёне ёсць адна магіла, пра якую мала хто ведае. Знаходзіцца яна ў вёсцы Загорыны, на беразе Прыпяці. Надпіс на помніку абвяшчае: «Краўчанка Вілья Андрэевіч, 1927–1944. Чырвонафлоцец-юнга. Загінуў смерцю адважных у баі за вызваленне Мазыршчыны на рацэ Прыпяць». І ўсё. Але стэлефанаваўшыся са старшынёй Прудкоўскага сельсавета Святланай Мікалаеўнай Пінчук, мы даведаліся шмат каштоўнай інфармацыі. На нашу сціплую думку, аб салдатах, якія вызвалялі Мазыршчыну, неабходна расказваць на ўроках гісторыі і пазакласных гадзінах з мэтай патрыятычнага выхавання.

У 1941 г. Віле Краўчанка было ўсяго 14 гадоў, але ўжо ў такім юным узросце ён, гледзячы на свайго бацьку, героя Сталінграда, Андрэя Рыгоравіча Краўчанка, імкнуўся стаць вайскоўцам. Віле вельмі любіў мора і марыў стаць мараком. І вось у жніўні 1942 г. ён прайшоў адбор у Салавецкую школу юнг. Аднакашнікі паважалі яго за спакойны характар, за дабрыню, а галоўнае, за тое, што ён шмат ведаў, быў начытаным. Часцяком пасля працы па будаўніцтве зямлянак, складоў, камбуза стомленыя юнгі збіраліся перад сном ля печкі і слухалі яго аповяды аб гісторыі флота і марскіх бітвах.

7 лістапада 1942 г. разам з усімі Віле прыняў прысягу, а ў кастрычніку 1943 г. атрымаў «залатое» пасведчанне аб заканчэнні школы юнг, маючы толькі «пяцёркі» па спецыяльнасці «Карабельны электрык».
У гэтым жа месяцы выпускнікі школы, у ліку якіх быў і Віле Краўчанка, прыбылі ў Сталінград для залічэння ў толькі што створаную Дняпроўскую флатылію. Віле размеркавалі на тральшчык, дзе каман-
дзірам быў галоўны старшына Міхась Казарынаў. Зімоўка прайшла ў вызваленым ад немцаў Чарнігаве, у сакавіку 1944 г. – пераход па Дняпры да Прыпяці, выхад да горада Мазыра.

З пачаткам наступальнай аперацыі «Баграціён» асноўныя сілы флатыліі былі перакінуты на Бярэзіну, дзе караблі забяспечвалі наступ нашых войскаў на Бабруйск. Пасля ўзяцця горада караблі зноў тэрмінова былі перанакіраваны на Прыпяць у раён Мазыра, дзе паспяхова развівалася наступленне войскаў 1-га Беларускага фронту. Задачу па вызваленні раёна, занятага фашыстамі, ад Мазыра да Петрыкава ў перыяд з 28 чэрвеня па 2 ліпеня трэба было вырашаць 2-й брыгадзе Дняпроўскай флатыліі, якая забяспечвала наступ 55-й дывізіі, што насіла назву «Мазырская». Прасоўвацца ў зададзеным напрамку было не проста з-за частых паваротаў ракі, водмеляў і бясконцага масіраванага агню, які немцы вялі з умацаванняў па беразе ракі. Юнгі па баявым раскладзе былі замацаваны другімі нумарамі на кулямётах. У іх абавязак уваходзіла дастаўка каробак з патроннымі стужкамі, зняцце выкарыстаных і ўстаноўка новых.

28 чэрвеня 2-я брыгада флатыліі падышла да Скрыгалава. Тут і разгарэўся першы сур’ёзны бой, які, нажаль, стаў апошнім для Віле Краўчанкі. Першымі ўступілі бранякатэры і плаўбатарэя, якія, імкнучыся прабіцца да водмелі, каб высадзіць дэсант марскіх пяхотнікаў, пачалі артылерыйскі і кулямётны абстрэл суперніка. Як толькі бранякатэры прабіліся да месца высадкі дэсанта, паступіла каманда тральшчыкам неадкладна рухацца туды ж і высаджваць дэсант.

Увесь агонь суперніка, у тым ліку і мінамётны, быў засяроджаны на тральшчыках. На іх не было бранявой абароны, як на бранякатэрах. Юнгі ваявалі, не адчуваючы палубы пад нагамі. Кідаліся, падносілі да кулямёта скрынкі са стужкай і не заўважалі, як пстрыкалі побач кулі, свісталі аскепкі. Ім трэба было забяспечыць працу кулямёта. Галоўнае, каб ён не замоўк… Куля буйнакалібернага кулямёта з варожага дзота забіла юнгу Краўчанку.

Пасля бою, у выніку якога Скрыгалаў быў узяты, Віле Краўчанку па просьбе бацькі, які прыляцеў на пахаванне, пакінулі на беразе ракі Прыпяць каля вёскі Загорыны.

Вольга ЛАСУТА.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: