Жыхары вескi Бабраняты адсвяткавалi 150-годдзе з дня яе заснавання

143

Такая прыгожая дата паслужыла выдатнай нагодай сабрацца ўсім ра­зам, каб весела і ўрачыста адзначыць гэтую падзею.

Бабраняты – невялікая, але маляўнічая і ўтульная вёсачка, у якой у цяперашні час пражывае 508 чалавек. Прыгожыя дамы, дагледжаныя вуліцы, спагадлівыя суседзі – тое, што вылучае населены пункт з мноства падобных. Галоўнае ўпрыгожванне вёскі – яе жыхары. Працавітыя і сціплыя, яны не прывыклі да славы, але само іх жыццё, іх штодзённая праца – гэта крыніца чалавечай мудрасці і самаадданасці.

З прывітальнымi словамi да прысутных звярнулася старшыня Козенскага сельсавета Наталля Крычэўская. Яна пажадала вяскоўцам моцнага здароўя, дабрабыту і добрага настрою.

– Сімвалічна, што 150-годдзе вёскі святкуецца ў Год гістарычнай памяці. Наша гісторыя  – гэта наша багацце, наша спадчына, якую мы павінны зберагчы для дзяцей, унукаў і будучых пакаленняў, – сказала Наталля Мікалаеўна.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Па­дзякамі Козенскага сельскага Савета і памятнымі падарункамі былі адзначаны дэпутат па Булаўкаўскай выбарчай акрузе № 14 Алена Францэвіч і ўпаў­наважаныя па вёсках Булаўкі і Бабраняты Вольга Бобр і Галіна Васько за неацэннае аказанне дапамогі ў навядзенні парадку на зямлі.

Вельмі прыемна і радасна бачыць у вёсцы і дагледжаныя падворкі, такія як, напрыклад, домаўладанне сям’і Краўцовых, што ўпрыгожвае вуліцу Садовую і было прызнана «Домам узорнага парадку». Гэта значыць, што вяскоўцы адказна падыходзяць да навядзення парадку на зямлі, імкнучыся зрабіць сваю маленькую радзіму яшчэ прыгажэйшай.

У вёсцы здольны працаваць не кожны чалавек, бо сельская праца патрабуе асаблівых уменняў і навыкаў, асаблівага да сябе стаўлення. Працаваць у сельскай гаспадарцы – значыць, аддаваць зямлі цяпло сваіх рук, свой клопат, укладваць душу і талент у сваю справу. Свята вёскі стала выдатнай нагодай, каб адзначыць тых, хто сваёй працай набыў павагу аднавяскоўцаў і цяпер робіць усё магчымае для развіцця галіны і свайго сельскагаспадарчага прадпрыемства. Падзякай дзяржаўнага прадпрыемства «Эксперыментальная база «Крынічная» за вялiкi ўклад у развіццё галіны сельскай гаспадаркі была адзначана эканаміст прадпрыемства, выдатны работнік, шматдзетная маці Алеся
Баравая.

Не засталіся ў гэты дзень без увагі і ветэраны сельскагаспадарчай галіны. Існуюць непарушныя традыцыі, якія складаюць аснову нашага жыцця. І паважлівае стаўленне да ветэранаў працы – адна з іх. Яны гонар і слава любой вёскі. Многія гады свайго жыцця Марыя Марціновіч прысвяціла прафесіі тэхніка-асеменатара. Добрасумленна выконваючы свае абавязкі, з’яўляючыся прыкладам для маладых работнікаў і апорай для калег, Марыя Аляксееўна набыла заслужаную павагу аднавяскоўцаў, таму ў дзень свята ёй была ўручана Падзяка сельсавета і памятны падарунак.

Расце вёска, развіваецца; дзіцячы смех чуецца ўсё гучней, усё весялей. У дзень святкавання юбілею вёскі педагогі разам з дзеткамі падрыхтавалі выставу «Мы памятаем», дзе прадстаўлены вырабы «Свечка памяці», «Вечны агонь», «Абеліск памяці загінулым салдатам», альбом памяці «Успомнім усіх пайменна», у якім размешчаны фотаздымкі ветэранаў-землякоў. Выставу ўпрыгожылі і фатаграфіі выхаванцаў, прадметна-развіццёвага асяроддзя груп і тэрыторыі, дзіцячыя малюнкі, на якіх дашкольнікі адлюстравалі родную вёску. А ў святочнай зале педагогі арганізавалі фотазону з прадметамі старадаўняга хатняга інтэр’еру, якая зацікавіла гасцей сваёй самабытнасцю і каларытным афармленнем.

Словы падзякі за самаадданую працу гучалі ў адрас работнікаў дзіцячага сада і школы, якія сваім прыкладам нат­хняюць на слаўныя справы. Загадчык Бабраняцкім ясліямi-садам Алена Францэвіч адзначыла Падзякамі выхавальніка Алену Аксёнаву і памочніка выхавальніка Алену Куськала. Выхаванцы дзіцячага садка Яраслаў Фе­шчанка, Маіна Палуян і Аляксандр Грамовіч падарылі гледачам танец «Першаклашкі». Гэты нумар быў вельмі сімвалічны для дзяцей – яны пакідаюць свой любімы дзіцячы садок і ўжо ў верасні ганарліва і ўрачыста ўпершыню ў сваім жыцці перасту­пяць школьны парог. Таксама ў год святкавання 150-годдзя роднай вёскі са школай развіталіся Аксана Кукса і Лізавета Мінчык. Прыгожыя і чароўныя, юныя і адначасова такія дарослыя, дзяўчаты прымалі віншаванні з пачаткам новага этапа ў іх жыцці. Загадчык Бабраняцкім сельскім домам культуры Вольга Бобр шчыра павіншавала дзяўчат з гэтай адметнай падзеяй у іх жыцці і ўручыла медалі «Выпускнік-2022».

Салісты Настасся Булаўка, Арсеній Кавальчук, Сафія Багдановіч, Яніна Дармель, ансамбль народнай песні «Рэчанька» Бабраняцкага сельскага дома культуры, гурт «Славяне» Палаца культуры «Будаўнік» і вакальны ансамбль «Івушка» Козенскага сельскага дома культуры парадавалі прысутных шматжанравай святочнай праграмай з песнямi, вершамi, танцамi.

Для маленькіх жыхароў вёскі была арганізавана асобная святочная частка: вялікую радасць дзеткам даставілі атракцыёны. Працавалі выязны гандаль, майстры-рамеснікі. Работнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў і людзей сталага ўзросту тэрытарыяльнага цэнт­ра сацыяльнага абслугоўвання насель­ніцтва Мазырскага раёна прадставілі вяскоўцам выставу вырабаў ручной творчасці сваіх падапечных. Свята атрымалася на славу!

Жыхары вёскі выказваюць асаблівыя словы падзякі Козенскаму сельскаму Савету, эксбазе «Крынічная», Мазырскаму раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці за такі выдатны падарунак, які сабраў усіх разам і падарыў добры настрой, яркія эмоцыі і незабыўнае ўражанне.

Шчыра хочацца пажадаць, каб адносіны вяскоўцаў у такім маляўнічым населеным пункце былі толькі добрасуседскімі, каб усе непаразуменні вырашаліся толькі мірным шляхам, каб кожная раніца была бясхмарная, дзень – добрым, вечар – прыемным, а ноч – спакойнай! Хай свята вёскі стане добрай традыцыяй і кожны год будзе збіраць вяскоўцаў разам.

 

Для звестак

Вёска Бабраняты вядома з сярэдзіны XIX стагоддзя. Спачатку гэта быў хутар мазырскіх мяшчан-землеўладальнікаў. У «Апісанні цэркваў і прыходаў Мазырскага павета Мінскай епархіі» за 1879 г. у прыпісаных да прыходу Мазырскага Свята-Міхайлаўскага сабора населеных пунк­тах значыцца і хутар Бабраняты з некалькімі дамамі.

Наконт паходжання назвы існуе такое меркаванне: у яго аснове – слова «бобр», аднак, магчыма, вытворная ад прозвішчаў Баброўнік, Баброўнічы, Бабранок… Людзей з прозвішчамі ў корані «Бобр» у ваколіцах населенага пункта Мазыршчыны нямала. Старажылы распавядаюць, што яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя існавала побач з хутарам Бабраняты возера, густа зарослае вярбой і лазой, дзе вадзілася розная жыўнасць, у тым ліку і бабры.

 

Вольга ЛАСУТА.

Фота аўтара.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: