Больш за 40 гадоў прысвяцiў працы ў галiне энергетыкi мазыранін Уладзiмiр Гашынскi

Мы жывем на Палессі – цудоўным краі лясоў і лугоў, рэк і вадаёмаў, дзе прырода зачароўвае сваёй некранутасцю і таямнічасцю, дзе кожны куточак дыхае гістарычным мінулым. А колькі знакамітых людзей нарадзілася на гэтай зямлі, якіх натхняла Палессе на добрыя справы, а яны ў сваю чаргу ўслаўлялі край сваёй гераічнасцю, творчасцю і працавітасцю!


Немалую ролю адыграла Палессе і ў жыцці героя гэтага праекта Уладзіміра Пятровіча Гашынскага, які прысвяціў дзейнасці ў энергасістэме Беларусі і непасрэдна ў філіяле «Мазырскія электрасеткі» рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельэнерга» 42 гады, больш за 30 з якіх – на пасадзе кіраўніка. Кожны па-свойму ўслаўляе тое месца, дзе яму выпала спасцігнуць цяжкасці
і прыгажосць жыцця, а таксама існасць самога сябе…

«Усёй сваёй будучыняй я абавязаны маці…»

Калі ўжо гаварыць пра цяжкасці, то яны суправаджалі нашага героя амаль з самага пачатку жыцця. Нарадзіўся Уладзімір Пятровіч 4 красавіка 1941 года ў вёсцы Рудня Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і калгаснікаў.

Бацька ў 1942-м годзе загінуў на фронце. Добра, што маці, як толькі пачалася акупацыя Палесся, з маленькім сынам знайшла прытулак на сваёй радзіме ў іншай вобласці. Калі б не такі паварот, то і не было б ніякага працягу жыцця. Фашысцкія карнікі падчас акупацыі Акцябрскага раёна знішчылі 13 вёсак разам з жыхарамі, у ліку якіх была і Рудня. Пасля вайны Марыя Адамаўна вярнулася на акцябршчыну разам з маленькім сынам.

– Жылі ў зямлянцы, а потым у хаціне, якую часова адбудаваў дзед. Там і прайшло маё дзяцінства. Маці штодня працавала ў калгасе. Радаваўся аладкам, якія яна гатавала з перамерзлай бульбы, – расказвае Уладзімір Пятровіч. – І ўжо тады, гледзячы на ўсе цяжкасці, я з усёй сілы стараўся ёй дапамагчы. З дзяцінства марыў і пра тое, што, калі вырасту, то мая маці будзе самай шчаслівай жанчынай. Адным словам, і жыццём, і будучыняй я абавязаны сваёй маці. Яна для мяне святая жанчына!..

На жаль, не ўсё складвалася так, як хацелася. Хаця Валодзя добра вучыўся, хвароба маці не дазволіла яму паступіць своечасова ў інстытут па абранай спецыяльнасці. Цэлы год ён працаваў лабарантам у мясцовай школе і даглядаў матулю. Калі Марыя Адамаўна акрыяла, падаўся ў сталіцу і паступіў у інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Яшчэ калі быў школьнікам, марыў, як будзе ўдзельнічаць у адбудоўванні і электрыфікацыі Палесся. Маці падтрымлівала сына ва ўсіх яго пачынаннях. Ён жа ў сваю чаргу стараўся апраўдваць яе надзеі і па вучобе быў заўсёды ў ліку першых. Добра разумеў, што ў энергетыцы ўсё павінна быць альбо на «выдатна», альбо «табе тут не месца». Таму што гэта тая галіна, якая памылак не даруе. Пасля абароны дыплома ў студэнта-выдатніка Уладзіміра Гашынскага быў шырокі выбар для размеркавання, але ж ён абраў РУП «Гомельэнерга». А калі ўпраўленне накіравала яго ў Мазыр, то адчуваў сябе шчаслівым, таму што хацеў працаваць менавіта ў гэтым горадзе над Прыпяццю, які яшчэ ў юнацтве здзіўляў яго сваёй прыгажосцю і ландшафтамі.

«Шмат дарог перамералі мае ногі…»

Па прыездзе на прыпяцкае Палессе ў 1964 годзе малады спецыяліст Уладзімір Гашынскі быў прызначаны майстрам службы размеркавальных сетак Мазырскага РЭС. А літаральна праз год ён стаў начальнікам вытворчай службы. Ва ўзросце 28 гадоў – галоўным інжынерам прадпрыемства, а ў 32 – яго кіраўніком. Нёс адказнасць за забеспячэнне электраэнергіяй спажыўцоў у 8 РЭСах палесскага рэгіёна.

– На гэтай пасадзе я працаваў больш за 30 гадоў, – расказвае Уладзімір Пятровіч. – Гэта быў цікавы, а разам з тым напружаны час. У рэспубліцы тады ішла маштабная электрыфікацыя. Штогод уводзіліся па дзве тысячы кіламетраў сетак рознага ўзроўню. Іх абслугоўванне патрабавала ад энергетыкаў вынослівасці, прафесіяналізму і ўмення аналізаваць сітуацыю. Нярэдка даводзілася працаваць па начах і ў кругласутачным рэжыме для забеспячэння электраэнергіяй спажыўцоў розных сфер.

Чорнай плямай у гісторыі энергетыкі краіны і Палескага рэгіёна асабіста стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Пасля выбуху на атамнай станцыі была страчана лінія 330 кВ «Чарнобыль–Мазыр», якая забяспечвала працу ўсёй прамысловай зоны. Для прыпяцкага Палесся гэта стварыла дадатковыя цяжкасці. Энергетыкам неабходна было вырашыць важную стратэгічную задачу: у сціснутыя тэрміны адбудаваць новыя лініі электраперадачы.

– У прыватнасці, для электразабеспячэння Палескага рэгіёна ўсяго за паўгода была ўведзена ў эксплуатацыю лінія 330 кВ «Калійная–Мазыр», – дзеліцца ўспамінамі Уладзімір Гашынскі. – У эксплуатацыю былі запушчаны 193 кіламетры ліній электраперадачы да лістапада – зімовага максімуму. Такім чынам, мы выратавалі Палессе. У адваротным выпадку ключавым прадпрыемствам рэгіёну – Мазырскаму НПЗ, солевыварачнаму камбінату, заводу кармавых дрожджаў і іншым спажыўцам – давялося б запітвацца ад адной крыніцы, што было немагчыма. Шмат дарог перамералі мае ногі ў тыя дні, калі краіна змагалася з наступствамі аварыі на ЧАЭС. Мазырскі РЭС нёс асабістую адказнасць за электрыфікацыю Нараўлянскага раёна, дзе дазіметры проста «зашкальвалі». З усімі задачамі энергетыкі спраўляліся на высокім прафесійным узроўні, а вось радыяцыя не шкадавала іх здароўе. Многія заўчасна пайшлі з жыцця.

Не тыдні, а нават цэлых 6 месяцаў давялося правесці на бальнічных ложках і Уладзіміру Пятровічу, які не спадзяваўся на лепшае.

– Ці то нейкая асобная загартаванасць і прага да жыцця дапамагла мне ў той час пераадолець цяжкае захворванне, ці то заслужыў я ў Бога бласлаўлення сваёй працавітасцю, – гаворыць ветэран. – А можа тое, што я яшчэ не да канца выканаў сваё прызначэнне на зямлі як энергетык і кіраўнік, як чалавек, як бацька, сем’янін… Недарэмна ж кажуць: «Шмат задум ёсць у сэрцы ў чалавека, але здарыцца толькі тое, што наканавана Госпадам».

«За справядлівыя адносiны»

Філіялу «Мазырскія электрычныя сеткі» Уладзімір Гашынскі прысвяціў 42 гады. Заўсёды цаніў і разумеў супрацоўнікаў прадпрыемства, даражыў іх прафесійнымі здольнасцямі, да кожнага чалавека знаходзіў індывідуальны падыход. Да выхаду на пенсію яшчэ на працягу некалькіх гадоў працаваў намеснікам дырэктара па агульных пытаннях і справе аддаваў сябе цалкам.

– Сёння, перабіраючы ў памяці сваю працоўную біяграфію, я ўпэўнены, што для энергасістэмы краіны і рэгіёна зрабіў усё, на што быў здольны, – адзначае Уладзімір Пятровіч. – Я ніколі не ўступаў у здзелку з хлуснёй альбо подласцю: усяго дабіваўся сваёй працай. Заўсёды цаніў у людзях шчырасць і справядлівасць. Верагодна таму вакол мяне пастаянна было шмат добрых і прыстойных людзей, якія адрознівалі гэтыя асабістыя рысы. Што тычыцца бацькоўскіх абавязкаў і якасцяў, то, па-мойму, сваё прызначэнне я таксама выканаў спаўна. У мяне сын і дзве дачкі, трое ўнукаў, чацвёра праўнукаў. І вельмі важна, што многія з іх сёння працягваюць маю справу ў энергетыцы, стварыўшы цэлую дынастыю. Лічу, што дынастыя – гэта імя, гэта імідж тваёй сям’і, яе сцяг. Калі дзеці імкнуцца быць падобнымі на бацькоў – значыць яны бяруць ад іх усё самае каштоўнае, каб развіваць, паляпшаць, удасканальваць і прымнажаць гэты багаж, перадаючы яго з пакалення ў пакаленне. У філіяле «Мазырскія электрасеткі» сёння працуюць прадстаўнікі трох пакаленняў Гашынскіх. Мая мара, акрамя прафесійных дасягненняў, яшчэ заключалася ў тым, каб дзеці не толькi ганарыліся нашымi дасягненнямі, а былі лепшымі за нас. Таму рэалізацыя гэтай мары заключалася ў тым, каб вырасцiць дзяцей i перадаць iм справу свайго жыцця.

Агульны ўклад у энергетыку сям’і Гашынскіх – каля 150 гадоў: дарэчы, усе дзеці Уладзiмiра Пятровiча маюць па тры адукацыі – па адной сярэдне-спецыяльнай і па дзве вышэйшых. Сын Віктар больш за 30 гадоў працуе начальнікам службы механізацыі і транспарту. Спецыялістам па кадрах аддзела кадраў і сацыяльнай работы на працягу 28 гадоў працуе дачка Алена. Каля 20 гадоў эканамістам аддзела забеспячэння працуе дачка Марына. Амаль чвэрць стагоддзя аддала працы ў службе механізацыі і транспарту нявестка Людміла. Унук Уладзімір мае профільную адукацыю – працуе інжынерам-майстрам у службе ізаляцыі.

Шмат узнагарод на ліку Уладзіміра Пятровіча за шматгадовую сумленную працу і прафесіяналізм, але ж дзеці і ўнукі, па яго словах, найвышэйшая ўзнагарода, якую ён лічыць сэнсам усяго свайго жыцця. Трэба адзначыць, што і перад матуляй ён спаўна выканаў сыноўні доўг: Марыя Адамаўна адчувала сябе шчаслівай жанчынай у сям’і сына, няньчыла ўнукаў і нават дачакалася праўнукаў. Памерла яна на 81-м годзе жыцця. Вельмі ўдзячны ветэран і сваёй жонцы Ірыне Мікалаеўне, якая падаравала яму траіх дзяцей, але ж хвароба не дазволіла ім толькі тры гады дацягнуць да залатога вяселля. А без яе вось ўжо 10 гадоў ён як птушка без аднаго крыла…

– Мы ўсе на зямлі госці, – падкрэслівае Уладзімір Гашынскі. – Мы прыйшлі пагасціць. І якую б ты пасаду не займаў, заўсёды будзь чалавекам. А калі можаш, то дапамажы бліжняму. Рабі гэта з павагай і бескарыслівасцю. Нездарма ж кажуць: «Стаўся да людзей так, як хацеў бы, каб ставіліся да цябе»…

Вельмі радуе Уладзіміра Пятровіча тое, якіх вышынь у сваім развіцці сёння дасягнула энергетыка краіны і асабіста РУП «Гомельэнерга», якое днямі адзначыла 60-годдзе, дзе галоўнае месца адводзіцца мадэрнізацыі і прафесіяналізму маладых кадраў, якія прыходзяць на змену ім, ветэранам. Значыць, ёсць каму працягваць справу: энергетыка ў надзейных руках!

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фота аўтара.