102-ю гадавіну з дня нараджэння нашага земляка, народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, адзначылі сёння ў педагагічным універсітэце

183

Літаратурная гасцёўня філалагічнага факультэта сабрала ў бібліятэцы тых, хто цікавіцца творчасцю і шануе гісторыю, каб павіншаваць з днём нараджэння Івана Пятровіча Шамякіна.

У панядзелак, 30 студзеня, споўнілася 102 гады, як на тэрыторыі Гомельскай вобласці нарадзіўся народны пісьменнік. Адказны за арганізацыю выхаваўчай работы на філалагічным факультэце, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай філалогіі Ірына Судзібор арганізавала інфармацыйна-літаратурны праект, прысвечаны гэтай тэме, пад назвай «Сёння табе гонар і пашана». Студэнты, выкладчыкі, госці ўніверсітэта сабраліся разам і ўспомнілі творчасць і жыццёвую мудрасць Івана Шамякіна – народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных і Літаратурных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь, Ганаровага акадэміка НАН Беларусі, класіка нацыянальнай літаратуры, Героя Сацыялістычнай працы, грамадскага дзеяча, вучонага, педагога.


Ірына Леанідаўна расказвае: «Імя і дзейнасць нашага земляка сталі сімваламі сумленнасці, добразычлівасці, увасабленнем самаахвярнай і шчодрай літаратурнай творчасці, ідэалам грамадзянскага служэння Радзіме. Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт з гонарам носіць імя Івана Пятровіча Шамякіна. Гэта лёсавызначальнае Гасподняе наканаванне за нястомную працу вялікага сына Палесся, за яго вялікі ўклад у скарбніцу беларускай і сусветнай літаратуры. Нашы студэнты любяць і шануюць творчасць Івана Шамякіна. Праводзяцца Шамякінскія чытанні, дыспуты, семінары, канферэнцыі, прысвечаныя вывучэнню мастацкіх набыткаў майстра нацыянальнай літаратуры. Наладжваюцца творчыя сустрэчы студэнцкай моладзі з роднымі пісьменніка і людзьмі, якія асабіста яго ведалі».


Багатую спадчыну нам пакінуў пісьменнік. У яго творах амаль 60-гадовая гісторыя нашай краіны. Яго раманамі і аповесцямі зачытваецца не адно пакаленне беларусаў. Уся творчасць прасякнута гуманізмам, клопатам пра чалавека і шчырай верай у яго будучыню. Студэнты ўніверсітэта сапраўды ганарацца пісьменнікам, тым больш што ён для многіх – зямляк.

Калі вядучыя запрасілі прысутных прыняць удзел у літаратурным праекце «Іван Шамякін: чытаем разам!», то адразу знайшлося шмат жадаючых: студэнты душэўна прачыталі ўласна выбраныя ўрыўкі з вядомых твораў. Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што Іван Пятровіч Шамякін застанецца ў памяці нашчадкаў мужным, мудрым рыцарам роднай літаратуры, яскравым прыкладам плённага ўвасаблення таленту, дараванага Богам.

Наталля КАНДРУСЕВІЧ. Фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: