Любоў і павагу да беларускай мовы і традыцый прывіваюць у дзіцячым садзе № 31

164

«Беларускія гасцёўні – брэнд нашага саду, – расказвае выхавальнік старэйшай групы Алена Канопліч. – Яны ўяўляюць сабой вячоркі. Як былі калісьці ў нашых бабуль: зімовымі вечарамі для сумеснай працы ці адпачынку збіралася моладзь у адным з дамоў і разам праводзіла час. Сёння на такія сустречы збіраюцца дзеці адной з груп. Мы разам успамінаем гульні і абрады Палесся, інфармацыю бярэм з розных крыніц. Дажынкі, Каляды, Вербная нядзеля, Вялікдзень, Дзень Перамогі – гэта наша гісторыя, культура, традыцыі, якія трэба памятаць і шанаваць».

Выхавальнікі ДУА «Дзіцячы сад № 31 г. Мазыра» рыхтуюць цікавы сцэнарый, запрашаюць гасцей і ствараюць для выхаванцаў сапраўдную казку на роднай беларускай мове. Так, зусім нядаўна ў дзіцячым садзе прайшла творчая сустрэча, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы і 200-годдзю гармоні. Да прысутных завітала на свята Лявоніха, якая грала на губной гармоні і пазнаёміла дзяцей і дарослых з гэтым цудоўным народным музычным інструментам. А паважаным госцем вячорак стаў Уладзімір Леанідавіч Гурын – выдатны гарманіст і спявак. Ён распавёў дзецям пра беларускіх майстроў-гарманістаў, пра гісторыю гармоні і ўласную творчасць. Усім прысутным вельмі спадабалася такое падарожжа ў мінулае і традыцыі.

«Мы шчыра дзякавалі Уладзіміру Леанідавічу, што прыйшоў да нас у садок і распавёў цікавую гісторыю пра гармонік і паказаў гучанне старадаўняга інструмента, – падзялілася агульнымі ўражаннямі выхавальнік старэйшай групы Алена Канопліч. – Мы вельмі стараемся, каб дзеткі дружна жылі, хутка раслі і любілі свой край за тое, што ён самы мілейшы і даражэйшы. І каб ведалі, як многа таленавітых людзей жыве на беларускай зямлі».

Наталля КАНДРУСЕВІЧ. Фота прадаставіў сад.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: