Больш за 40 гадоў аддаў Мазырскаму педагагічнаму інстытуту Анатоль Малюк

155

З нагоды 85-годдзя выдатніка народнай адукацыі БССР, паэта, мовазнаўцы і педагога Анатоля МАЛЮКА (Антон Казіміравіч).

Прадстаўляем субяседніка: Анатоль Малюк – паэт, мовазнаўца, педагог. Больш за 40 гадоў аддаў Мазырскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту: асістэнт кафедры беларускай мовы, старшы выкладчык, аспірант Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства.

Усё лепшае – ад бацькоў

Нарадзіўся Антон Малюк у 1938 годзе ў невялікай вёсачцы Кудаюнцы (Воранаўскi раён), якой зараз нават няма на карце Гродзеншчыны, у дзень вясенняга раўнадзенства ў сям’і Казіміра Вікенцьевіча і Веранікі Іосіфаўны. Антон быў трэцім сярод шасцярых дзяцей. Але ж аб гэтым крыху пазней.

Яго бацька да жаніцьбы доўгі час працаваў парабкам у пана Раманоўскага. Накапіў грошай, за якія ў таго ж пана купіў 20 гектараў зямлі і 2 гектары сенажаці. Зямля была няўдалая, таму бацьку, каб
звіць сваё гняздо, прыйшлося выкарчоўваць пні і ператвараць няўдобіцу ў прыдатную глебу для пасеву сельскагаспадарчых культур. Калі ўжо мелася месца і была перавезена туды хата, хлопцу патрэбна было шукаць гаспадыню. Была такая на прыкмеце. Казімір аднойчы на фэсце ў мястэчку Нача прыгледзеў прыгожую дзяўчыну Вераніку. А калі прыехаў у сваты, то трапіў ужо на яе вяселле. Але ж не разгубіўся, выкраў маладую з-пад носа жаніха, прыкрыўшы таго ў гумне, і прымчаў яе на двух вараных з Літвы на польскую тэрыторыю (тады граніца паміж Польшчай і Літвой лічылася чыста фармальнай)… Прыкладна праз 17–18 гадоў у Малюкоў сфарміравалася добрая шматдзетная сям’я: спачатку нарадзілася дачка Казіміра, за ёй – сыны Станіслаў і Антон, а потым яшчэ тры дачушкі – Данута, Яніна і Марыя.

Ад бацькі сыны вучыліся мужчынскім справам па гаспадарцы і ў полі. Рана хлопцы навучыліся трымаць касу ў руках, складваць копы і вяршыць стагі. Дзяўчаткам жа ўсе жаночыя сакрэты і талент перадаваліся ад маці. І не толькі ім… Вераніка Іосіфаўна кіравала ўсім парадкам у сям’і: яна была і дбайным «эканамістам», і гаспадыняй, і «дыпламатам», умела спраўна прасці, ткала цудоўныя дываны, посцілкі, абрусы, ручнікі, палатно…. На той час яна лічылася адукаваным чалавекам, таму што ведала шмат мастацкіх твораў на памяць. Доўгімі зімовымі вечарамі расказвала дзецям казкі, цытавала прыказкі, якія вучылі жыццёвай мудрасці, любіла спяваць, добра валодала рускай, беларускай, польскай і літоўскай мовамі. Відавочна, гэта ўсё паўплывала на фарміраванне светапогляду сына Антося, таму што ўжо ў першым класе ён пачаў нешта пісаць, рыфмаваць…

Воранаўскія ўніверсітэты

Калі скончылася вайна, Антону было сем гадоў. У дзіцячай памяці засталіся трывожныя ўспаміны аб жудасным ліхалецці, якое давялося перажыць разам з дарослымі.

«Вайна цяжкім камянём засталася ў маім сэрцы, – успамінае Антон Казіміравіч. – Гула і стагнала зямля, плакала бясслёзна неба!» Толькі ў 9-гадовым узросце Антон Малюк пераступіў парог Некрашунскай пачатковай школы. Пасля экзаменаў за 4 класы, якія Антон здаў на «выдатна», ён меў магчымасць працягваць вучобу ў сямігодцы ў вёсцы Нача. На той час сямігодка лічылася сур’ёзнай адукацыяй. Тых, хто меў за плячыма 7 класаў адукацыі, ахвотней прымалі на работу. Потым заставалася пераадолець і трэцюю ступень, каб закончыць 10 класаў. Гэта зрабіць было няпроста, таму што школа знаходзілася за 8 кіламетраў ад вёскі. Але ж прага да ведаў і вялікая мара атрымаць сярэднюю адукацыю дапамаглі Антону ўзяць і гэтую вышыню. Пасля атрымання атэстата ён не супакоіўся, а думаў, куды пайсці далей, каб набыць такую прафесію, якая б кожны дзень дастаўляла асалоду і наталяла сэрца.

Кiм быць: настаўнікам альбо рахункаводам?

Пасля школы, не трацячы марна часу, Антон 11 месяцаў адпрацаваў у сельсавеце рахункаводам-касірам, збіраў ад насельніцтва розныя падаткі.

Гледзячы на акуратнасць вядзення дакументаў і ўменне граматна весці ўлік матэрыяльных сродкаў, гродзенскія рэвізоры настойліва раілі яму паступаць у фінансавую ўстанову. Антон разумеў, што такая прафесія магла даць яму магчымасць зарабіць грошы, але ж не задаволіць душу. Нікога не слухаючы, ён пайшоў сваім шляхам: падаў дакументы ў Гродзенскі педінстытут (зараз педуніверсітэт) імя Янкі Купалы на гісторыка-філалагічны факультэт. Але ж у Гродне ён правучыўся толькі адзін курс, а потым адслужыў у войску, ажаніўся і па сямейных абставінах перавёўся ў Мазырскі дзяржаўны педінстытут імя Н. К. Крупскай.

Педагагічная дзейнасць

Пасля заканчэння Мазырскага педінстытута Антон Малюк два гады працаваў дырэктарам Глініцкай васьмігадовай школы. Наладзіўшы добрую работу ва ўстанове, быў рэкамендаваны ў педінстытут на пасаду выкладчыка сучаснай беларускай мовы, стылістыкі, лінгвістычнага аналізу мастацкага тэксту.

Тут перад ім адкрыўся новы абсяг жыцця, грамадскай, педагагічнай і творчай дзейнасці. Прайшоўшы ўсе пасады кар’ернага росту ад асістэнта да старэйшага выкладчыка, з’явілася неабходнасць вучобы ў аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі, што дазволіла стаць дацэнтам. На працягу дзесяці гадоў ён узначальваў кафедру беларускага мовазнаўства. Будучы ў складзе савета па абароне кандыдацкіх дысертацый у Гомельскім універсітэце імя Ф. Скарыны, неаднаразова выступаў у якасці эксперта і рэцэнзента кандыдацкіх дысертацый, вучэбных і метадычных дапаможнікаў. Колькі за гэты час было прачытана лекцый, праведзена практычных і семінарскіх заняткаў для будучых філолагаў! А ўвогуле Антон Казіміравіч педагагічнай дзейнасці прысвяціў 43 гады.

Для многіх выпускнікоў МДПУ, якія сёння займаюць пасады кіраўнікоў устаноў адукацыі не толькі нашага горада Мазыра, а і на цэлым бязмежжы Беларусі, Антон Малюк застаецца нязменным кумірам, які прывіў моцную любоў да высакароднай прафесіі, які накіроўваў сілы на падрыхтоўку высакаякасных педагагічных кадраў рэспублікі. Дарэчы, многія з іх, як і Ларыса Папкова – начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама, а таксама Міхаіл Ранчынскі – дырэктар гімназіі імя Янкі Купалы, лічаць Мазырскі педінстытут сваёй альмаматэр, а Антона Малюка – Педагогам з вялікай літары, які не проста даваў веды, а ўкладваў у беларускае слова цеплыню сваёй душы.

Творчы ўмалот

За перыяд работы ў Мазырскім педагагічным універсітэце Антон Казіміравіч падрыхтаваў і надрукаваў мноства артыкулаў, тэзісаў у розных часопісах і зборніках.

Выдаў два навукова-даследчыя зборнікі: у сааўтарстве з дацэнтам І. М. Кучуком – «Дыялектны слоўнік Лельчыцкага раёна», а з прафесарам У. В. Анічэнкам – «Слоўнік народных прыкмет». Яго вершы друкаваліся ў вядомых рэспубліканскіх газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Звязда», «Знамя юности», часопісах «Маладосць», «Беларусь», «Бярозка», «Вясёлка», а таксама ў альманахах і калектыўных зборніках «Палескія перазвоны», «Ты, Мазыр, – мой Парнас», «Сонца над буслянкай», «Прыпяцкія хвалі», «Мазыр літаратурны», «Спелы ранак», «Дзень паэзіі», «Паэтычная Гомельшчына», у юбілейных альбомах і буклетных выданнях. Некаторыя вершы Анатоля Малюка перакладзены на ўкраінскую і нямецкую мовы. Паэт неаднаразова быў удзельнікам творчых семінараў, якія праводзіліся Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР, знакам «Выдатнік народнай адукацыі», медалём «Ветэран працы». З 2011 года – на заслужаным адпачынку. За гэты час убачылі свет зборнікі вершаў «Дабравесце», «Матылёк і Сонейка» для дзяцей. На вершы Анатоля Малюка мясцовыя кампазітары пішуць музыку, а спевакі выконваюць песні…

Зараз Анатоль Казіміравіч рыхтуе да друку зборнікі вершаў «Чаромхавыя зімы» і «Снегавічок», цесна супрацоўнічае і з раённай газетай «Жыццё Палесся», якая знаёміць чытачоў з яго вершамі, з’яўляецца пачэсным госцем у бібліятэках і ва ўстановах адукацыі, дзе выступае перад школьнікамі і студэнтамі. На думку паэта, гэта робіцца дзеля таго, каб моладзь шанавала сваю Радзіму і беларускую мову, таму што «родная мова – матчына слова».

Жыццёвыя арыенціры

Нягледзячы на тое, што Антон Казіміравіч Малюк нарадзіўся і вырас на Гродзеншчыне, большая частка яго жыцця прайшла тут, у горадзе над Прыпяццю.

У Мазыры выраслі яго дачка і сын, нарадзілася пяцёра ўнукаў і 7 праўнукаў. З жонкай Нінай Гардзееўнай, якой, на жаль, нядаўна не стала, пражыў 64 гады. Такім чынам, як кажуць, сэрцам і душой прырос чалавек да гэтага краю, ухапіўся моцна карэннем за яго зямлю, і таму Мазыршчыну па праву лічыць сваёй другой радзімай. Менавіта палескай зямлі і непасрэдна Мазыру, нашым краявідам і цудоўнай прыродзе ён прысвячае свае паэтычныя радкі. Клопатам і трывогай пра сённяшні і заўтрашні дзень Палесся, а таксама пачуццём гонару напоўнены яго шматлікія вершы, дзе гучаць словы ўдзячнасці і падзякі жыхарам, як вось і ў гэтым:

«…Нізкі паклон табе, любы мой краю, // Хай будуць заручаны шчасце і мір. // Люблю я цябе і цябе абдымаю, // Сталіца палескага краю – Мазыр!» //.

А вось яшчэ паэтычныя радкі са зборніка «Дабравесце»:

«Рамонкавы край беластрунных бяроз, // Сялянскія мілыя хаты: // Зямля маіх продкаў – // Мой гонар і лёс, // І звонкая мова, якой я багаты».

«Роднае слова – // Маланак аснова // І сіняга лёну // Някідкі ўток. // Яно, як крыніца, // Што вечна бруіцца, // Бярэ з нашых сэрцаў // Свой чысты выток. // Яно ашчаслівіць, // Калі нешчаслівы, // І раны загоіць, // Пазбавіць ад мук… // О роднае слова – // Званочак Радзімы, // Зямлі беларускай // Мой спеўны жаўрук!».

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фотаздымак аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: