Наталлі Прус, жыхарцы Мазырскага раёна, як носьбіту фальклору Палесся, уручылі Ганаровую грамату

140

Нашы зямлячкі Наталля Прус і Таццяна Чубчык прынялі ўдзел у III Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі, які адбыўсянапрыканцы мая ў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.


Форум сабраў шмат навукоўцаў і носьбітаў фальклору Беларусі, а таксама з Расіі і іншых краін. Зусім невыпадкова туды былі запрошаны і нашы мазыранкі.Таму што матэрыялы Наталлі Васільеўны, як носьбіта культуры палешукоў, яшчэ ў 2012–2013 гадах увайшлі ў першую і другую кнігу шостага тома «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў», прысвечанага рэгіёну Гомельскага Палесся і Падняпроўя. Так, у першую кнігу двухтомніка ўвайшлі матэрыялы, якія даюць уяўленне аб сучасным стане такіх асноўных відаў мясцовай традыцыйнай культуры, як каляндарныя і сямейныя звычаі і абрады, песенны і інструментальны фальклор, а ў другой – знайшлі належнае месца матэрыялы, якія даюць уяўленне аб музычным і танцавальным фальклоры, народных гульнях, мясцовай прозе, малых фальклорных жанрах, замовах, традыцыйным адзенні палешукоў і стварэнні народнага тэкстылю.

І на гэты раз Наталля Прус, як носьбіт фальклору з вёскі Прудок, сакавіта, з артыстычнай іскрай народнага гумару, прадставіла ўдзельнікам форуму казкі і легенды Мазырскага Палесся. Выступленне нашай зямлячкі было адзначана Ганаровай граматай, якую разам з каштоўным падарункам за асабісты ўклад у справу захавання і папулярызацыі фальклорнай спадчыны беларусаў і ўнікальны талент апавядальніка ёй уручыў дырэктар Цэнтра акадэмік НАН Беларусі, доктар гістарычных навук і доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Лакотка. Віншуем!

Наталля КОНОПЛІЧ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: