Сёння мы прапануем вашай увазе знаёмства з самабытнай творчасцю мазыранкі Вольгі Аляксееўны Андрусевіч

128

Вольга Андрусевіч нарадзілася ў 1944 годзе ў вёсцы Лясец Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1966 годзе закончыла Жыліцкі саўгас-тэхнікум (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці), потым – Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.


Працавала аграномам-семенаводам у абласной луга-семенаводчай станцыі, саўгасе «Дудзічы», Палескай доследнай станцыі Калінкавіцкага раёна. Да выхаду на заслужаны адпачынак – у калектыве Дзяржсемінспекцыі г. Мазыра.

Сябраваць з паэтычным словам Вольга Аляксееўна пачала яшчэ ў школьным узросце. Гэтаму паспрыяла дзівосная прырода роднага краю, а таксама тое, што ёй пашчасціла нарадзіцца ў сям’і працавітых і добрасумленных людзей. Творчыя радкі сталелі і з’яўляліся адлюстраваннем дзейнасці і развіцця. Яе вершы неаднаразова друкаваліся на старонках газеты «Жыццё Палесся», увайшлі ў калектыўны зборнік паэзіі мазырскіх паэтаў «Край непаўторны» да рэспубліканскага свята «Дажынкі» (2001 г.). У розны час убачылі свет і яе аўтарскія зборнікі: «Натхненне» (2013 г.), «З дабрынёй і любоўю» (2015 г.), «Вершы для дзяцей» і «У бацькоўскі дом» (2017 г.), «Васількі» (2018 г.). Тэматыка вершаў – любоў да Радзімы і сваёй сям’і, роднага горада і краіны. У творчасці самабытнай паэтэсы цесна пераплятаюцца духоўнасць і традыцыйнасць, талерантнасць і культура беларусаў, што яна пачарпнула, будучы ў складзе мастацкага калектыву «Паляшучка» Палаца культуры «Будаўнік». Гэта дазваляе ёй бачыць і адчуваць веліч жыцця ў яго непаўторнай прыгажосці і шматвобразнасці.

Прызнанне

Мая дарагая Радзіма,
З маленства табой ганарусь.
3 табой мае вёсны і зімы,
Ты ў сэрцы маім, Беларусь.

На гэтай зямлі я з дзяцінства
У любові жыла і расла.
Тут прырода з сэрцам ў адзінстве
Дарылі мне свет і святло.

Над полем і гаем ляцяць у вышыні
З далёкага выраю гусі.
І нават гучней пяюць салаўі,
На роднай маёй Беларусі.

Твой народ працавіты, руплівы,
Твая слава ўзлятае да зор.
Ганарыцца табой маю права –
Прыгажосцю нябёсаў, азёр…

Няма лепей старонкі на свеце,
Мір табе, беларускі народ.
Хай шчасліва жывуць нашы дзеці,
Багацее зямля з году ў год.

Мой край

Люблю цябе я, край палескі,
Твае дубравы і лясы,
Чаруюць путнікаў на ўзлесках
Напеўных птушак галасы.

Калі ідзеш ты ў задуменні,
Дзе Прыпяць слаўная цячэ,
То раптам сонечны струменьчык
Зайграе срэбрам на вадзе.

Навокал свежае паветра,
Дыханне лёгкае, спакой…
I нізка хіляцца тут вербы
Па-над чысцюткаю вадой.

Люблю я ў лузе сенажаці,
Ужо сена складзена ў стагі.
Духмяным хлебам пахне ў хаце,
Тут мой куточак дарагі.

Горад-казка

Цябе люблю, куточак родны,
Цудоўны мой мазырскі край.
Такі прыветны, беспадобны,
Чароўны, светлы, нібы рай!

Узняўся горад непаўторны
Па-над прыгожаю ракой,
Такі квяцісты і абзорны,
Што ў сэрцы радасць і спакой.

Тут салаўі выводзяць трэлі
Таленту ж ім не пазычаць.
У суправаджэнні іх арэлі
У парку не гойдаюцца, а ляцяць.

Народ жыве тут ветлы, працавіты,
Штогод ён шчыра славіць горад-сад.
Людзі розных нацый радасцю спавіты,
Уладараць згода, шчасце, лад…

Песень аб ім складзена нямала,
Тут ёсць шмат паэтаў, музыкантаў…
Творчасці ва ўсе часы хапала,
Нараджаюцца і новыя таланты.

Прыгажэй цябе няма на карце,
Не знойдзеце і не шукайце.
І замест мясцін чужаземных
На Мазыршчыну лепш завітайце!

Памятаць

Найлепшы дзень – Дзень Перамогі,
Не ўсе вярнуліся з дарогі,
А паляглі ў зямлі сырой,
Каб мы шчасліва раслі з табой.

Жаданы дзень – Дзень Перамогі,
Боль пякельны пранзаў рукі, ногі,
Вы ж стаялі да смяротнага канца
І да апошняга ў страі байца.

Нашы дарагія ветэраны,
Не загоіць час вашы раны.
Перад вамі нізка голавы схіляем
Днём дзявятым – Пераможным Маем.

Шчаслівы дзень – Дзень Перамогі,
Гэта найлепшае свята ад Бога.
Дзякуй вам вялікія, шаноўныя людзі,
Няхай жа нашчадкам мір вечна будзе!

Роздум

Ці шчаслівая я? Шчаслівая,
Мая родная вёска – мой рай.
Хоць вясной, хоць зімой сэрцу мілая,
Дарагі майму сэрцайку край.

Ці шчаслівая я? Шчаслівая,
Час ідзе: дзеці, унукі растуць.
Не бяда, што галава ўжо сівая,
Нібы коні дні шпарка бягуць.

Ці шчаслівая я? Шчаслівая,
Думкі-крылы растуць за спіной.
Я ўзнялася б, як птушка імклівая,
Над цудоўнай, бязмежнай зямлёй.

Сусед

Не чытае і не піша,
За нэтбукам не карпіць.
Гэта дачны сусед Міша
Знае, дзе што пасадзіць.

Агурочкі палівае,
Цыбулю поле і часнок,
Агарод свой даглядае,
Бегаючы, збіўся з ног.

Кветкі любіць садзіць Міша,
I лужайку ён стрыжэ.
Як жонка спіць, то ходзіць цішай.
Сон Тамарын беражэ.

Міша знае сваю справу,
Працаголік – пашукаць!
Умее смачна зварыць каву,
А на свята пагуляць.

Міша дзецьмі ганарыцца:
У яго дарослых два сыны.
Трэба ж, кажа, разарыцца,
Нявестак прывядуць яны.

Не адным днём чуцен грукат,
Ладзіць ён вароты, плот,
Каб і будучым унукам
Было ўтульна потым тут.

Вецер лісце не калыша,
Зямля хоча вады зноў.
Дачу вельмі любіць Міша,
Жонку, працу і сыноў.

Размiнулiся

Калісь мяне каханай называў
I надзейна пад руку трымаў.
Букеты кветак шчодрыя дарыў
І слоў пяшчотных многа гаварыў.

3 табой адзінай адчувала сябе я
І нібы на хвалях кахання плыла.
Назіралі з табой мы заход,
Сустракалі разам Новы год…

Думалася, што дарагою табе стала,
На спатканне бегла, у дождж чакала.
Да самай нітачкі прамокла я тады,
Ды толькі раптам заблудзіўся ты.

Цяпер я не твая і не чакаю
I долі сабе лепшай не жадаю.
А ты так і застаўся ў тумане тым,
Бо думаў, будзеш вечна маладым…

Я рамонак, а ты васiлёк

Маладымі з табою сустрэліся,
Лагодзіў твары летні вецярок.
Перад намі луг духмяны сцелецца –
Я рамонак, а ты васілёк.

Вечарамі ў зорнае неба
Мы ўглядаліся бы незнарок.
Лішніх слоў гаварыць і не трэба –
Я рамонак, а ты васілёк.

Зверху зоркі мільгалі, усміхаліся,
Нам спляталі свой зорны вянок.
3 той пары мы з табой пакахаліся –
Я рамонак, а ты васілёк.

Палявыя прыгожыя кветкі,
Знайшлі пару сваю незнарок.
Так і мы лёс звязалі навекі –
Я рамонак, а ты васілёк.

Ландышы

Я іх вясной табе прынёс
3 лугоў, калі зыйшлі снягі,
Празрыстыя жамчужыны расы
На тых лістках яшчэ былі.

Пачырванела ты ў той раз
I адыйшла на край дарогі.
Стаў песняй ціхай гэты час
Майго кахання і трывогі.

Няма ні ў чым маёй віны,
Чаго няма, таго і просяць.
І не крыўдуй, што сярод зімы
Табе тых кветак не прыносяць.

А ты ж кіўнула галавой,
Сказала проста і трывожна:
«Яны патрэбны мне зімой,
Вясной дарыць іх можа кожны».

Майская ранiца

Я сёння на досвітку ўстану,
Толькі пабялее небакрай.
Нашу грушу, нібы як смятанай,
Пабяліў нецярплівы май.

Будзе многа ў гэтым годзе хлеба,
Як узнагарода Боская за працу.
Месяц поўны пацвярджае гэта
I заглядваецца на наш двор і хату.

Напэўна ён на грушу задзівіўся,
Бо як нявеста ў белым вэлюме стаіць.
А раптам супыніўся і зардзеўся,
Хаця і ведаў – разам ім не быць.

Калі ў адносінах абман, то іх парушу,
Няма кахання – клятвы не давай.
Толькі праўда супакоіць душу,
Так як і прыроду аднаўляе май.

Вандроўка

Прама ў вочы сонца свеціць,
Машынай еду – пыл і спёка.
Абапал дарогі – свежы квецень,
Салоўка свішча недалёка.

Астаноўка. Сыходжу ненадоўга я,
Хачу да прыгажосці дакрануцца,
Паслухаць цуда-трэлі салаўя,
Каб з ліраю дамоў вярнуцца…

Вязу малюсенькі букецік
Жоўтых кветачак жывых:
У руках нібыта сонца свеціць,
I салавей пяе ў душы.

Настрой

Вясновае сонца, наўкол яркія кветкі,
Паўсюдна гуляюць з мамамі дзеткі.
I на душы ў мяне таксама вясна,
Таму што з сабой я яе прынясла.

Сэрца трапешча, а душа спявае,
Сёння добры настрой у мяне.
Зноў на «Элегіі» сяброў сустракаю,
Дзякуй лёсу, што яны ёсць у мяне.

Вакол мяне мае шаноўныя сябры,
Ва ўсіх святлеюць вочы ад вясны.
Душа хоча спяваць вясной,
Песня ж нясе надзею і спакой.

Падрыхтавала Наталля КАНОПЛIЧ.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: